Воскресенье, 19 апреля 2026

Прафесія вадзіцеля толькі для мужчын?

651

Іна Андрэеўна Жыеўская зламала гэты стэрэатып, які доўгі час успрымаўся як аксіёма. Яна працуе вадзіцелем аўтобуса ў ААТ «Ружаны-Агра». Адзіная такая ва ўсім раёне. Да гэтай прафесіі ў яе быў доўгі шлях. Муж і сын у Іны Жыеўскай — вадзіцелі, якія займаюцца грузаперавозкамі. Праз некаторы час жанчына вырашыла таксама пакруціць баранку. Да гэтага заахвоціў муж. Спачатку на пару з другой палавінкай калясіла на фуры, затым самастойна. Папярэдне атрымала адпаведныя вадзіцельскія катэгорыі. Затым некаторы час працавала прадаўцом у магазіне.

Але жанчыну вабіла дарога. Летам 2024 года яна звярнулася ў ААТ «Ружаны-Агра» з просьбай прыняць яе на работу вадзіцелем. Кіраўнік гаспадаркі Андрэй Іванавіч Босак прапанаваў адкрыць катэгорыю «D» і прыняць новы аўтобус. Іна Андрэеўна не доўга думала. Навучанне аплаціла гаспадарка. Зараз яна вадзіцель першага класа.

Іна Андрэеўна працягвае сямейную дынастыю. Бацька яе да пенсіі працаваў вадзіцелем у школе Драгічынскага раёна, маці — на трактары. Таму ў сям’і да яе выбару аднесліся з разуменнем, а сваякі з гонарам расказваюць знаёмым і сябрам, што іх Іна кіруе аўтобусам.

Калектыў вадзіцеляў у гаспадарцы мужчынскі. Многія аднесліся да вадзіцеля-жанчыны скептычна: «Жанчына за рулём — гэта проста смех!». Але кіраўнік сельгаставарыства супакоіў іх: «Яна яшчэ ўсім вам фору дасць!». На той час не ўсе ведалі, што жанчына займалася грузаперавозкамі і таму мае добрую школу ваджэння.

Іна Жыеўская ажыццяўляе падвоз работнікаў свінакомплексу. Спачатку некаторыя пасажыры нават баяліся ехаць, але з часам прывыклі.

Праца вельмі сур’ёзная і мае свае абмежаванні.

— Адказная, таму што вязеш людзей, а значыць, адказваеш за іх бяспеку, — тлумачыць Іна Андрэеўна. — Спецыфіка працы патрабуе выканання патрабаванняў санітарных нормаў: у аўтобусе ёсць дазатар з дэзсродкам, дыванок для апрацоўкі абутку. Вадзіцель, які перавозіць работнікаў свінакомплексу, не мае права займацца перавозкай іншых пасажыраў, не можа трымаць у сваёй гаспадарцы свіней, а таксама хадзіць у лес.

Самае складанае ў працы вадзіцеля, са слоў самой Іны Андрэеўны, гэта рамонт. Але калектыў дружны, зладжаны, таму дапамагаюць і механік, і вадзіцелі. Асабліва ўдзячна жанчына Міхаілу Рабінаву, які таксама працуе вадзіцелем аўтобуса. Менавіта ў яго Іна Жыеўская праходзіла стажыроўку, і зараз мужчына адзін з першых спяшаецца на дапамогу ці проста дае кансультацыю навічку.

У сваім выбары жанчына не расчаравана і ні разу не пашкадавала.
Жадаем ёй лёгкай дарогі без паломак.

Марыя Вішнявецкая, юны карэспандэнт Ружанскай СШ імя Казіміра Марача