Понедельник, 20 мая 2024

Заняткі фізкультурай у дзіцячым садзе № 5 г. Пружаны спрыяюць рознабаковаму развіццю выхаванцаў

383

Першыя арганізаваныя, змястоўныя і асабліва яскравыя заняткі фізкультурай з’яўляюцца ў жыцці дзіцяці ў пару, калі яно наведвае садок. Ужо тут, ва ўстанове дашкольнай адукацыі, прафесійныя педагогі мэтанакіравана фарміруюць фізічныя якасці выхаванцаў, спрыяючы тым самым іх рознабаковаму развіццю. Для дзетак жа фізкультура — гэта вялікая радасць, захапляльнае баўленне часу, магчымасць даць волю сваёй энергіі. У гэтым мы пераканаліся самі, калі завіталі на адзін з такіх заняткаў у дзіцячым садзе № 5 г. Пружаны.

У той дзень чарговую «трэніроўку» арганізавала для выхаванцаў сярэдняй групы кіраўнік фізічнага выхавання Дзіна Станеўка. Дастаткова было толькі пачуць спакойны, упэўнены голас і ўбачыць шчырыя, добрыя, зіхатлівыя вочы гэтага педагога, каб зразумець, што яе душа адкрыта для ўсіх дзетак. Ці могуць не падабацца малым заняткі фізкультурай, калі дарослы, які іх праводзіць, самым натуральным чынам выклікае прыхільнасць да сябе?

— Мне здаецца, абсалютна ўсе дзеці любяць фізічную актыўнасць. А каб заняткі фізкультурай былі для нашых выхаванцаў заўсёды ў радасць, павінны клапаціцца мы,  педагогі, — зазначае Дзіна Іванаўна. — Тут прыходзіць на дапамогу не толькі самае разнастайнае абсталяванне, але і навука падысці да дзіцяці, знайсці з ім агульную мову.

Да слова, у дзіцячым садку кожны дзень у кожнай групе праводзіцца ранішняя зарадка. Заняткі фізкультурай — тры разы на тыдзень: два разы ў зале, адзін — на вуліцы. Акрамя таго, кожны месяц ладзяцца па дзве фізкультурныя забавы, падчас якіх у гульнях-эстафетах, рухавых гульнях, рытмічных гімнастыках замацоўваецца тое, што вывучалі на занятках. У дадатак да ўсяго ва ўстанове дашкольнай адукацыі сістэматычна арганізуюцца спартыўныя святы і дні здароўя.

Кіраўнік фізічнага выхавання, якая ў сістэме адукацыі працуе ўжо каля 35 гадоў, кажа, што на сваіх занятках ніколі не прымушае рабіць дзіця тое, чаго яму не хочацца, а імкнецца павярнуць справу так, каб у самога малога з’явілася жаданне выконваць пэўныя практыкаванні.

— Канечне, бывае так, што выхаванец проста кажа: «Я стаміўся…» Але такое адбываецца звычайна тады, калі ў яго нешта не атрымліваецца. Добра ведаючы гэта, адказваю: «Проста так нічога не атрымаецца. Каб навучыцца, трэба спрабаваць». І тады ўжо разам спрабуем пераадолець перашкоду. Калі мэта дасягнута, то і стомленасць у дзіцяці некуды знікае! — усміхаецца Дзіна Іванаўна.

Іншы раз у дзяцей у якасці перашкоды да выканання практыкаванняў выступае… страх. У такіх выпадках малыя таксама не застаюцца сам-насам са сваёй праблемай: педагог заўсёды дапамагае пераадолець боязь, каб дзіця ўтульна адчувала сябе на занятках і магло ісці далей у сваім развіцці.

— Ёсць дзеці, якім проста дадзена займацца фізкультурай. У іх атрымліваецца абсалютна ўсё, і такіх малых бачна адразу, — расказвае кіраўнік фізічнага выхавання. — Ужо ў старшай групе многія з нашых выхаванцаў, як правіла, вызначаюцца з тым, які накірунак фізічнай актыўнасці падабаецца больш за ўсё. І гэта таксама важны паказчык выніку нашай работы.

Увогуле ж, як падкрэслівае Дзіна Іванаўна Станеўка, самае галоўнае, дзеля чаго стараюцца ўсе кіраўнікі фізічнага выхавання, гэта ўмацаванне здароўя дзіцяці, а таксама падтрыманне яго жадання і пасля заканчэння дзіцячага сада з задавальненнем займацца фізкультурай.

Дзякуй за вашу працу, работнікі фізічнай культуры!

Вольга Басак. Фота Кацярыны Масік