Кожны дзень пры наведванні сацыяльных сетак у Інтэрнэце сустракаеш ролікі турыстаў, якія ўпершыню наведалі нашу краіну і залюбаваліся яе чысцінёй, прыгожай прыродай, здзівіліся гасціннасці беларусаў, якасці прадукцыі…
Нехта скажа: маўляў, што тут незвычайнага, заўсёды так жылі. І будзе мець рацыю. Для нас гэта звыкла. А вось для тых, хто прыехаў з-за мяжы, многае ў нас дзіўна. Ну, тое, што расіяне захапляюцца Беларуссю, яшчэ можна зразумець, а жыхары «блаславёнай» Еўропы, дзе ўсё так па-райску добра, — вось гэта нечакана.
Гартаючы старонкі сацсеткі ТікТок, даволі часта трапляеш на ролікі з прызнаннямі ў любові нашай Беларусі, яе людзям. Папулярнасць тураў у нашу краіну расце. Гэта дзякуючы таму, што кіраўніцтва нашай дзяржавы падоўжыла бязвізавы рэжым. Да нас могуць прыехаць жыхары многіх краін і на свае вочы ўпэўніцца ў тым, што прапаганда, якая насаджаецца ў Польшчы, Прыбалтыцы, ды і ў некаторых іншых краінах, — хлусня ад пачатку да канца.
Як расказваў жыхар той жа Рыгі, палітыкі і сродкі масавай інфармацыі Латвіі паведамляюць, нібыта мы тут апошні кавалак хлеба даядаем, маўляў, «санкцыі працуюць, і беларусы церпяць галечу». Але калі ён прыехаў у Мінск, пабываў, як сам распавядае, у малых гарадах Гомельшчыны, Брэстчыны, то дзіву даваўся прыгажосці, чысціні населеных пунктаў, засеяным палям, смаку і натуральнасці прадуктаў. Яго ўразіла, што да каго б з сустрэтых людзей ён ні звяртаўся, кожны гатовы быў прыйсці на дапамогу, паказаць, расказаць, правесці, нават накарміць.
Грамадзянка Літвы (а яна нарадзілася ў гэтай краіне) вымушана была прадаць у Вільнюсе сваю невялікую кватэру і з трыма дзецьмі паспрабаваць знайсці прытулак у Беларусі. Дарэчы, ехаць сюды ёй параілі сябры, якія неаднойчы бывалі ў нашай краіне. Жанчына рызыкнула — і ніводнай мінуты не пашкадавала. Знаёмых і родзічаў у Рэспубліцы Беларусь у яе няма, ехала ў адчаі, як яна расказвае, збягала ад еўрапейскіх каштоўнасцей, ад вельмі дарагой медыцыны, ад вялікай платы за камуналку, ад таго, чаму вучаць яе дзяцей у мясцовых школах… Цяпер яна вядзе блог, дзе расказвае пра кожны дзень жыцця на новай радзіме. І сама, і яе дзеці шчаслівыя.
І такіх прыкладаў можна прыводзіць даволі шмат. Ведаеце, калі толькі глянуць на вынікі песеннага конкурсу Еўрабачанне-2024, то становіцца зразумелым, чаму адэкватныя людзі пачалі збягаць у Беларусь, Расію. Толькі з-за каштоўнасцей, якія цяпер сілай насаджаюцца на Захадзе, прыходзіш да высновы, што свет здурнеў. Наркаманы, злачынцы, дзе захацеў, там і туалет, — гэта цяперашняя Еўропа, ЗША. І тут задумаешся: можа, не так і патрэбны табе той Луўр, Эйфелева вежа, Брадвей, Калізей, карыда… Дома ж лепей, спакойней і сытней. Калі толькі ўбачыць Парыж і адразу памерці? Не, такое не трэба.
Віктар Ільюшчанка