Воскресенье, 28 мая 2023

У Пружанскай паліклініцы можна прайсці мамаграфічнае даследаванне

405

Рак малочнай залозы (РМЗ) на працягу 30 гадоў займае перадавую пазіцыю ў анкалагічным захворванні жаночага насельніцтва эканамічна развітых краін свету. Рызыку захварэць на РМЗ
на працягу жыцця мае кожная дзявятая жанчына. І нягледзячы на тое, што пік захворвання прыпадае на ўзроставую групу 60-74 гады, прыкладна 35% яго выпадкаў адзначаецца ў жанчын працаздольнага ўзросту. Што тычыцца Пружанскага раёна, то рак малочнай залозы займае ў нас, як і на Брэстчыне ў цэлым, другое месца сярод усіх анкалагічных захворванняў у жанчын (пасля раку скуры). І поспех лячэння гэтага захворвання напрамую залежыць ад яго стадыі. Менавіта ранняя дыягностыка ў пераважнай большасці выпадкаў ратуе здароўе і жыццё пацыентак.

Спецыфіку работы мамографа добра ведае рэнтгенлабарант
Таццяна Шчэрбанёва

Што такое мамаграфія?

Гэта від рэнтгеналагічнага даследавання, які ўяўляе сабой рэнтгенаўскі здымак малочных залоз у дзвюх праекцыях на спецыяльным апараце – мамографе. Мамаграфія дазваляе выявіць зусім яшчэ маленькія пухліны малочнай залозы – да 0,5 сантыметра і нават менш.

Мамаграфія праводзіцца ўсім жанчынам?

Мамаграфічнае даследаванне рэкамендуецца рабіць адзін раз у два гады ўсім жанчынам ва ўзросце ад 50 да 69 гадоў.  Жанчынам больш маладога ўзросту праводзіць яго немэтазгодна: малочная залоза яшчэ мае структуру, якая не дазваляе зрабіць аб’ектыўную дыягностыку раку. Варта разумець і тое, што мамаграфія дае дадатковую дозу рэнтгенаўскага апраменьвання. Паказаннем да рэгулярнай мамаграфіі ў маладым узросце з’яўляецца толькі спадчынная схільнасць да раку малочнай залозы. У рамках прафагляду павінны праходзіць мамаграфічнае даследаванне і жанчыны, якія працуюць у шкодных умовах.

У той жа час, калі вы самастойна выявілі якое-небудзь змяненне малочных залоз, не важна, колькі вам гадоў, трэба звярнуцца да мамолага ці анколага: спецыяліст вырашыць пытанне далейшага даследавання. 

Хто знаходзіцца ў групе рызыкі?

У групе рызыкі развіцця РМЗ знаходзяцца жанчыны, у якіх адзначаецца:

– позняе або вельмі ранняе з’яўленне менструацый (у 17 і больш гадоў або, наадварот, раней чым у 12 гадоў),
– позняя менапаўза ( у 55 і больш гадоў),
– познія першыя роды (пасля 35 гадоў) або адсутнасць родаў,
– якасныя пухліны малочнай залозы,
– дысфункцыянальныя парушэнні яечнікаў,
– наяўнасць іншых анкалагічных захворванняў.

З дапамогай якіх метадаў можна выявіць РМЗ?

Адназначна, жанчыны павінны ўмець рабіць самаабследаванне малочных залоз і праводзіць яго рэгулярна, каб своечасова выявіць захворванне. Дакладнейшым метадам з’яўляецца даследаванне малочнай залозы ўрачом з дапамогай пальпацыі. З новых метадаў, якія дапамагаюць выявіць хваробу на ранніх стадыях, мабыць, самым перспектыўным на сённяшні дзень лічыцца магнітна-рэзанансная тамаграфія (МРТ), але, на жаль, з-за высокага кошту і малой даступнасці абсталявання гэты метад пакуль не вельмі пашыраны. А вось рэнтгенаўская мамаграфія на сённяшні дзень з’яўляецца «залатым стандартам» дыягностыкі РМЗ. Больш за тое, дзякуючы мамаграфічным даследаванням атрымалася зменшыць смяротнасць ад раку малочнай залозы ў сярэднім на 20-30%.

Як трапіць на мамаграфію?

Прайсці даследаванне можна бясплатна па накіраванні ўрача: тэрапеўта, гінеколага, мамолага ці анколага. Пазапланава на мамаграфію могуць накіраваць пры экстранных паказаннях. Даследаванне займае каля 15 мінут. Спецыяльна рыхтавацца да гэтай працэдуры не патрэбна. 

Папярэдні запіс на мамаграфію ў Пружанскай ЦРБ ажыццяўляецца ў рэнтгенкабінеце на першым паверсе неўралагічнага корпуса ці па тэлефоне 2-76-87. 

Само даследаванне праводзіцца ў кабінеце на першым паверсе паліклінікі. Ён абсталяваны сучасным дыягнастычным апаратам і камп‘ютарам, які апрацоўвае здымак у самы кароткі тэрмін. Звычайна апісанне і заключэнне жанчына можа атрымаць на наступны дзень пасля праходжання працэдуры, а ў экстранных выпадках – практычна адразу. Прымаюць пацыентак штодня (акрамя суботы і нядзелі) з 8.30 да 13.00 гадзін. 

Правер сябе і будзь здаровай!

Анастасія Фасевіч, урач-рэнтгенолаг (загадчык) рэнтгенаўскага аддзялення УАЗ «Пружанская ЦРБ». Фота Кацярыны Масік