
За апошнія два дзесяцігоддзі сельскагаспадарчая галіна нашай краіны пераўтварылася ў сферу з трывалай эканамічнай базай, дынамічным ростам і пастаянным насычэннем інавацыйнымі агратэхналогіямі. Сельская гаспадарка ў лідарах па набыцці перадавой тэхнікі, па будаўніцтве новых аб’ектаў, а яшчэ і па ўзроўні сярэдняй заработнай платы аграрыяў.
Адкуль узяўся такі дабрабыт? Няўжо 20 гадоў таму надвор’е перашкаджала атрымліваць добры ўраджай, а каровы горш даіліся? Насамрэч, асноўная прычына крыецца ў так званым «чалавечым фактары», але на гэты раз ён спрацаваў са станоўчым эфектам. Гэтаму яскравы прыклад — аддзяленне «Млынок» ААТ «Агра-Калядзічы».
Аддзяленне «Млынок» ад цэнтральнай сядзібы гаспадаркі размешчана на адлегласці ў некалькі дзясяткаў кіламетраў. Для Пружаншчыны, лічы, палова рэгіёна. Але, нягледзячы на такую аддаленасць, структурнае падраздзяленне ў эканамічнай табліцы прадпрыемства займае не апошнія радкі, укладваючы ў агульную фінансавую скарбонку даволі важкія паступленні. І, як зазначае намеснік дырэктара ААТ «Агра-Калядзічы» па ідэалагічнай рабоце Аляксандр Гук, працуюць тут людзі, вартыя добрых слоў.
Першае, што прыйшло на розум, калі мы прыехалі сюды, гэта тое, што нашы продкі памыляліся, калі размяшчалі Зямлю на трох кітах або сланах. У прыватнасці, апошніх чалавек пачаў прыручаць 3,5 тысячы гадоў таму, а за марскіх жывёл нават і не браўся. А вось быкоў сталі рабіць свойскімі 10 тысячагоддзяў таму. Больш таго, гэта хатняя жывёла ўтрымлівалася літаральна на ўсіх кантынентах, з-за чаго можна смела сцвярджаць, што без яе не было б чалавечай цывілізацыі.
І што 10 тысяч год таму, што сёння жывёлагадоўля, заснаваная на доглядзе буйной рагатай жывёлы, прыносіць адчувальны прыбытак. Таму кіраўніцтва ААТ «Агра-Калядзічы», калі землі вакол Млынка былі далучаны да сельгаставарыства, акцэнт у вытворчасці зрабіла менавіта на гэтым накірунку дзейнасці. Як расказвае кіруючы аддзяленнем Васілій Даміно, плошча аддзялення складае 460 гектараў, дзе вырошчваецца ўвесь спектр культур, якімі займаецца гаспадарка. Але асноўны ўчастак адведзены пад жывёлагадоўчы аб’ект па вырошчванні бычкоў.
— Нам дастаўляюць цялят вагой па 150-200 кілаграмаў і за кароткі тэрмін мы павінны дабіцца паскоранага нарошчвання масы БРЖ, — тлумачыць Васілій Паўлавіч. — І наша падраздзяленне прымае ўсе намаганні для дасягнення паказчыка адкорму ў 600-700 кг.
Але гэта ў сярэднім, таму што нярэдка мясцовыя жывёлаводы пераўзыходзяць вызначаны рубеж, дамагаючыся прываг да 800, нават ставяць рэкорды ў 900 кг. Таму што, па словах кіруючага аддзялення, арыентуюцца на сярэднесутачныя прывагі, якія дакладна паказваюць правільнасць абранай вытворчай стратэгіі. Зараз трымаюцца на штодзённай мяжы ў 1,125 кг. Адсюль «выходзяць» і канчатковыя паказчыкі: у прыватнасці, летась мясцовыя жывёлаводы паставілі на перапрацоўку каля 275 тон жывой вагой. І атрымалі выручкі да 1,5 мільёна рублёў. Сёлета гэтыя вынікі ўжо неактуальныя, таму што за няпоўны год рэзультаты работы склалі 312 тон, а сума выручкі — каля 2 мільёнаў рублёў. Відавочна, што бягучы год закончыцца для калектыву аддзялення з рэкорднымі вынікамі.
А працуе ў аддзяленні «Млынок» усяго восем чалавек: разам з кіруючым два жывёлавода, столькі ж механізатараў і тры вартаўнікі, якія ноччу падмяняюць асноўную змену работнікаў. Кожнага Васілій Паўлавіч адзначае, як добрасумленнага і адказнага працаўніка. У некаторых працоўны стаж налічвае некалькі дзесяцігоддзяў на гэтым участку. А інакш і немагчыма, таму што ад укладу аднаго залежыць дабрабыт усіх калег. Таму, як і ў мінулыя гады, сёлета жывёлаводы Млынка добра падрыхтаваліся да бягучай зімоўкі, назапасіўшы 600 тон сенажу, хутка прыступяць да нарыхтоўкі кукурузнага сіласа (у планах да 4-х тысяч тон). Спраўна забяспечвае вітамінную базу ўласны камбікормавы цэх ААТ «Агра-Калядзічы». Вось так, пры разумнай арганізацыі вытворчасці і «чалавечы фактар» будзе прыносіць добры рэзультат.
Таму перспектывы ў такой дзейнасці, безумоўна, самыя станоўчыя. Таму кіраўніцтва акцыянернага таварыства складае і ўжо рэалізуе планы па паступовай рэканструкцыі аб’екта. Зараз уласнымі сіламі праводзяцца рамонтна-будаўнічыя работы, пасля заканчэння якіх будуць уведзены ў эксплуатацыю яшчэ памяшканні, што дазволіць павялічыць колькасць БРЖ да 1,5 тысяч галоў. А ў будучым у дапамогу жывёлаводам будзе набывацца і тэхніка. Дзякуючы чаму варта спадзявацца на новыя дасягненні аддзялення.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік