Вторник, 30 сентября 2025

В нашем районе выращиванием картофеля занимаются РУП «Брестская ОСХОС», филиал «Отечество» ОАО «Беловежский» и «Ружаны-Агро»

719

Карэспандэнты «раёнкі» завіталі ў ружанскую гаспадарку, каб даведацца, які ўраджай «другога хлеба» вырасцілі ў гаспадарцы.

У гэтым годзе ў сельгаставарыстве клубні былі пасаджаны на плошчы ў 55 га. Перавага была аддадзена двум гатункам бульбы — гэта сярэдняранні, з добрымі смакавымі якасцямі «брыз» і ранняя, устойлівая да засухі «каралева Ганна». Па словах начальніка ўчастка «Ружаны» Арцёма Зуйкевіча, нягледзячы на неспрыяльнае сёлетняе надвор’е, ураджайнасць нават вышэйшая за мінулагоднюю, знаходзіцца (на аўторак бягучага тыдня) на ўзроўні 340 ц/га. А на будучы год гаспадарка ўсё ж плануе аддаць перавагу «каралеве», яна дае больш буйныя клубняплоды і карыстаецца высокім попытам у пакупнікоў. Беларусы ведаюць толк у бульбе, іх на мякіне не правя-дзеш!

Хоць і адпрацаваў больш за дзесяць гадоў самаходны бульбаўборачны камбайн «Dewulf», але спраўна спраўляецца са сваёй задачай і асаблівага клопату механізатарам не дастаўляе. Ён беражліва абыходзіцца з прадуктам, характарызуецца высокай прадукцыйнасцю і лёгкасцю выкарыстання. Яшчэ і папярэдне збівае бацвінне, сам сабе аблягчаючы работу. Але ж тэхніка не можа служыць вечна, таму камбайнеру Аляксандру Давідчэўскаму заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу памочнік Андрэй Пухнарэвіч: штосьці падкруціць, нешта падтрымаць. Падчас уборкі бульбы наверсе знаходзіцца тры паляводы, задача якіх заключаецца ў ачыстцы клубняплодаў ад лішніх прымесяў, тых жа камянёў і расліннасці. Як бачым, без чалавека яшчэ не абысціся, патрэбны яго разважлівасць, аналітычны розум, а недзе і знаходлівасць. На адвозе — шэсць адзінак тэхнікі, якія за светлавы дзень дастаўляюць у бульбасховішча да 300 тон другога хлеба.

Дарэчы, пра захоўванне клубняплодаў. Як расказала Наталля Суцько, умяшчальнасць сховішча, якім яна загадвае, складае 5000 тон. Ужо поўнасцю заклалі стабілізацыйны фонд у 500 тон. Прывезеная з палетка бульба адразу прасушваецца, ахалоджваецца і дастаўляецца на сартавальную лінію, дзе рабочыя прыступаюць да яе дзялення на дзве фракцыі — насенную і буйную, выдаляючы пашкоджаныя і хворыя клубні, адначасова ідзе засыпанне другога хлеба ў камеры, якіх налічваецца дванаццаць. Перад гэтым абавязкова была праведзена дэзынфекцыя памяшканняў. Улічваецца любая дробязь, каб потым не несці страты з-за сапсаванай прадукцыі.

Што да рэалізацыі, то насенную бульбу ў ААТ «Ружаны-Агра» можна набыць толькі па вясне, калі гаспадарка сама пасадзіць і застануцца лішкі. З харчовай прасцей, ужо цяпер аматары дранікаў могуць купіць клубняплоды з самога бульбасховішча. Для гэтага патрэбна наведацца ў цэнтральную сядзібу сельгаставарыства, правесці там аплату, а ўжо потым прыехаць за будучымі клёцкамі, тут нават мяшкі свае могуць прапанаваць. Канечне, восеньскія ярмаркі ў Ружанах і Пружанах. Нават у Брэст завітваюць прадстаўнікі гаспадаркі, у мінулым годзе пабывалі там двойчы і ўсю прывезеную бульбу прадалі адным махам. Не забываем і пра гандлёвыя сеткі, тыя ж фірменныя магазіны ААТ «Ружаны-Агра».

Натура чалавека такая, што прымушае пастаянна аб нечым хвалявацца, штосьці ставіць пад сумненне. Дык вось, мы з усёй адказнасцю заяўляем, што без разварыстай і смачнай бульбы, як і раней, не застанецца ні адзін беларус. Аб гэтым, дарэчы, клапоцяцца на самым высокім узроўні ў нашай дзяржаве.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік