
Дзень ведаў атрымаўся напоўненым сонечным святлом і радасным хваляваннем. А яшчэ ён стаў асабліва кранальным для самых юных — першакласнікаў, якія ўпершыню з трапятаннем у сэрцы і кветкамі ў руках пераступілі школьны парог, і для іх бацькоў, з вачыма, поўнымі надзей і гонару за сваіх малых. Ён таксама важны для тых, хто стаіць на парозе дарослага жыцця — выпускнікоў, у якіх наперадзе фінішная прамая і выбар свайго шляху.

Урачыстую лінейку адкрыла дырэктар школы Святлана Станкевіч, звярнуўшыся да прысутных з цёплымі і натхняльнымі словамі:
— Дзень ведаў — гэта не проста дата. Гэта дзень, калі школа ажывае!
Дырэктар падкрэсліла, што асабліва шчыра вітаюць першакласнікаў, для якіх школа стане другім домам, і выпускнікоў, якія стаяць на парозе дарослага жыцця.

— Упэўнена, у нашай школе, дзе пануе атмасфера дабра і творчасці, вы не толькі атрымаеце веды, але і станеце годнымі грамадзянамі сваёй краіны, — адзначыла Святлана Станкевіч.
Яна выказала падзяку педагогам за іх прафесіяналізм і любоў да дзяцей, а таксама бацькам за падтрымку і ўдзел у жыцці школы.
У завяршэнне дырэктар выказала шчырую падзяку прадпрыемствам і арганізацыям, чыя дапамога неацэнная ў стварэнні камфортнага асяроддзя для навучання нашых дзяцей.
Ад імя кіраўніцтва раёна вучняў, педагогаў і бацькоў павіншаваў Сяргей Глушко, першы намеснік старшыні райвыканкама:
— Дзень ведаў — гэта свята, якое адкрывае новыя гарызонты і дае старт важным пачынанням. Добрая адукацыя — гэта падмурак паспяховай будучыні. У школе працуюць таленавітыя і адданыя сваёй справе педагогі, якія надаюць вялікую ўвагу патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення, выхоўваючы сапраўдных патрыётаў Беларусі. Сяргей Глушко ўручыў школе сертыфікат на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы.

Начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Аляксандр Семаковіч адзначыў, што мінулае лета прайшло без здарэнняў з удзелам дзяцей, і выказаў удзячнасць за плённую працу патрыятычнага клуба «Пушча», які дзейнічае на базе школы і ўносіць вялікі ўклад у выхаванне падрастаючага пакалення.

Асаблівым і кранальным момантам стала выступленне адзінаццацікласнікаў, якія звярнуліся да ўсхваляваных першакласнікаў з добрымі пажаданнямі і ўручылі ім памятныя падарункі пад гучныя апладысменты ўсіх прысутных. У адказ юныя вучні паабяцалі быць руплівымі, стараннымі і радаваць сваімі поспехамі настаўнікаў і бацькоў.


Свята атрымалася яркім, запамінальным і натхняльным, даўшы старт новаму навучальнаму году, поўнаму надзей, здзяйсненняў і новых перамог. Важна, што ў школе пануе атмасфера цеплыні, узаемапавагі і падтрымкі, дзе кожны вучань адчувае сябе патрэбным і каштоўным, дзе створаны ўсе ўмовы для раскрыцця талентаў і выхавання годных грамадзян сваёй краіны.
Крысціна Асіпчук
Фота аўтара