Вторник, 7 октября 2025

Семінар «Дзень поля» прайшоў у нашым раёне на базе сялянска-фермерскай гаспадаркі «Тытул-Агра»

548

Яшчэ на памяці той час, калі амаль у кожным двары, асабліва ў сельскай мясцовасці, можна было бачыць і агрэст, і чорную парэчку. Гэта была звычайная справа. Але вось яно як здараецца: чамусьці забылі пра тую ж парэчку, адкінулі ўбок. І дарма! Бо яна, чорная, умацоўвае імунітэт, паляпшае работу сардэчна-сасудзістай сістэмы і страваванне, выкарыстоўваецца ў прафілактыцы анкалагічных захворванняў. Ужо не гаворачы пра запавольванне працэсаў старэння! Усяго і не пералічыш, а карысная парэчка як свежая, так і ў выглядзе соку, кампотаў, варэння і іншых нарыхтовак. Нават яе лісты можна выкарыстоўваць для прыгатавання чаю або настояў. Гэтай расліне і ўдзялілі ўвагу на семінары «Дзень поля», які прайшоў у нашым раёне, на базе сялянска-фермерскай гаспадаркі «Тытул-Агра».

Калі хто не ведае, то гаспадарка размяшчаецца каля в. Смаляны і функцыянуе ўжо больш за дваццаць гадоў. Накірунак дзейнасці — пладова-ягадны. На плошчы ў 130 га роўнымі радамі раскінуўся яблыневы сад, ёсць свая плантацыя клубніц і, канечне, чорная парэчка, якая займае 70 га.

На мерапрыемства сабраліся прадстаўнікі буйных фермерстваў з усёй краіны, хто займаецца вырошчваннем дадзенай расліны, ведае аб яе карысці. Але, як кажуць, вучыцца ніколі не позна, тым больш, «Тылул-Агра» ў гэтым напрамку ўжо дасягнуў значных рэзультатаў.

Як адзначыў кіраўнік гаспадаркі Сяргей Глушчанка, чорная парэчка — незаслужана забытая ягада, якую патрэбна вяртаць з небыцця і задавольваць патрэбы спажыўца ў поўнай меры, каб не бегаць па магазінах і не шукаць вітаміны. Падыходзіць, вядома, да вырошчвання трэба з веданнем справы, не баяцца задаваць пытанні і будучых памылак, ад якіх, на жаль, ніхто не застрахаваны. А яшчэ падаграваць у гэтай рабоце можа тая акалічнасць, што чорная парэчка — культура высокарэнтабельная, таму ў будучым можна разлічваць на добры прыбытак.

Што ж трэба зрабіць, каб ягада была буйная і смачная? На гэтае пытанне і не толькі адказаў аграном гаспадаркі Андрэй Астапюк. У сувязі з апошнімі пагоднымі хістаннямі ў «Тытул-Агра» падбіраюць сем гатункаў чорнай парэчкі, бо веснавыя замаразкі ўсё часцей даюць аб сабе знаць. І як яно будзе, цяжка прадказаць, таму арыентуюцца на раннія і на познія гатункі. Прэпараты для апрацоўкі культуры, дарэчы, таннейшыя, чым для саду. Гаспадарка практыкуе вырошчванне вітаміннай прадукцыі як з палівам, так і без яго. Патрэбна пастаянна ўдасканальвацца, шукаць новыя шляхі, быць энтузіястам у сваёй справе, любіць яе. Ужо на працягу васьмі гадоў у «Тытул-Агра» займаюцца арганічным земляробствам, праводзіцца дапрацоўка ўгнаення і яго ўнясенне. Кожная расліна мае свой рэсурс, каб ішло пастаяннае абнаўленне кустоў, у гаспадарцы маецца гадавальнік, дзе сёлета высадзілі больш за паўмільёна саджанцаў.

Непадробную цікавасць ва ўдзельнікаў семінара выклікала механізаваная ўборка чорнай парэчкі, падчас якой акуратна здымаецца ягада і адразу паступае ў тару, чыстая і свежая. Можна, канечне, выкарыстаць і людскую сілу, але тады збор можа быць праве-дзены не вельмі якасна, і верагодна кусты пацерпяць, бо не ўсе адносяцца да расліннага свету ашчадна. Пасля чаго прадукцыя змяшчаецца на двое сутак у халадзільнікі, дзе ахалоджваецца да +1 градуса. Асноўны пакупнік — Расійская Федэрацыя, але жадаючыя могуць наведацца непасрэдна на тэрыторыю «Тытул-Агра» і па прымальным кошце набыць чорную парэчку. Здаровым жа быць заўсёды здорава.

Што галоўнае падчас правядзення любога семінара? Канечне, канчатковы рэзультат ад убачанага і пачутага. Будзем спадзявацца, што «Тытул-Агра» стане прыкладам трывалай і перспектыўнай гаспадаркі, якая гатова дзяліцца напрацоўкамі, паказваць толькі станоўчы вынік.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік