Суббота, 12 октября 2024

Пружанскаму льнозаводу — 50! Наш рэпартаж са святочнага мерапрыемства (+многа фота)

750

Сапраўдная асалода ад працы ў поўнай меры спазнаецца толькі праз пераадоленне цяжкасцей, дасягненне новых вяршынь, толькі метадам проб і памылак дасягаецца стабільнасць і росквіт.

На мінулым тыдні з нагоды 50-гадовага юбілею ААТ «Пружанскі льнозавод» у Палацы культуры сабраліся шматлікія госці, работнікі і ветэраны прадпрыемства, каб падвесці вынікі прафесійнай дзейнасці, падзяліцца планамі на будучае.

Забягаючы наперад, трэба адзначыць, што мерапрыемства было арганізавана на высокім узроўні. Былі і падарункі для работнікаў і ветэранаў ільнозавода, і прыгожая тэматычная фотазона. Усе жадаючыя маглі там папазіраваць, засведчыць для сябе такі ўрачысты момант. І, канечне, музыка, якая пранікала ва ўсе куточкі Палаца культуры. Віртуознай ігрой на скрыпках зачароўваў дуэт з Брэста «Нерынга і Дыяна».

Нарэшце, урачыстае дзейства, дзеля чаго ўсе і сабраліся ў зале. А прысутных, я вам скажу, было шмат! Першым на сцэну быў запрошаны дырэктар ААТ «Пружанскі льнозавод» Мікалай Жогал, чалавек, для якога маленькая сіняя кветачка лёну на Дзяржаўным гербе краіны — сімвал Беларусі — стала справай усяго жыцця. Пасля прывітальнага слова Мікалай Сцяпанавіч зрабіў невялікі экскурс у гісторыю льнозавода і правёў паралель паміж 1973 годам, калі было заснавана прадпрыемства, і часам цяперашнім. Што і казаць, змены істотныя: цяпер гэта вядучае прадпрыемства льнаводчай галіны Беларусі. Не забыў, зразумела, падзякаваць усім работнікам за шчырую і сумленную працу і пажадаць моцнага здароўя на доўгія гады. Пасля на сцэну падымаліся калегі Мікалая Жогала, якім ён уручаў Граматы і Падзячныя лісты.

Намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь — дырэктар Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Іван Смільгінь на святкаванні паўвекавога юбілею Пружанскага льнозавода ўручыў яго дырэктару Мікалаю Жогалу нагрудны знак «За заслугі».

Ганаровы госць мерапрыемства, намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь — дырэктар Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Іван Смільгінь таксама не шкадаваў цёплых слоў у адрас віноўнікаў урачыстасці, жадаў новых працоўных перамог. З рук Івана Іванавіча дырэктар ільнозавода Мікалай Жогал атрымаў знак «За заслугі». Таксама работнікам прадпрыемства ўручаліся Ганаровыя граматы і Падзякі.

Намеснік начальніка ўпраўлення па вытворчасці, перапрацоўцы і рэалізацыі льнаводчай прадукцыі і аграхімізацыі РА «Белаграсэрвіс» — начальнік аддзела Павел Іваноў пажадаў ільнаводам Пружаншчыны ўдачы ў нялёгкай справе. І куды ж без узнагароды Мікалаю Жогалу? Цяпер — Грамата.

На свята таксама прыехалі генеральны дырэктар АКУВГП «Брэстаблаграсэрвіс» Уладзімір Махнач і намеснік старшыні Брэсцкай абласной прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Яўген Мартынюк. Тут вам і пажаданні гладкай дарогі, сямейнага дабрабыту, мірнага неба над галавой. І яшчэ напамінак кіраўнікам розных рангаў: галоўнае багацце любога прадпрыемства — гэта людзі, таму іх трэба берагчы. І зноў на сцэну пад гучныя апладысменты падымаліся льнаводы за сваёй мінутай славы.

Старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч адзначыў, што ААТ «Пружанскі льнозавод» — гэта візітная картка нашага рэгіёна і яе мы павінны берагчы, падтрымліваць пачынанні прадпрыемства. Старшыня Пружанскага раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец і старшыня Пружанскай раённай прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Вольга Зубкова падзякавалі ветэранам ільнаводчай галіны за шчырую працу, пажадалі здароўя на доўгія-доўгія гады і ўручылі Граматы.

Прыемна было назіраць, як работнікі льнозавода падтрымлівалі апладысментамі кожнага, хто выходзіў на сцэну. Бачна, што калектыў зладжаны і перамога аднаго — гэта, у сваю чаргу, заслуга ўсяго льнозавода. Так павінна быць заўсёды.

А ўжо канцэртная праграма проста заварожвала. Бурнымі авацыямі зала сустракала заслужаны ансамбль Рэспублікі Беларусь «Сябры» на чале з народным артыстам краіны Анатолем Ярмоленкам. Тут стараўся падпяваць кожны, бо гучалі ўсім вядомыя, родныя песні. Вось на такой узнёслай ноце свята падышло да свайго лагічнага завяршэння.

Застаецца яшчэ раз шчыра падзякаваць ільнаводам за іх самаахвярную працу і клопат пра кожную маленькую сінюю кветачку. Няхай толькі шанцаванне і ўдача спадарожнічаюць вам у нялёгкай справе на карысць раёна і нашай краіны.

Вадзім Раўнейка. Фота Юліі Янушка

Фотаальбомы са святочнага мерапрыемства: https://vk.com/album-23306785_294096022 і https://ok.ru/budni/album/963592816008