Воскресенье, 26 октября 2025

Намеснік дырэктара ААТ «Ружаны-Агра» па вытворчасці Руслан Атулян расказаў, што дапамагло выйсці на багаты ўраджай і якія работы папярэднічалі гэтаму

509

Цяжка далося сёлетняе жніво хлебаробам нашага раёна. Але нічога не парадзіш, бо тое ж надвор’е на месяцы наперад не прадкажаш і на сто працэнтаў не падлічыш усе няштатныя сітуацыі. І ўдвая прыемна, што, нягледзячы ні на што, ёсць на Пружаншчыне гаспадаркі, якія паказалі высокі рэзультат па ўраджайнасці збожжавых і зернебабовых культур. Што дапамагло выйсці на багаты ўраджай, якія работы папярэднічалі гэтаму, карэспандэнты «раёнкі» пацікавіліся ў намесніка дырэктара ААТ «Ружаны-Агра» па вытворчасці Руслана Атуляна.

Для даведкі
Па заканчэнні сёлетняга жніва гаспадаркай атрымана 32220 тон зерня, з іх 881 тону з палеткаў, якія арандуюцца ў Слонімскім раёне. Гэта, можна сказаць, рэкордны ўраджай за час існавання сельгаставарыства. А як вам 47,9 ц/га супраць мінулагодніх 41,1 ц/га?! Не трэба быць вялікім матэматыкам, каб убачыць значны рост па ўраджайнасці. Упэўнены, вялікія сілы былі прыкладзены для гэтага.

— Дык што ж паспрыяла гэтаму, Руслан Хачыкавіч?
— На маю думку, шлях да перамог заўсёды пачынаецца з кіраўніцтва таварыства. Калі ставяцца актуальныя задачы, вядзецца пастаянны кантроль за выкананнем работ, тады можна разлічваць і на канчатковы станоўчы вынік. У нашым жа выпадку дырэктар гаспадаркі Андрэй Босак не толькі граматна кіруе ўсімі вытворчымі працэсамі, але і сваёй энергіяй натхняе астатніх працаўнікоў на дасягненне рэзультатаў. Не стараецца караць за пралікі, якія здараюцца ў сельскай гаспадарцы, а накіроўвае на правільны шлях, дае магчымасць самому выправіцца.

— Ужо калі загаварылі пра людзей…
— У ААТ «Ружаны-Агра» склаўся калектыў, аб’яднаны адной ідэяй — толькі наперад, да новых перамог. Кожны ведае свой участак работы, гатовы заўсёды прыйсці на дапамогу калегу. Таму і моладзь ідзе да нас працаваць, бо ведае, што і прымуць добра, і аднаго ў цяжкасці пры ўваходжанні ў прафесію не пакінуць. Дружна бяромся за любую справу і абавязкова даводзім яе да канца. Калі ў размове больш увагі жніву, то зазначу, што вялікая заслуга ў сёлетнім дасягненні агранамічнай службы сельгаставарыства. Яна поўнасцю аснашчана ў кадравым плане. Тоны залацістага зерня — гэта скрупулёзная праца на працягу года насеннявода, аграхіміка, начальніка ўчастка, агранома. Узаемазвязаны ланцужок, дзе кожнае звяно сумленна выконвае свае працоўныя абавязкі.

— Але ж і без догляду зямлі і сельгаскультур не абысціся?
— Канечне, на голым энтузіязме далёка не паедзеш. Своечасова пад збожжавыя і зернебабовыя быў унесены поўны аб’ём угнаенняў. Прымаўся комплекс мер, накіраваных на папярэджанне або зніжэнне ўрону, які наносіцца раслінам шкоднікамі, хваробамі і пустазеллем. Адным словам, мы стараліся ўсімі магчымымі спосабамі застрахаваць сябе ад непажаданых наступстваў. Таму і маразы з красавіка па май нам моцна не нашкодзілі, а летняе сонца дазволіла наліцца коласу.

— Руслан Хачыкавіч, а якому насеннаму матэрыялу аддаяце перавагу?
— Адназначна сказаць нельга, бо пастаянна эксперыментуем. Напрыклад, на сёння кладзём у глебу зерне азімых польскай селекцыі. Яравы ячмень — беларускай і нямецкай. Дарэчы, ён у гэтым годзе парадаваў нас ураджайнасцю ў 58,7 ц/га з валавым зборам 9778 тон. Тут нельга адназначна аддаць перавагу нейкаму аднаму гатунку, таму выбіраем больш прыдатныя для нашых зямель.

— Ці наладжана ў сельгаставарыстве супрацоўніцтва адносна набыцця новых гатункаў зерня?
— Цесна супрацоўнічаем з РУП «Брэсцкая АСГДС», якая з года ў год прадстаўляе нам навінкі, якія падыходзяць пад нашы кліматычныя ўмовы. Што да азімага рапсу, то яго гібрыды набываем у навукова-практычным цэнтры НАН Беларусі па земляробстве, які знаходзіцца ў г. Жодзіна. У гэтых арганізацыях працуюць прафесіяналы, і ім больш бачна, што і дзе лепш будзе не толькі расці, але і даваць багаты ўраджай.

На здымку: адгружаецца сёлетняе зерне, якое ў хуткім часе з’явіцца на нашым стале ў выглядзе духмянага хлеба і смачных пірагоў.

— Скажыце, калі ласка, можа, што ўлічвалася з мінулых гадоў?
— Па сутнасці, тэхналогія сяўбы, догляду і збору ўраджаю сельгаскультур даўно адточана. Сюды цяжка штосьці дадаць, унесці нейкія значныя змяненні. Але паспрабаваць можна. Напрыклад, у мінулым годзе азімую пшаніцу пасеялі 25 жніўня, не чакаючы тэхналагічнага 5 верасня, і атрымалі добры ўраджай — 45 ц/га. Чаму б і сёлета не паспрабаваць? Толькі заўсёды трэба быць асцярожным пры эксперыментах, спачатку ўсё ўзважваем, стараемся выключыць непажаданыя наступствы.

— Чаго чакаць ад ААТ «Ружаны-Агра» пры закладцы будучага ўраджаю?
— Істотна нічога не зменіцца. Толькі на 100 га павялічацца плошчы азімага ячменю. А так будзем і надалей старацца паказваць высокі рэзультат па намалотах. У нас для гэтага ўсё ёсць: і сілы, і жаданне, і бачанне сваёй роднай гаспадаркі ў шэрагу перадавых па краіне.

— Жадаем усім працаўнікам ААТ «Ружаны-Агра» дабрабыту, упэўненасці ў заўтрашнім дні, каб ім заўсёды спадарожнічала ўдача, думкі былі светлыя, а душа спакойная.

Вадзім Раўнейка. Фота Алега Сідарэнкі