
Гэта не проста новы аб’ект на тэрыторыі ўстановы, а сімвал клопату аб людзях, якія з-за розных абставін апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.

Удзельнікамі доўгачаканай падзеі сталі прадстаўнікі раённай выканаўчай улады, будаўнічай арганізацыі, супрацоўнікі пансіяната, пражываючыя, для якіх і быў узведзены гэты сацыяльна-значны аб’ект. Вельмі сімвалічна, што менавіта ў Год добраўпарадкавання з боку дзяржавы, мясцовага кіраўніцтва асаблівая ўвага надаецца тым, хто сапраўды мае патрэбу ў дапамозе. Гэта яшчэ адзін крок да стварэння больш камфортнага асяроддзя, дзе кожны зможа не толькі атрымліваць сілкаванне ва ўтульнай, прыгожай сталовай, але і мець сяброўскія зносіны.

Паляпшэнне якасці жыцця беларусаў — галоўная мэта палітыкі Кіраўніка дзяржавы, які імкнецца да таго, каб сацыяльныя паслугі, якія аказваюцца на высокім узроўні, былі даступны кожнаму, незалежна ад месца пражывання. Адкрыццё сучаснай сталовай у Янаўшчызне — яшчэ адно гэтаму пацвярджэнне. Са словамі падзякі і віншавання да ўсіх прысутных звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч.
— Гэты праект паспяхова запушчаны, дзякуючы намаганням многіх людзей — спецыялістаў і прафесіяналаў сваёй справы. Ён даў старт новаму вітку часу для супрацоўнікаў і пастаяльцаў пансіяната. Жыць і працаваць у такіх умовах сапраўды камфортна і прыемна. Гэта ўстанова была адкрыта ў далёкім 1959 годзе і служыць не толькі месцам аказання паслуг, але і працяглага пражывання. Вядома, харчаблок ужо даўно патрабаваў капітальнага рамонту з заменай усяго неабходнага абсталявання. І вось зараз гэтая падзея адбылася: новая сталовая стала па-хатняму цёплай, утульнай прасторай.
Старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Брэсцкага аблвыканкама Генадзь Скробат таксама падзякаваў праектнай установе «Пружанская архітэктура», будаўнічай арганізацыі «ПМК-22», субпадрадчыку ААТ «Рамбуд» і адзначыў, што многа зроблена па планаванні, арганізацыі і правядзенні рамонтна-будаўнічых работ. Цяпер прасторная сталовая на 200 пасадачных месцаў з усім неабходным новым кухонным і сталовым абсталяваннем адпавядае самым сучасным стандартам.
— Шмат сіл і сродкаў было ўкладзена ў гэты праект. Аб будаўніцтве сталовай размова ішла яшчэ з 2017 года. І, дзякуючы вялікай і дружнай камандзе аднадумцаў, інвестараў, памочнікаў, 15 жніўня 2025 года быў падпісаны акт уводу новай сталовай у эксплуатацыю. Гэта інвестыцыя ў дабрабыт, здароўе і добры настрой тых, для каго пансіянат стаў другім домам. Зараз тут, у адным месцы, будуць сустракацца ўвага і клопат, што так неабходны нашым пастаяльцам. У Брэсцкай вобласці 11 пансіянатаў, і наш першым атрымаў вось такі дарагі падарунак, — падкрэсліў дырэктар установы «Бярозавы гай» Мікалай Дрозд.
Ганаровыя госці мерапрыемства перарэзалі чырвоную стужку і тым самым паклалі пачатак новаму вітку часу для далейшага развіцця і працвітання пансіяната. Таксама дырэктару быў уручаны сімвалічны ключ ад новага будынка. Для ўсіх гасцей свята прагучала песня «За Беларусь» у выкананні пражываючага ў пансіянаце, актыўнага ўдзельніка рэспубліканскіх вакальных конкурсаў Уладзіміра Баярчука.
Цяпер у «Бярозавым гаі» ў кожнага дня ёсць свой смачны і яркі акцэнт, а абедзенны загучыць зусім па-новаму, як запрашэнне да вялікага, дружнага і прыгожага стала. Гэта ўпэўненасць у тым, што клопат аб камфорце і дабрабыце жыхароў заўсёды застаецца галоўным прыярытэтам. Тут за кубкам духмянага чаю будуць нараджацца новыя сяброўскія сувязі, а за агульным сталом — дзяліцца ўспамінамі і будаваць планы на заўтра. У прасторы, дзе смачна пахне хатняй ежай, пануе асаблівая, цёплая атмасфера, якая нагадвае аб тым, што самае галоўнае ў жыцці — гэта здароўе, клопат і ўвага.
Ірына Велясевіч
Фота Кацярыны Масік