
Гэты дзень быў выбраны для мерапрыемства нездарма, бо менавіта 6 верасня адзначаецца як дзень нараджэння Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Аб гэтым казалі вядучыя марафону. Для хлопчыкаў і дзяўчынак з СШ № 1 і Мокраўскай школы арганізавалі прыём у акцябраты, піянеры і члены ГА «БРСМ», а для дзяўчат з ААТ «Ружаны-Агра» — у члены ГА «Белая Русь».

Ведаеце, мне заўсёды прыемна мець зносіны з моладдзю, гутарыць з яе прадстаўнікамі, тым самым раскрываць іх памкненні, характар, чытаць як раскрытую кнігу. Сучасная моладзь больш адкрытая, ахвотна ідзе на кантакт, выказвае свае думкі проста. Яны могуць задаваць раптоўныя пытанні, на якія чакаюць шчырага адказу. З такімі я размаўляў падчас марафону. Дзяўчаты з 10 класа школы сядзелі на другім радзе і ў мяне з імі была цікавая размова пра заняткі, пра настрой на будучыню, пра прафесію журналіста і многае іншае. Мне спадабалася іх думка, да якой яны прыйшлі, назіраючы за маёй работай на мерапрыемстве, маўляў, бачна, што мой занятак мне падабаецца. Яно ж так і было. Але пяройдзем да самога мерапрыемства. Як я казаў вышэй, вучні пераймалі эстафету ў сваіх больш старэйшых таварышаў.
Да прысутных з прывітальнымі словамі і віншаваннямі звярталіся намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Юлія Пасько, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ № 1 імя ЧБВА Таццяна Панасік, старшыня раённага аддзялення ГА «Белая Русь» Таццяна Кашкан.
Цікава было назіраць, як хваляваліся малодшыя школьнікі, калі ганаровыя госці прышпільвалі да адзення акцябрацкія значкі, піянеры, якім павязвалі піянерскія гальштукі, і яны ў адказ на заклік «Будзь гатовы» адказвалі, салютуючы рукой: «Заўсёды гатовы».
Асаблівымі этапамі грамадскага жыцця школьнікаў быў пераход ад звання «юны піянер» да звання член ГА «БРСМ». Перадаўшы свае піянерскія гальштукі малодшым таварышам, вучні прымалі білеты і значкі членаў ГА «БРСМ» з рук першага сакратара райкама Ульяны Апаляйчук.
Не менш хвалюючым было ўручэнне членскіх білетаў спецыялістам ААТ «Ружаны-Агра». Хвалявалася як сама старшыня раённай арганізацыі Таццяна Кашкан, так і дзяўчыны, што станавіліся паўна-праўнымі членамі гэтай самай буйнай у краіне грамадскай арганізацыі.
Віктар Ільюшчанка
Фота аўтара