Понедельник, 6 октября 2025

Маладыя работнікі ААТ «Ружаны-Агра»

406

Вярнуць моладзь на зямлю ў дадзены момант даволі складана. Гэта раней быць трактарыстам ці вадзіцелем было вельмі прэстыжна, ты карыстаўся павагай сярод сяброў і знаёмых, з табой з радасцю віталіся за руку. Зараз крыху іншая сітуацыя, маладыя людзі ўсё больш цягнуцца да высокіх тэхналогій, мараць пра эканамічныя, замежныя, медыцынскія і іншыя факультэты. І ўсё-такі знаходзяцца сярод хлопцаў і дзяўчат тыя, хто яшчэ бачыць сябе толькі ў сельскай гаспадарцы, марыць пра работу на шырокіх палетках, каб ветрыкам авявала твар і сонейка пяшчотна грэла.

Патрэбна вяртацца да сваіх вытокаў гаспадара на роднай зямлі, упэўнены брыгадзір вытворчага ўчастка аддзялення «Варанілавічы» Яўген Атрашкоў.

Таму з задавальненнем паступаюць ва УА «Пружанскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж» і пасля сканчэння яго без сумнення прыступаюць да сваіх працоўных абавязкаў у сельгаставарыствах раёна. Як, напрыклад, Аляксей Міхалёў з Пружан і ўраджэнец вёскі Юндзілы Яўген Атрашкоў з дыпломамі аграномаў. Хлопцы нават загадзя забяспечылі сабе месца будучай працы, пабраўшы мэтавыя накіраванні ў ААТ «Ружаны-Агра». Чаму менавіта гэтая гаспадарка? Як і многія маладыя спецыялісты, хлопцы адзначаюць згуртаваны калектыў, дзе цябе заўжды падтрымаюць і кіраўніцтва, і старэйшыя калегі, трывалую матэрыяльную базу, магчымасць кар’ернага росту, толькі праяўляй свае здольнасці. І хоць прайшло толькі тры месяцы з іх працоўнай біяграфіі, але ўжо цяпер Аляксей з Яўгенам адзначаюць, што не прагадалі з выбарам, як кажуць, і прытулак далі, і накармілі. Цяпер толькі наперад на працягу трох гадоў!

Што застаецца? Канечне, прымяняць свае веды на практыцы. І гэтыя брыгадзіры вытворчых брыгад вельмі стараюцца праявіць сябе, прыслухоўваюцца да парад. Яўген шчыруе ў аддзяленні «Варанілавічы», а Аляксей — у «Ружанах». Што выклікала прыхільнасць падчас размовы да гэтых маладых спецыялістаў? Шчырасць у словах і сарамяжлівасць, якая так характэрна для людзей, што працуюць на зямлі. Іх неяк бянтэжыць залішняя ўвага, бо прывыклі больш быць на адзіноце, з роднымі палеткамі, з прыродай наогул. Але дадзеная акалічнасць не мяшае хлопцам трымаць на пастаянным кантролі працу паляводаў, каб не адбылося непрадбачаных сітуацый, нешта ім падказваць. Гэта і работа на складах, абкошванне палеткаў, ды ці мала работы якой у сельскай гаспадарцы? Кантроль за ўборачнай кампаніяй таксама ніхто не адмяняў. А яшчэ трэба дапамагчы начальніку аддзялення з дакументацыяй. І ўсё ў Аляксея і Яўгена атрымліваецца, таму што стараюцца, не баяцца работы і дапусціць недзе памылку, бо на іх вучацца і не пазбегнуць напачатку пралікаў проста немагчыма.

І кабінетная работа, лічыць брыгадзір вытворчай
брыгады аддзялення «Ружаны» Аляксей Міхалёў, таксама важная. Патрэбна ўсё падлічыць і спланаваць.

Добра, калі ёсць дзе галаву пасля працы прыткнуць, адпачыць, спрагназаваць дзень заўтрашні. Для маладых спецыялістаў гаспадарка выдзеліла нумары ў сваёй гасцініцы, плата за якую вылічваецца з заробку, маецца і свая кухня. Таму хлопцы могуць паспрабаваць сябе ў якасці кулінараў, каб у будучым здзіўляць сваіх жонак стравамі. Вольнага часу не так ужо і многа, усё ж такі сельская гаспадарка, але хапае і на прагулкі пешшу, і на роздум над далейшым жыццём, якое, хацелася б верыць, у Яўгена і Аляксея складзецца самым лепшым чынам!

А то ўсё казкі пра тое, што жыцця на вёсцы няма. Ёсць яно, толькі трэба захацець убачыць яго, адчуць усю прывабнасць ціхіх вясковых раніц, прагулак басанож па роснай траве, шчабятання чароўнага птушынага хору. Паспрабуем?

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік