Воскресенье, 26 октября 2025

Чаму малады спецыяліст Пружанскай ЦРБ Ілона Гарбаценка ідзе на работу з радасцю

977

Мы працягваем знаёміцца з моладдзю, якая прыехала на работу ў наш горад, і даведваемся, як іх сустрэлі ў новым калектыве і як пра іх клапоцяцца на першым працоўным месцы. На гэты раз вырашылі расказваем пра УАЗ «Пружанская цэнтральная раённая бальніца».

Медыцынская сястра хірургічнага аддзялення раённай бальніцы Ілона Гарбаценка з’яўляецца маладым спецыялістам і ўжо не першы год дапамагае сваёй работай людзям.

Яна нарадзілася ў Кобрыне, а пазней пераехала жыць у наш горад. У 2020 годзе скончыла сярэднюю школу № 5 г. Пружаны і паступіла ва УА «Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі каледж» на спецыяльнасць «сястрынская справа». Праз два гады вучобы Ілона атрымала дыплом і па размеркаванні вярнулася дадому, дзе працуе ў мясцовай бальніцы.

— Гэты накірунак мною быў выбраны невыпадкова, бо я люблю дапамагаць людзям. Адпаведна і з радасцю іду на работу. А яшчэ таму, што мне вельмі пашанцавала з калегамі, з якімі мы вельмі хутка пасябравалі і сталі сапраўднай сям’ёй. Гэта вельмі важна, бо работа няпростая і бываюць розныя выпадкі, але дзякуючы такім паплечнікам мой стрэс адыходзіць на другі план, а гэта дазваляе захаваць канцэнтрацыю і пазітыўны настрой. Калі ідзеш да пацыентаў, трэба быць у добрым настроі і з усмешкай на твары, каб усё гэта перадавалася ім, тады і яны ідуць хутчэй на папраўку, — кажа медыцынская сястра.

Добрую атмасферу ў арганізацыі імкнецца падтрымліваць і прафсаюзны камітэт бальніцы, які вельмі актыўна вядзе работу і, як кажа Ілона, садзейнічае згуртаванню калектыву ў непрацоўны час.

— Мне падабаецца актыўнае жыццё нашай арганізацыі. Хоць вольнага часу зусім нямнога, але мы ўмеем правесці яго з карысцю. Дзеля гэтага наш прафсаюз ладзіць розныя мерапрыемствы. Таксама штогод праводзяцца турыстычныя злёты, у якіх удзельнічаюць супрацоўнікі нашай бальніцы. Я люблю спяваць, таму прымаю актыўны ўдзел у канцэртах, прымеркаваных да розных свят, — адзначыла Ілона Дзмітрыеўна.

Пра планы на будучыню маладая дзяўчына пакуль не гаворыць, таму што ў бліжэйшыя, як мінімум, тры гады, яна будзе працягваць клапоціцца пра сваіх пацыентаў у сценах нашай бальніцы.


На нашы пытанні адказвае Ірына Шэйка, старшыня прафсаюзнага камітэта УАЗ «Пружанская цэнтральная раённая бальніца».

— Як у вашай арганізацыі ставяцца да маладых спецыялістаў?’

— Мы сустракаем іх з радасцю і падыходзім да кожнага індывідуальна. У Пружанскай бальніцы, як і ў многіх іншых, наладжана сістэма настаўніцтва. На працягу шасці месяцаў за новым маладым супрацоўнікам старанна глядзіць яго настаўнік, які аказвае дапамогу ў рабоце і вырашае ўсе працоўныя пытанні. Мы разам з галоўным урачом неаднаразова сустракаемся з новым работнікам і пытаемся пра тое, чаго яму не хапае. На нядаўнім прысвячэнні ў прафесію амаль кожны з маладых спецыялістаў заявіў, што замацаванага настаўніка дастаткова для хуткай адаптацыі на першым працоўным месцы. Дарэчы, сёлета рады медыкаў Пружанскай ЦРБ папоўніліся 20 маладымі спецыялістамі: 4 урачамі і 16 фельчарамі і медсёстрамі.

— Якія прывілеі ёсць у вашай арганізацыі для працуючай моладзі?

— Для выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных устаноў, якія размеркаваліся да нас на адпрацоўку, існуе надбаўка, якая складае ад акладу 20% — для сярэдняга медыцынскага персаналу і 30% — для ўрачоў. Гэтую даплату супрацоўнікі арганізацыі атрымліваюць штомесяц, пакуль не страцяць статус маладога спецыяліста. Калі ж работнік вырашыў наймаць жыллё, то мы кампенсуем яму штомесяц дзве базавыя велічыны. Паколькі наша прафсаюзная арганізацыя вельмі актыўна ўдзельнічае ва ўсіх мерапрыемствах, мы імкнёмся раскрыць у кожнага новага спецыяліста не толькі прафесійныя якасці ў рабоце, але і таленты, якімі ён валодае. Нашы супрацоўнікі атрымліваюць за кошт прафсаюза абанементы ў аквапарк, Лядовы палац і трэнажорную залу. Таксама штогод яны актыўна ўдзельнічаюць у розных мерапрыемствах, што робіць іх жыццё нашмат цікавейшым.

Руслан Басак

Фота аўтара