Сёння 85 гадоў з дня выхаду першага нумара газеты, якая тады называлася «Новы шлях» і з’яўлялася органам Часовага Упраўлення горада Пружаны. З таго часу столькі падзей, віхур, завей прайшло праз нашу краіну і раён, што дух займае.
Віктар Ільюшчанка: «Пачынаў з юнага карэспандэнта»

Для гісторыі 85 гадоў — імгненне, для чалавека — цэлае жыццё, якое не кожнаму пашчасціць пражыць годна. А рэдакцыя — яна як чалавек, мае такі ж арганізм. Як ён функцыянуе, залежыць ад мноства фактараў. Самы з іх галоўны — калектыў. Гэта адразу і сэрца, і бурлівая кроў, і мозг… ды практычна ўвесь арганізм. Раптоўна нехта выпадае і адразу гэта адчуваецца на агульным функцыянаванні. Добра, калі ўсе органы здаровыя, моцныя, трывалыя, працуюць у адзіным рытме, без усялякай непатрэбнай мітусні, свавольства. Тады добра дзейнічаць, працаваць, ствараць, рэалізоўваць нейкія ідэі, задумкі, планы.
За ўвесь час існавання газеты над яе стварэннем, дызайнам, насычанасцю працавала мноства высокакваліфікаваных спецыялістаў — сапраўдных знаўцаў сваёй справы. Як вядома, не ўсе супрацоўнікі рэдакцыі мелі спецыяльную адукацыю — журналісцкую альбо паліграфічную. Але ж не толькі гэта важна для выдання. У прыярытэце — уменне ўзаемадзейнічаць з людзьмі, быць уважлівымі да кожнай тэмы, падаваць яе даступна, грунтоўна, з раскрыццём ідэі, сутнасці, рабіць высновы, аналізаваць факты, падзеі.
Сёння ў рэдакцыі раённай газеты працуюць цудоўныя людзі. Зразумела, са сваімі характарамі. Як без гэтага? Бо кожны па прыродзе сваёй — творчая асоба, нягледзячы на тое, журналіст альбо аператар настольна-выдавецкай сістэмы, карэктар, бухгалтар, прыбіральшчыца. Кожны робіць свой уклад у стварэнне газеты ці лічбавага кантэнту. Так, час дыктуе свае ўмовы. Не толькі друкаваны сродак у прыярытэце, але зараз усё большую ўвагу трэба надаваць і рабоце ў сетцы інтэрнэт.

Многіх цяперашніх супрацоўнікаў нашы чытачы добра ведаюць. Напрыклад, Алег Сідарэнка, які ўзначальвае аддзел, зараз яшчэ і займаецца вельмі адказнай справай — выконвае абавязкі адказнага сакратара. А гэта — тэхнічнае рэдагаванне газеты. Алег Сяргеевіч акумулюе ўсе матэрыялы, сістэматызуе іх, вычытвае, робіць размеркаванне па нумарах. Нездарма ў назве пасады ёсць слова «адказны». На самай справе Алег Сяргеевіч такі: адказны, сур’ёзны, адукаваны, граматны. На гэта паўплывала яго першая прафесія — настаўнік. Але ў свой час ён вырашыў стаць журналістам. Адвучыўся ў БДУ і стаў сапраўдным прафесіяналам журналісцкай справы.
Мой журналісцкі стаж набліжаецца да 30 гадоў, але ў Пружанскай раёнцы працую крыху менш за тры.
Адпраўной кропкай у прафесію для мяне сталі заняткі ў гуртку юных карэспандэнтаў, куды хадзілі адзінкі, я — у іх ліку.
Памятаю кіраўніка гуртка — Галіну Мікалаеўну Карнач, якая ў рэдакцыі газеты «Зара над Сожам» Кармянскага раёна Гомельскай вобласці была загадчыцай аддзела лістоў. Яна нам расказвала аб асаблівасцях работы ў газеце, давала заданні, якія мы акуратна выконвалі. Памятаю першы свой ганарар за матэрыял — 1 рубель 14 капеек. Для мяне гэта былі немалыя грошы. Я вельмі ганарыўся сваім першым заробкам. Праўда, стаць журналістам не марыў. Асноўным накірункам была медыцына. Я вельмі хацеў лячыць людзей, пазбаўляць іх ад хвароб, каб яны не пакутвалі. Гэта тлумачыцца захворваннем маёй маці, цяжкім, невылечным, пакутніцкім.

Стаць урачом не давялося. Разважаючы над тым, як падрыхтавацца да паступлення ў медыцынскае ВНУ, ішоў міма нашай раённай друкарні. На яе прыступках стаяў намеснік рэдактара газеты, вельмі паважаны мной Анатолій Авяр’янавіч Ушаў — сын камандзіра партызанскага атрада Авяр’яна Іванавіча Ушава. Менавіта Анатоль Авяр’янавіч прапанаваў мне месяц папрацаваць у рэдакцыі карэктарам, замяніць штатнага супрацоўніка, які быў у водпуску. Дзе месяц, там і год.
Я шукаў сябе ў прафесіі. Пасля была работа ў райкаме камсамола, тэрміновая служба ў Савецкай Арміі, пасля там жа служыў прапаршчыкам, паспрабаваў стаць прадпрымальнікам. Але лёс не падманеш. У 1998 годзе я вярнуўся да журналісцкай дзейнасці. З тае пары — у ёй.
Ірына Велясевіч: «Выкрутасы жыцця немагчыма спрагназаваць»

Смеласць — гэта не адсутнасць страху, а здольнасць дзейнічаць у яго прысутнасці. Вось так двойчы здарылася і ў маім жыцці, калі пасля ўсіх яе хітраспляценняў мне прыйшлося пачынаць усё з пачатку.
Пасля заканчэння Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна практычна 15 гадоў працавала ў сферы культуры, пісала вершы і прозу, працавала вядучай і рэжысёрам масавых мерапрыемстваў. Потым жыццё павярнулася на 360 градусаў і зноў пачаліся пошукі сябе, але ўжо ў іншай якасці. Спачатку вырашыла пайсці на радыё, але па дарозе мяне літаральна перахапілі і прапанавалі працу на тэлебачанні. Азы прафесіі прыйшлося асвойваць з нуля, але мяне так зацягнула, што наступныя пяць гадоў працы на ТБ праляцелі як адно імгненне.
Затым па волі лёсу я апынулася на Пружаншчыне, і дарога ў «раёнку» была наканавана. Цяпер сфера інтарэсаў пашырылася, у скарбонку журналісцкіх ведаў дадаліся і друкаваныя СМІ. І я зразумела: не важна, дзе жыць і працаваць, важна, каб прафесія прыносіла эстэтычнае задавальненне, а яшчэ важней, хто побач.
Уладзіслаў Шпарла: «З «раёнкай» — з дзяцінства»

Крыху больш за чатыры гады таму я пераступіў парог рэдакцыі «Раённых будняў» як малады спецыяліст. Выбар жа, дзе буду працаваць пасля заканчэння Брэсцкага дзяржуніверсітэта імя А.С. Пушкіна, зрабіў яшчэ ў 2016-м, калі атрымаў мэтавае накіраванне за подпісам Мікалая Антаноўскага — сапраўднага Рэдактара.
У першы працоўны дзень адчуваліся як радасць, так і невялікае хваляванне. Хоць да гэтага маё імя чытачы не раз маглі бачыць на старонках газеты, а спроба пяра адбылася яшчэ ў 2008-м, калі быў надрукаваны мой невялікі вершык. Пасля гэтага неаднойчы прыносіў матэрыялы ў рэдакцыю, быў фактычна яе юным карэспандэнтам і выразкі тых першых публікацый захоўваю дагэтуль. Хоць многа разоў удзельнічаў у конкурсах ад рэдакцыі, перамагаў, а футболка ад «Газеткі-дзеткі» — і цяпер нагадвае пра тыя радасныя моманты. Потым на працягу некалькіх гадоў супрацоўнічаў з раённым радыё і пасля літаральна ўлюбіўся ў гэты від СМІ і працаваў на радыёстанцыі ў Брэсце. А дыктафонам, уручаным ад імя «раёнкі» на цырымоніі «Дараванне» цяпер ужо калегам Алегам Сідарэнкам, карыстаюся і зараз падчас інтэрв’ю. Нават на работу фактычна выйшаў на дзень раней — у нядзелю, а першым заданнем ужо ў якасці карэспандэнта стаў рэпартаж аб мітынгу каля помніка «Падаючыя крыжы» ў Белавежскай пушчы. Ён прайшоў у дзень нараджэння маёй бабулі, 2 жніўня, у яе 95-гадовы юбілей.
Бабулі не стала летась, якраз у Дзень радыё, тэлебачання і сувязі. З раённай газетай яна не расставалася ніколі. І калі працавала паштальёнам, і калі ўжо знаходзілася на заслужаным адпачынку. Сапраўды, газета заўсёды была чаканай госцяй у яе доме, любоў да друкаванай прэсы Ірэна Антонаўна перадала і мне. Можа, так было наканавана нябёсамі?
За гэтыя чатыры гады было шмат цікавых паездак і сустрэч, мноства артыкулаў і падзей, яркіх фота. Але былі і памылкі, якія падказвалі, куды рухацца, на што звярнуць увагу. І былі чытачы. Былі і застаюцца. Без іх існаванне газеты губляе свой сэнс, як і існаванне яе электронных рэсурсаў, адміністратарам якіх з’яўляюся зараз.
З нагоды юбілею газеты дзякую табе, паважаны чытач. Дзякую вам, дарагія калегі. І дзякую ўсім, хто чытае нас у інтэрнэце. І шчыра веру, што пружанская «раёнка» сустрэне яшчэ не адзін юбілей і надалей яе будуць выпісваць, чытаць і з нецярпеннем, як некалі мая бабуля, чакаць кожнага новага нумара. З нашым агульным святам!
Кацярына Масік: «Захоўваю шчасце на фота»

Для мяне мая работа — і штодзённая праца, і прыемнае хобі. Праз фотаздымак хочацца паказаць настрой, цяпло, каханне, прыгажосць, каб кожны наш чытач дома, знаёмячыся з газетай, змог пабачыць яркія моманты з жыцця людзей, падзей нашага горада, раёна.
А яшчэ гэта праца, таму што ў якасці фотакарэспандэнта амаль штодзённа ўдзельнічаю ў стварэнні фоталетапісу Пружаншчыны, уношу факты, доказы ў агульную скарбонку гісторыі. Пагадзіцеся, што гісторыя як навука не дапускае разважанняў кшталту «калі», «магчыма». Яна патрабуе абгрунтаваных звестак і дакладнай інфармацыі. У тым ліку і на фотаздымках. Гэта я і раблю на прафесійным узроўні, здымаючы не толькі аб’екты і падзеі, але і людзей, бо кожны з вас, паважаныя чытачы, таксама частка гісторыі.
Давайце захоўваць шчаслівыя моманты разам!
З павагай, карэспандэнты Пружанскай раённай газеты «Раённыя будні»