Сёння адзначаецца 105-годдзе войскаў сувязі Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Як зазначае камандзір ваеннага вузла сувязі Пружанскага раёна дыслакацыі Аляксандр Яхнавец, узначальваемае ім падраздзяленне з’яўляецца састаўным элементам агульнай сістэмы сувязі узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

На сёння пераацаніць актуальнасць трывалага і, галоўнае, непарушнага ўзаемадзеяння паміж рознымі вайсковымі злучэннямі немагчыма. У дадатак, іх дзеянні павінны аператыўна, літаральна ў рэжыме анлайн кантралявацца вайсковым кіраўніцтвам.
Таму ваеннаслужачыя вузла сувязі знаходзяцца на сваіх баявых пастах кругласутачна з раскладам змен 24/7.
— Больш за тое, кожны спецыяліст павінен дасканала ведаць і валодаць усімі тэхнічнымі сродкамі, у тым ліку і навінкамі, мець некалькі сумежных спецыяльнасцей, каб у выпадку няштатных сітуацый замяніць сваіх калег, — гаворыць Аляксандр Дзмітрыевіч. — Мы павінны бесперапынна выконваць пастаўленыя задачы па падтрыманні сувязі на сваім участку адказнасці, гарантаваць абмен інфармацыяй у працэсе кіравання войскамі.

У падраздзяленні служаць не толькі мужчыны, у калектыве хапае і прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва ў пагонах. Жанчыны аказваюць не менш важкую дапамогу, нароўні служаць дзеля выканання адпаведных задач. Таму сённяшняе свята справядліва сустракаюць разам з калегамі па службе. Хаця яно таксама пройдзе як і іншыя будні: у няспыннай службе на абароне сваёй Радзімы.
Варта адзначыць, што ваенны вузел сувязі актыўна ўдзельнічае і ў ваенна-патрыятычным выхаванні падрастаючай моладзі. З нагоды чаго з ахвотай сустракаюцца з вучнямі гарадскіх і вясковых школ у рамках «Урокаў мужнасці» і заняткаў па прафарыентацыі.
Алег Сідарэнка
Фота аўтара
