Вторник, 7 октября 2025

Беларуская энергетыка — трывалая падтрымка для новых дасягненняў

551

У красавіку 2024 года адбыўся хоць і чарговы, 7-ы па ліку, але самы знакавы Усебеларускі народны сход. Пасля рашэння Прэзідэнта надаць яму статус вышэйшага органа народаўладдзя на УНС сёмага склікання былі распрацаваны важкія праграмныя праекты, якія вызначылі стратэгічныя накірункі развіцця грамадства і эканомікі беларускай дзяржавы. Таксама была зацверджана непахіснасць канстытуцыйнага ладу, пераемнасць і грамадзянская згода.
У такіх маштабных абмеркаваннях прынялі ўдзел і дэлегаты з Пружанскага раёна. І праз год мы запыталі, што прывезлі яны з УНС і паспелі ўкараніць у нашым рэгіёне за мінулы перыяд.

Аляксандр Богдан, першы намеснік дырэктара — галоўны інжынер філіяла «Пружанскія электрычныя сеткі» Брэсцкага РУП «Брэстэнерга»:
Любая глабальная справа складаецца з дробных унёскаў, якія кожны з дэлегатаў УНС робіць на сваім месцы. Мы прымаем удзел у маштабных праектах, уносім свае прапановы і вызначаем накірункі па іх рэалізацыі. Безумоўна, усё толькі на карысць нашых грамадзян. Спынюся на той сферы, дзе сам працую, — энергетыцы.


За час незалежнасці Беларусі ў Пружанскім раёне зроблена шмат для паляпшэння энергазабеспячэння мясцовых жыхароў і вытворчых прадпрыемстваў. І радуе тое, што кожны год аб’ёмы мадэрнізацыі толькі нарастаюць. У бліжэйшай перспектыве на 2026-2030 гады запланавана рэканструяваць у сельскай мясцовасці 53 аб’екты забеспячэння і больш за 56 кіламетраў электрасетак. Гэта робіцца з намерам задаволіць жаданні пружанцаў карыстацца электрычнасцю для абагрэву свайго жылля. Акцэнтую ўвагу, што маецца на ўвазе не толькі горад і буйныя гарадскія пасёлкі — Ружаны, Шарашэва, а таксама сельская мясцовасць. Дакладней, пераважна вёскі, каб там узровень жыцця нічым не адрозніваўся ад гарадскога. І попыт даволі высокі: ужо задаволена 1330 заявак.


Нямала робім у плане праграм па будаўніцтве жылля. У мікрараёне «Паўночна-Заходні» да канца года будзе створана частка новай энергетычнай інфраструктуры, якая дазволіць выдаваць участкі жадаючым пабудаваць свой дом. А яшчэ ў 2027 годзе там будзе ўзведзена новая падстанцыя.


Яшчэ вядзецца маштабная лічбавізацыя як сваіх унутраных працэсаў, так і для паляпшэння абслугоўвання кліентаў. Маю на ўвазе аўтаматызаваную сістэму ўліку электраэнергіі АСКУЭ, магчымасці якой многія абаненты ўжо ацанілі. А хутка імі будуць карыстацца абсалютна ўсе жыхары раёна.


Нельга прамінуць наш удзел у эканамічным развіцці Пружаншчыны. Напрыклад, мы пільна сочым за ростам магутнасцей нашай прамысловасці, каб прадпрыемствы маглі рэалізаваць свае планы па адкрыцці новых цэхаў і іншых вытворчых аб’ектаў без затрымак у чаканні электразабеспячэння. А ў Ружанах больш накіраваны на садзейнічанне турыстычнага патэнцыялу, які ўжо даволі вядомы за межамі рэгіёна. Такім чынам, працуем на апярэджанне, падтрымліваючы, а не стрымліваючы.


У завяршэнне зазначу, што мы яшчэ толькі ў стане развіцця, перашкод для далейшага росту ў нас няма. Патрэбна толькі грамадскае яднанне і аднадушнае жаданне ўсіх жыхароў рухацца наперад, абапіраючыся на зробленае. Вось той вынік нам прынясе тая сіла, што нараджаецца ў адзінстве.


Алег Сідарэнка
Фота Кацярыны Масік