
Восень як прадвесніца зімовага сну ў прыродзе. Але гэта ніяк не датычыцца сельскіх працаўнікоў. У ААТ «Жураўлінае», як і ў іншых гаспадарках раёна, ідзе чарговая азімая сяўба, шчыруюць садаводы, адным словам, спакой ім толькі сніўся.
Чалавек без працы не можа сябе адчуваць паўнацэнна на гэтым свеце. Цяжка нават уявіць, што нехта з нас здольны на тое, каб з дня ў дзень ляжаць на канапе, каб яшчэ кармілі з лыжкі, толькі глядзець у столь і марыць аб незлічоных багаццях. А як жа абладзіць свой дабрабыт, забяспечыць сваю сям’ю ўсім неабходным, падтрымаць ганаровае званне працавітага беларуса? Ды і трэба разумець, што ад кожнага з нас залежыць, у якой краіне будзем жыць мы ці не стане сорамна перад дзецьмі за пражытыя гады? Ужо пэўна, што нашым сельскім працаўнікам няма чаго вочы да зямлі апускаць, працай надзённай заслужылі павагу.
Гэтымі людзьмі ганарыцца ўся Беларусь. Любяць яны родную зямлю, песцяць яе і галубяць. Як, напрыклад, работнікі ААТ «Жураўлінае». Шчыруюць на поўную сілу, бо восенню спраў у гаспадарцы не стала менш. Гэта ж трэба своечасова пасеяць азімыя культуры, перш, зразумела, узараць глебу, падрыхтаваць да сяўбы. І ўсё зрабіць не абы-як, укласці душу, абавязкова захаваць агратэхнічныя тэрміны.
План для гаспадаркі сёлета па азімых — 4300 га, на панядзелак бягучага тыдня ўжо справіліся на 81 %. На 29 верасня на 100 % выйшлі па пшаніцы і ячменю.
Каму даверыць такую важную для сельгаставарыства работу? Канечне, вопытнаму трактарысту-машыністу Аляксандру Сахаруку, які з 1989 года працуе на зямлі, ведае ўсе падыходы да яе, жыве работай. Гэта цэніць кіраўніцтва ААТ «Жураўлінае», таму за нядаўнім часам даверыла механізатару энерганасычаны трактар нямецкай вытворчасці «Deutz-Fahr», а да гэтага дзевятнаццаць гадоў адпрацаваў на «John Deere». Вось вам прыклад сапраўднага селяніна, беларуса працы, які і не марыць аб іншым жыцці, бо знайшоў сваё прызначэнне ў гэтым свеце. На мінулым тыдні Аляксандр Сахарук каля в. Агароднікі займаўся сяўбой азімага трыцікале. Сеялка «АМAZONE» дазваляе ўкладаць зерне ў 48 радкоў. Усё робіцца з высокай дакладнасцю, дзякуючы камп’ютару ў трактары, ніякіх прабелаў. Так вось і атрымліваецца за дзень засеяць да 40 га, выдаткоўваючы на кожны гектар 280 кг зерня. Заўважым, што ў сельгаставарыстве выкарыстоўваецца насенны матэрыял толькі высокай якасці, каб потым не шукаць усходы з лупай і не гараваць над слабым ураджаем.

ААТ «Жураўлінае» — гаспадарка шматгранная. Таварыства таксама мае і свой фруктовы сад агульнай плошчай 181 га. Трэба ж і туды завітаць, пацікавіцца справамі. Па месцы сустрэліся з вядучым аграномам Сяргеем Парфенюком. Аказваецца, збор духмяных яблыкаў пачаўся з 15 верасня. Сярод іх можна назваць «алесю», «беларускае салодкае», «вербнае». За смакавыя якасці адказваем самі, бо частаваліся «мядовым хрустам». Проста не перадаць пах яблыка, ды і на выгляд вельмі прывабнае. Гэта, канечне, не ўсе гатункі, але пералічваць астатнія не будзем, няхай застанецца невялікі сакрэт, каб кожны спажывец вітаміннай прадукцыі потым адкрываў перавагі таго ці іншага яблыка.
Дарэчы, ужо ў гэтую сераду сельгаставарыства распачынае рэалізацыю дадзенай прадукцыі. Яблыкі можна набыць прама на фруктасховішчы ў в. Янаўцы, у гандлёвых кропках раёна, у тым ліку і фірменных.
Яшчэ раз упэўніліся ў тым, што любая праца мае права на жыццё. Усюды можна быць карысным, задаваць тэмп, любіць сваю работу. Толькі б было жаданне і душа ляжала да абранага занятку. І першага, і другога ў нашых сельскіх працаўнікоў хоць адбаўляй.
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік