Вторник, 30 сентября 2025

У ААТ «Агра-Калядзічы» ідзе ўборка цукровых буракоў

160
На здымку: адносьцеся да любой работы так, як механізатар Аляксандр Басак.

У бягучым годзе ў краіне плануецца сабраць ураджай караняплодаў са 107 тыс. га.

Шчасце для кожнага, калі жывецца мірна і сытна, душа спакойная за сябе і за сваіх родных, калі кожны дзень прыносіць толькі задавальненне і жаданне быць карысным сваёй краіне. З усяго пералічанага і складаецца салодкасць ад знаходжання на гэтым свеце. Але ёсць і другі бок медаля. Хто ж з нас адмовіцца ад такіх смачных цукерак, булачак, тортаў, іншай здобы? Няма сярод нас ніводнага чалавека, каб за жыццё ніколі не паспрабаваў цукру, не адчуў задавальнення ад з’едзенай лыжачкі варэння.

Ужо на пачатак верасня пачалася масавая ўборка цукровых буракоў на асноўных плошчах — гэта Брэсцкая, Мінская, Гродзенская і Магілёўская вобласці. І за працавітасць, і цярплівасць беларусам даецца па заслугах: ураджайнасць караняплодаў перавышае мінулагоднія паказчыкі ( на гэтым тыдні па краіне прыкладна 472 ц/га). А гэта ўпэўненасць, што чай без цукру піць не будзем, усё будзе ў нас чынам і ладам.

Не застаецца ў баку ад буракаводства, канечне, і Пружаншчына. Ужо традыцыйна вырошчваннем салодкіх караняплодаў у нашым раёне займаюцца ААТ «Шані-аграпрадукт», «Мурава», «Велікаселдьскае Агра» і «Агра-Калядзічы». Агульная плошча сёлета пад цукровымі буракамі — 1340 га. А ўраджайнасць наогул радуе: пакуль 590 ц/га супраць 526 у 2024 годзе. Плод карпатлівай работы сельскіх працаўнікоў, не трэба спасылацца на перашкоды, а шукаць шляхі іх пераадолення, падыходзіць да любой справы з энтузіязмам. Дарэчы, у раёне распрацаваны план, згодна якога гаспадаркі павінны па чарзе ўбіраць буракі, каб потым у вызначанай паслядоўнасці адгружаць іх на Жабінкаўскі цукровы завод. Калі сістэма адладжана, тады кожны працуе без прастояў, нават плануе работу наперад.

У ААТ «Агра-Калядзічы» ўжо не першы год на звышмагутным бурака-ўборачным камбайне «ROPA Tiger 6» шчыруе механізатар Аляксандр Басак. Як сам адзначае, на такой тэхніцы працаваць — адно задавальненне. Тут табе і камфортная кабіна з сэнсарным тэрміналам і шматлікімі аўтаматычнымі праграмамі, якія забяспечваюць найлепшыя рэзультаты збору ўраджаю. І высокая прадукцыйнасць выгрузкі бункера ў 23 тоны. Уборка праходзіць шпаркімі тэмпамі, адгружаючы толькі чыстую і якасную прадукцыю і дазваляючы за рабочы дзень апрацаваць да 15 га.

Дарэчы, сельгаставарыства ўжо выпрацавала для сябе самыя аптымальныя падыходы ў вырошчванні цукровых буракоў. Гэта і падрыхтоўка глебы, і ўнясенне ўгнаенняў, сяўба ў вызначаныя тэрміны. На асаблівым кантролі захаванне агратэхнікі, таму што на вока рабіць — сабе ў шкоду, у гаспадарцы закупляюцца толькі высакаякасныя прэпараты ад пустазелля і шкоднікаў. Вызначыліся і з гібрыдамі салодкіх караняплодаў. Адсюль і ўраджайнасць у 555 ц/га. А яшчэ ў ААТ «Агра-Калядзічы» за дабрабыт усіх і кожнага як кіраўніцтва сельгаставарыства, так і працаўнікі. Як думаецца, гэта галоўны складнік у любой справе.

Вочы баяцца, а рукі робяць. Толькі вось, здаецца, у нашых сельскіх працаўнікоў крышачку інакш. Яны бачаць мэту і ўпэўнена ідуць да яе. Кожны з іх жыве на роднай зямлі, ад таго нічога і не пужаецца.

Вадзім Раўнейка. Фота Руслана Басака