Воскресенье, 26 октября 2025

На берегу озера Паперня состоялся районный туристический слет, посвященный 80-летию Победы советского народа в Великой Отечественной войне

704

Пах соснаў, дым вогнішча, гукі гітары і смех. Такая атмасфера панавала на беразе возера Паперня з 15 па 17 жніўня. І хоць дружалюбныя зносіны і душэўныя пасядзелкі ля кастра былі неад’емнай часткай раённага турыстычнага злёту, прысвечанага 80-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, спартыўны азарт і дух саперніцтва не давалі расслабіцца ні на мінуту!

Моцныя, спрытныя, крэатыўныя і таленавітыя — менавіта такімі былі ўдзельнікі раённага турыстычнага злёту, які чарговы раз даказаў сваю значнасць для моладзі Пружанскага раёна. Арганізатарамі мерапрыемства сталі аддзел ідэалагічнай работы і па справах моладзі, РФСК «Мухавец» і раённы камітэт ГА «БРСМ».

За званне лепшых змагаліся прадстаўнікі самых розных прафесій: вертыкаль мясцовай улады, медыкі, работнікі сельскай гаспадаркі і культуры, дарожнай і камунальнай службы і многія іншыя. Усяго ў турзлёце прыняло ўдзел 10 каманд, якія разам налічвалі каля 200 удзельнікаў.

Старт турыстычнаму злёту даў галоўны суддзя спаборніцтваў Аляксандр Бажко, пажадаў камандам поспехаў, выдатнага настрою, пазнаёміў удзельнікаў з праграмай правядзення мерапрыемства, а таксама правёў жараб’ёўку. Першы сакратар Пружанскага РК ГА «БРСМ» Ульяна Апаляйчук падтрымала пазітыўны настрой, звярнуўшыся да ўдзельнікаў з прывітальным словам і пажаданнем выдатнага адпачынку.

Турзлёт пачаўся з бітвы розумаў: каманда райвыканкама чарговы раз перамагла ў інтэлектуальным конкурсе «Слоўная галаваломка». Далей двухдзённыя спаборніцтвы па валейболе, поўныя нечаканых паваротаў і захапляльных момантаў. І, мабыць, самым яркім з іх стала ўзыходжанне «Камунальніка» на вяршыню п’едэстала. Бо яшчэ ў мінулым годзе гэтая каманда была толькі ў сярэдзіне табліцы, а сёння, дэманструючы цудоўную гульню, яны абыгралі ўсіх сапернікаў, абышоўшы нават моцныя каманды РАНС і райвыканкама.

У праграме турзлёту знайшлося месца і для выпрабавання на трапнасць і вытрымку — спаборніцтваў па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі. І тут нязменна выдзялялася каманда бальніцы, чые стралкі метадычна закрывалі «яблычкі», чарговы раз пацвярджаючы свой тытул лепшых у раёне.

Вечар злёту прысвячаўся кранальным візітоўкам па тэматыцы 80-годдзя Перамогі. Артыстызм і крэатыўнасць моладзі не ведалі межаў! Кожнае выступленне стала ўнікальным спосабам аддаць даніну памяці героям і нагадаць аб важнасці міру. Асабліва крануў сэрцы гледачоў і суддзяў нумар «Памяці загінуўшым будзьце годныя» ад каманды ААТ «Шані-аграпрадукт», прасякнуты шчырасцю і глыбокай павагай да подзвігу савецкіх салдатаў. Але на гэтым вечар творчасці не скончыўся. Конкурс «Майстар-шэф» пераўтварыў бераг Паперні ў сапраўдны кулінарны подыум. Фантазія ўдзельнікаў біла ключом, а водары разносіліся па ўсім возеры. І зноў каманда ААТ «Шані-аграпрадукт» уразіла ўсіх сваім кулінарным шэдэўрам, пакарыўшы журы не толькі густам, але і арыгінальнай падачай. Варта таксама адзначыць, што кожная каманда падышла да гэтых творчых выпрабаванняў з душой.

Пасля валейбола ўдзельнікі змагаліся на спартыўна-турыстычнай паласе. У гэтым годзе ратавальнікі з РАНС былі хутчэйшыя і спрытнейшыя за ўсіх, абышоўшы мінулагодніх лідараў, каманду ЦРБ.


«Калідор», «вароты», «арэлі», «змейка» … Якіх толькі перашкод не было на паласе фігурнага ваджэння веласіпеда. Удзельнікі турзлёту павінны былі прадэманстраваць цуды спрыту і балансу, каб прайсці ўсе выпрабаванні без памылак. І лепш за ўсіх з гэтай задачай справілася пружанскія медыкі, паказаўшы сапраўднае віртуознае ваджэнне і заваяваўшы заслужанае першае месца.

А ўжо на фінішы спаборніцкай праграмы каманда ЦРБ зноў пацвердзіла свой высокі ўзровень і заняла першае месца ў спартыўным арыентаванні. Выдатная фізічная падрыхтоўка і ўменне чытаць карту зрабілі сваю справу.

А яшчэ вячэрнюю Паперню напаўнялі гукі музыкі, смех і песні ля вогнішча. Пасля напружаных спаборніцтваў прыходзіў час для заслужанага адпачынку. У кожным лагеры панавала свая атмасфера, але асаблівым месцам прыцягнення для ўсіх удзельнікаў ужо традыцыйна стаў лагер ААТ «Шані- аграпрадукт», заманьваючы ўсіх неверагоднай атмасферай, яркімі спецэфектамі і запальнай музыкай. Моладзь з задавальненнем танцавала і размаўляла, зараджаючыся пазітывам і энергіяй.

На ўрачыстай цырымоніі закрыцця турзлёту ўсе каманды атрымалі заслужаныя ўзнагароды за ўдзел у розных відах спаборніцтваў. У напружанай барацьбе званне пераможцы ў агульным заліку заваявала каманда Пружанскай ЦРБ, прадэманстраваўшы выдатныя вынікі ва ўсіх дысцыплінах. Другое месца занялі ратавальнікі з РАНС, а трэцяе – каманда ААТ «Ружаны-Агра».

Гледзячы на гэтых энергічных і мэтанакіраваных маладых людзей, не застаецца сумненняў: з такой моцнай і актыўнай моладдзю будучыня Пружаншчыны ў надзейных руках!

Больш фотаздымкаў тут: альбом

Крысціна Асіпчук. Фота аўтара