Воскресенье, 26 октября 2025

Актыўныя, спартыўныя, яскравыя! Адбыўся чарговы турыстычны злёт для працоўнай моладзі Пружаншчыны

1 020

Шэсць каманд і тры яркія і незабыўныя дні — так коратка можна сказаць пра раённы турыстычны злёт сярод моладзі прадпрыемстваў і арганізацый Пружаншчыны. Каторы год запар мерапрыемства збірае на Паперні ўсіх, хто сябруе са спортам і любіць актыўны адпачынак.

Сёлета ў складзе ўдзельнікаў адбыліся змяненні, хоць колькасць каманд, якія прыехалі на турзлёт, засталася такой жа, як і ў 2021-м. Засталіся вернымі традыцыі і, як і ў мінулым годзе, адправілі свае каманды ААТ «Ружаны-Агра», «Пружанскі райаграсэрвіс» і Пружанская ЦРБ. Калі летась «Камунальнік» і райвыканкам выступалі як адна зборная, то цяпер калектывы гэтых устаноў былі канкурэнтамі. Яшчэ адна каманда, якая не ўдзельнічала ў турзлёце-2021, прадстаўляла філіял «Айчына» ААТ «Белавежскі».

Арганізатары, а імі выступілі аддзел ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама, райкам БРСМ, РФСК «Мухавец», раённыя арганізацыі ГА «Белая Русь» і ДТСААФ, а таксама раённае аб’яднанне прафсаюзаў, падрыхтавалі мноства конкурсаў і выпрабаванняў. Умоўна іх можна падзяліць на тры блокі: адукацыйны, спартыўны і культурна-творчы. Крэатыўна прадставілі каманды свае візітоўкі. Роўных тут не было ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс». Гэтая ж каманда перамагла ў інтэлектуальным квізе. А вось у бліц-турніры мацнейшымі аказаліся прадстаўнікі ААТ «Ружаны-Агра». Яны ж літаральна вырвалі перамогу ў перацягванні каната і кідку вагі на дыстанцыю.

Пацвердзіла статус вопытных велааматараў зборная Пружанскай ЦРБ. Медыкі, як і летась, сталі лепшымі ў фігурным ваджэнні веласіпеда. Перамогу яны атрымалі і ў іспыце пад назвай «крос-кантры». Першымі былі на спартыўна-турыстычнай паласе, а таксама прызнаны самымі трапнымі ў стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі. Што да спаборніцтваў па дартсе, то тут не пакінула шанцаў канкурэнтам зборная філіяла «Айчына» ААТ «Белавежскі».

Валейбольны міні-турнір праходзіў на працягу ўсіх трох дзён злёту. Яго ўпэўненымі пераможцамі сталі работнікі Пружанскага райвыканкама.

Трэба адзначыць, што жылі каманды ў самастойна створаных палатачных гарадках. У кожнага жыллё было па-свойму прыгожым, але перамогу ў конкурсе быту журы аддало КУВП «Камунальнік».

Уразіў і конкурс страў «Майстар-шэф». Пакарыла ўсіх каманда філіяла «Айчына» ААТ «Белавежскі», якая прыгатавала страву з бліноў з марынаванымі грыбамі і мясам.

Ну а вынікі турзлёту-2022 наступныя. Бронзавы прызёр — каманда КУВП «Камунальнік». На другім месцы — мінулагоднія лідары, прадстаўнікі Пружанскай ЦРБ. Рывок з трэцяга месца, занятага летась, на першае сёлета зрабілі работнікі ААТ «Ружаны-Агра». Падкрэслім, што разрыў у балах сярод прызавой тройкі вельмі малы.

Усе пераможцы атрымалі падарункі, а кожны ўдзельнік злёту — вялікую колькасць станоўчых эмоцый. Менавіта таму арганізатары спадзяюцца, што ў наступныя гады мерапрыемства збярэ большую колькасць каманд і стане яшчэ больш маштабным.

Уладзіслаў Шпарла. Фота прадастаўлены ўдзельнікамі злёту.