Воскресенье, 19 мая 2024

Пра сябе, пра вайну, пра таварышаў… Разам гартаем рукапісную аўтабіяграфію ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны з Пружанскага раёна Уладзіміра Макарчыка

338

Вялікая Айчынная вайна — адна з гераічных старонак у летапісе нашай краіны. Асаблівае значэнне для нас, нашчадкаў, маюць сёння сапраўдныя дакументы яе ўдзельнікаў: успаміны былых воінаў, партызан, падпольшчыкаў, франтавыя лісты, фатаграфіі, паштоўкі, кнігі, газеты ваеннага часу. Але ўсё гэта, калі захоўваецца ў асабістых архівах ветэранаў вайны і членаў іх сем’яў, на жаль, застаецца невядомым шырокаму кругу грамадскасці. Тым больш, што захаваць дакументы ў сілу розных акалічнасцей бывае цяжка: тэксты лістоў выцвітаюць, фатаграфіі жоўкнуць… Забяспечыць захаванасць кожнай старонкі гісторыі, магчымасць данесці яе да будучых пакаленняў закліканы дзяржаўныя архівы. Яны гарантуюць уладальніку свабодны доступ да перададзеных на вечнае захоўванне матэрыялаў, а даследчыкам — доступ на ўмовах, абгавораных гаспадарамі пры здаванні.

Занальны дзяржаўны архіў у г. Кобрыне звяртаецца да ветэранаў, іх родных і блізкіх з просьбай перадаваць на пастаяннае захоўванне асабістыя і іншыя дакументы перыяду Вялікай Айчыннай вайны: успаміны, аўтабіяграфіі, лісты ваенных гадоў, фатаграфіі, дзённікі і г.д.

Цяпер у нашым архіве знаходзяцца на захоўванні дакументы васьмі ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Адзін з іх — былы жыхар Пружанскага раёна Уладзімір Васільевіч Макарчык.

Уладзімір Васільевіч Макарчык. Фота 1990-х гадоў.

Уладзімір Макарчык нарадзіўся ў 1920 годзе ў в. Паўлаўцы Барысаўскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Скончыў пачатковую школу, працаваў у калгасе, кіраваў клубам і адначасова вучыўся ў Барысаўскім лесарабфаку. Пазней працаваў сакратаром нарсуда ў г. Барысаве і завочна займаўся ў Мінскай юрыдычнай школе.

У 1939 годзе па пуцёўцы камсамолу Макарчык быў накіраваны ў Заходнюю Беларусь, а ў 1940-м прызваны ў Чырвоную армію. Вялікая Айчынная вайна заспела вайскоўца ў Азербайджане, дзе ён у званні малодшага палітрука служыў у кавалерыйскай дывізіі. Яна была накіравана на перафарміраванне пад Новарасійск. Тут Уладзімір Васільевіч трапіў у асобны полк сувязі 44-й арміі Закаўказскага фронту на пасаду камсамольскага арганізатара палка. У студзені 1942 года з дэсантам быў закінуты на Керчанскі паўвостраў.

Уладзімір Макарчык — удзельнік вайны.

Керчанска-Феадасійская дэсантная аперацыя суправаджалася цяжкімі баямі і значнымі людскімі стратамі. Вясной Уладзімір Макарчык быў паранены, трапіў у шпіталь, дзе і быў захоплены ў палон. Яму давялося прайсці праз пякельныя пакуты і зневажанні. Быў за калючым дротам у Джанкоі, Днепрапятроўску, Роўна. Пад Кракавам ён збег, быў схоплены і зноў збег — на гэты раз паспяхова. Два гады партызаніў: спачатку на тэрыторыі Польшчы, а пазней — у атрадзе імя Жукава брыгады імя Леніна на тэрыторыі Брэсцкай вобласці. Пасля вызвалення Беларусі зноў трапіў у дзеючую армію, стаў байцом стралковага палка. Дэмабілізаваўся ў званні старшага сяржанта ў 1946 годзе. За актыўныя баявыя дзеянні пры ўзяцці гарадоў і крэпасцяў Польшчы і Германіі меў падзякі ад Вярхоўнага Галоўнакамандуючага І.В.Сталіна. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 2 ступені, медалямі «За баявыя заслугі», «За вызваленне Варшавы», «Партызану Айчыннай вайны 2 ст.», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.».

У Пружаны Уладзімір Васільевіч трапіў ў 1956 годзе: менавіта ў гэты час у нашым райцэнтры была ўтворана Брэсцкая абласная дзяржаўная сельскагаспадарчая доследная станцыя, і Макарчык быў пераведзены сюды бухгалтарам з аналагічнага прадпрыемства ў Нясвіжы. Скончыў двухгадовыя курсы павышэння кваліфікацыі галоўных бухгалтараў, 11 класаў Пружанскай сярэдняй школы працоўнай моладзі. Уладзімір Макарчык быў актыўным і творчым чалавекам, вёў выхаваўчую работу сярод моладзі, выступаў з лекцыямі і гутаркамі, падтрымліваў цесную сувязь з музеямі, з‘яўляўся селькорам раённай і абласной газет, нават пісаў вершы.

У дзяржархіве захоўваюцца аўтабіяграфія ветэрана, вайсковае пасведчанне, падзякі І.В.Сталіна, ганаровыя граматы, артыкулы за яго подпісам, апублікаваныя ў газетах, фатаграфіі і інш.

Наградны ліст партызана У.В.Макарчыка.

Кожны дакумент уяўляе важнасць і цікавасць. Але ўспаміны, напісаныя ім пад назвай «Пра сябе, пра вайну, пра таварышаў», заслугоўваюць асаблівай увагі. У сшытку фармату А4 рукапіснага тэксту на 96 лістах апісаны кожны самы значны і запамінальны этап яго жыцця, пачынаючы з дзіцячых гадоў. Маецца і некалькі артыкулаў У.В.Макарчыка, апублікаваных у Брэсцкай абласной газеце, пра партызанскі атрад, баявых таварышаў і баявыя будні. У мемуарах, прысвечаных часам Вялікай Айчыннай вайны, ён апісвае, як праходзілі баі, як сустракаліся з ворагам тварам да твару, як ад убачанага і перажытага ў гэтай вайне ў яго, як і ва ўсіх, хто ваяваў, «…была душэўная рана за спаленыя гарады і вёскі, за зняважаную нашу зямлю, за загінулых таварышаў, за пакуты людзей, за слёзы маці».

Вось, напрыклад, як апісвае Уладзімір Васільевіч дзень 9 мая 1945 года.

«…У гэты дзень мы адпачывалі ад баёў, але ўся наша ўвага была засяроджана на баявой вучобе. Уважліва сачылі за зводкай Інфармбюро. 8 мая да нас дайшлі яшчэ не зусім пацверджаныя чуткі пра капітуляцыю Германіі. А 9 мая мы пра гэта даведаліся афіцыйна. Радасці не было канца. Без каманды стралялі ўгару з усіх відаў зброі. Асвятляльныя ракеты сведчылі пра бязмерную радасць стомленых салдатаў і афіцэраў. На тварах усіх вайскоўцаў былі радасныя ўсмешкі. Гралі на гармоніку, спявалі песні, танцавалі. Старшы сяржант грузін Мікалай Мчадлішвілі, малодшы лейтэнант украінец Паўленка, я — беларус і сяржант Палянскі — рускі, абняўшыся, ішлі па вуліцы і спявалі песню. Наш камандзір роты капітан Дзявятаў сфатаграфаваў нас трафейным фотаапаратам… А калі наша часць расфарміроўвалася, ён падарыў мне гэту фатаграфію…»

Той самы «інтэрнацыянальны» фотаздымак, зроблены 9 мая 1945 г. У.Макарчык — крайні справа.

Гэты фотаздымак — як знак адзінства і братэрства, як мост паміж мінулым і цяперашнім для нас, якія жывуць сёння. Ён апавядае нам пра тое, што ў цяжкія дні ў гады Вялікай Айчыннай вайны савецкі народ быў адной велізарнай сям‘ёй, з‘яднанай адной ідэяй і мэтай — заваяваць Вялікую Перамогу і жыць у міры.

На жаль, Уладзіміра Васільевіча ўжо няма з намі, але ён назаўжды застанецца ў памяці сучаснікаў і будучых пакаленняў. І спрыяць гэтаму будуць яго асабістыя дакументы, якія захоўваюцца ў дзяржархіве. Пройдуць стагоддзі, але гэтыя жывыя дакументы не страцяць магутнай сілы ўздзеяння. Дзіўна простыя, напісаныя сэрцам, яны ярка раскрываюць веліч подзвігу, здзейсненага народам, яго любоў да Радзімы.

Калі вы жадаеце таксама здаць дакументы на пастаяннае захоўванне, просім паведаміць пра гэта на адрас: вул. Савецкая, 135 Г, 225304, г. Кобрын Брэсцкай вобласці, па тэлефонах: тэл. факс (8 01642) 3-64-09, 4-22-09 або на электронную пошту arhivkbr@brest.by.

Таццяна Якушык, вядучы архівіст