Среда, 1 мая 2024

Амаль 40 гадоў працуе механізатарам у ААТ «Мурава» Мікалай Бульчук

808

Працаваць аператыўна, зладжана і, што самае галоўнае, якасна – прынцып, якім на працягу многіх гадоў кіруюцца работнікі ААТ «Мурава». Так, сезон падыходзіць да завяршэння, але расслабляцца тут і не думаюць. Гэта дае добры вынік. Мяркуйце самі: у гаспадарцы аператыўна справіліся з уборкай кукурузы на сілас і зерне, а яшчэ першымі ў раёне завяршылі ўборку цукровых буракоў. З кормам для жывёлы таксама ўсё ў парадку: сена, сенажу і сіласу нарыхтавана звыш плану.

Зараз на палеткі актыўна ўносіцца арганіка: у сельсгаставарыстве імкнуцца перавыканаць план і па зяблевым ворыве.

На гэтых работах мы і заспелі Мікалая Уладзіміравіча Бульчука. Мужчыну ў гаспадарцы шануюць, да яго меркавання прыслухоўваюцца. Усё таму, што «Мураве» ён аддаў 36 гадоў.

— Родам я з суседніх Навасёлак. У гаспадарку прыйшоў пасля заканчэння школы. Тут жа калісьці працаваў зваршчыкам мой бацька Уладзімір Паўлавіч. Я ж рабочую спецыяльнасць атрымаў у Шарашоўскім ВПК. Тры гады служыў на флоце — на баявым караблі ў Севастопалі, а пасля вярнуўся ў «Мураву» і працую тут усё жыццё, — апавядае механізатар.

Асноўны агрэгат, на якім шчыруе Мікалай Бульчук зараз, — пагрузчык «Амкадор». Уласна, з яго дапамогай ён і ўносць арганічныя ўгнаенняў пад кукурузу. Успамінае, што калі толькі прыйшоў у гаспадарку, сеў на трактар «Т-40» з яшчэ драўлянай кабінай!

За амаль 40 гадоў тэхніка, безумоўна, стала куды больш якаснай, але і складанай, што зусім не палохае механізатара. Так, улетку ён працаваў на ўборцы зерня на «Лідзе-1300». Усе 157 га цукровых буракоў самастойна ўбраў на камбайне «Kleine». Галоўны аграном Сяргей Сцяпанаў з гонарам прыводзіць лічбы: дзякуючы добрасумленнай рабоце Мікалая Уладзіміравіча ў гаспадарцы сабрана больш за 11300 тон салодкай культуры. Ураджайнасць склала 725,5 ц/га. Пакуль што яна вышэй за сярэднераённы паказчык. І гэта пры тым, што ўборка буракоў, па словах механізатара, ускладняецца вялікай камяністасцю глебы.

Калі з цукровымі караняплодамі было пакончана, Мікалай Уладзіміравіч перабазіраваўся на палетак, куды ўносяць угнаенні. Каб на наступны год зямля дала добры ўраджай, у яе ўнясуць больш за 80 тон арганікі на кожны гектар. Работы нямала, таму і зараз працоўны дзень механізатара зноў пачынаецца і заканчваецца ў прыцемках.

Дарэчы, па бацькавых слядах, можна сказаць, пайшла малодшая дачка Таццяна. Яна вырашыла звязаць жыццё з сельскай гаспадаркай, закончыла Гродзенскі аграрны ўніверсітэт і зараз працуе ў цяплічнай гаспадарцы.

Мікалай Уладзіміравіч перакананы, што галоўнае ў любой рабоце, а тым больш на палях, – жаданне і працавітасць. Калі яны ёсць, то і справа спорыцца, і зводка радуе высокімі паказчыкамі.

Уладзіслаў Шпарла. Фота аўтара

У нумары за 6 лістапада вы зможаце азнаёміцца з інфармацыяй ад райсельгасхарчу пра ход зяблевага ворыва ў раёне, а таксама пра нарыхтоўку кармоў для жывёлы.