Пятница, 17 мая 2024

VІ Усебеларускі народны сход завяршыўся. Меркаваннямі дзеляцца дэлегаты і пружанцы, якія сачылі за форумам

375

На працягу двух дзён на Усебеларускім народным сходзе абмяркоўваліся далейшыя напрамкі развіцця беларускага грамадства, неабходныя змяненні для найбольш поўнага ўдзелу насельніцтва ў прыняцці дзяржаўных рашэнняў. Гэта пераразмеркаванне паўнамоцтваў паміж галінамі ўлады, наданне Усебеларускаму народнаму сходу канстытуцыйнага статуса, умацаванне мясцовага самакіравання, павышэнне ролі грамадскіх структур у палітычным жыцці краіны.


Форум паказаў высокае запатрабаванне грамадства да захавання сістэмы каштоўнасцей і прыярытэтаў.

Раман Галоўчанка, Прэм’ер-міністр:
«Каб утрымліваць і заваёўваць новыя рынкі, трэба пастаянна абнаўляцца. За пяцігоддзе нам неабходна інвесціраваць больш як Br200 млрд, каб выйсці на запланаваныя параметры росту. Гэтыя грошы мы павінны з вамі зарабіць, а часткова і пракрэдытавацца».
«Вы можаце самі параўнаць Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на пяцігодку з перыядычна ўзнікаючымі рэкамендацыямі тэарэтыкаў, якія моцна жадаюць рэфармаваць беларускую эканоміку па ліберальным узоры так званага Вашынгтонскага кансэнсусу, які давёў да эканамічнага краху і дэфолту не адну дзяржаву. І нам працягваюць упарта падсоўваць з-за мяжы тыя ж рэцэпты: мінімізацыя ролі дзяржавы ў эканоміцы, маштабная прыватызацыя дзяржаўных актываў, адкрыццё рынку для свабоднага ўвозу замежных тавараў».
«Так, мы часам памыляемся ў разліках і рашэннях, вяртаемся назад, выпраўляем памылкі і зноў ідзём наперад разам. Гэта Праграма — не набор крыклівых заяў і папулісцкіх лозунгаў у стылі «шчасце для ўсіх дарма». Гэта план цяжкай і карпатлівай работы, у тым ліку і над сваімі памылкамі. Гэта Праграма не для таго, каб легчы на паліцу ў кабінеце, гэта Праграма дзеянняў».
«Упэўнены, што ўсе ўдзельнікі УНС згодны, што дапусціць дэіндустрыялізацыю Беларусі недаравальна. У прамысловасці нашы дасягненні неаспрэчныя, на сусветным рынку Беларусь у ліку лідараў у многіх сегментах. Трэць сусветнага рынку кар’ернай тэхнікі, пятая частка калійных угнаенняў — нашы. Кожны дзясяты трактар у свеце — беларускі».

Міхаіл Орда, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі:


«Прапаную ўвесці дадатковыя абмежаванні на рост цэн на найбольш запатрабаваныя лякарствы, прынамсі, у перыяд росту вірусных захворванняў. Гэта неабходна зрабіць, каб не было розных спекуляцый на павышаным попыце».
«Мы лічым, што трэба больш шырока прымяняць бестэрміновыя працоўныя дагаворы, у першую чаргу, для добрасумленных работнікаў. Для чалавека гэта будзе добрай матывацыяй і дадатковым стымулам у рабоце, дасць упэўненасць у заўтрашнім дні і, што немалаважна, будзе садзейнічаць умацаванню працоўных калектываў».
«Пад гучныя лозунгі і папулісцкія абяцанні, а па сваёй сутнасці, правакатарскімі дзеяннямі, беларусаў хочуць пазбавіць стабільнай работы і стабільнай зарплаты. Менавіта на гэта накіраваны эканамічныя санкцыі Еўрасаюза супраць беларускіх прадпрыемстваў. Самае парадаксальнае, што заходнія палітыкі гучна гавораць аб правах лю-дзей і пры гэтым самі груба парушаюць правы грамадзян нашай краіны».

Алена Богдан, старшыня ГА «Беларускі саюз жанчын»:
«Мы прыйшлі да разумення неабходнасці змянення адносін паміж грамадствам, дзяржавай і чалавекам. Самае галоўнае — умацоўваць суверэнітэт краіны. Гэта адказнасць кожнага. Мы ўсе прывыклі патрабаваць ад дзяржавы. Настаў час, калі інтарэсы грамадства павінны быць вышэйшымі за інтарэсы канкрэтнага чалавека. Наша прапанова — гэта крокі па выбудоўванні партнёрства, а не спажывецкіх адносін грамадзяніна і дзяржавы».

Меркаванні дэлегатаў
Сяргей Мікалаевіч Усік, вядучы аграном па кормавытворчасці
ААТ «Агра-Калядзічы»:


— У дакладзе Прэзідэнта былі агучаны задачы і прыярытэты развіцця краіны на бліжэйшыя пяць гадоў. Асабіста мяне парадавала, што нямала ўвагі ў ім было ўдзелена развіццю аграпрамысловага комплексу, каб сельгасвытворцы маглі не толькі забяспечыць харчовую бяспеку краіны, але каб і за яе межамі прадукцыя раслінаводства і жывёлагадоўлі карысталася вялікім попытам.
Аграрыяў Пружаншчыны ўсе гэтыя пытанні таксама хвалююць. Радуе, што развіццю сельскай гаспадаркі, ды і вёскі ўвогуле, па-ранейшаму будзе ўдзяляцца нямала ўвагі: плануецца будаўніцтва дарог, узвядзенне жылля ў сельскай мясцовасці, не застануцца без падтрымкі шматдзетныя сем’і. Перакананы, такая дзяржаўная палітыка пасадзейнічае прыцягненню моладзі ў вёску.

Святлана Вячаславаўна Карповіч, загадчыца акушэрскага аддзялення Пружанскай ЦРБ:


— Уражанне, у першую чаргу, зрабіў маштаб Усебеларускага народнага сходу: форум сабраў амаль тры тысячы чалавек з актыўнай пазіцыяй, канструктыўнымі прапановамі, слушнымі ідэямі. Ніводнае пытанне сацыяльна-эканамічнага развіцця не засталося без увагі. Цікава было паслухаць прагрэсіўныя думкі наконт далейшага развіцця краіны.
Вядома, як ва ўрача найбольшы інтарэс у мяне выклікалі пытанні, якія тычыліся медыцыны, дэмаграфічнай бяспекі краіны, аснашчанасці медустаноў, у тым ліку раённага ўзроўню. З высокай трыбуны асобна абмяркоўваліся такія пытанні, як здароўе жанчын, іх роля ў грамадстве, павышэнне прэстыжу інстытута сям’і, аказанне дапамогі шматдзетным сем’ям і нават праблема абортаў.
Прыехала са сталіцы з адчуваннем таго, што мы знаходзімся на парозе грандыёзных падзей, якія зменяць нашу краіну да лепшага. Чакаю пазітыўных пераўтварэнняў і руху наперад.

Меркаванні жыхароў Пружаншчыны
Сяргей Мікалаевіч Кавальчук, індывідуальны прадпрымальнік:


— Здаецца, ніводная галіна не засталася без увагі ўдзельнікаў Усебеларускага народнага сходу. Але я больш засяродзіўся нават не на тым, як будзе развівацца ў бліжэйшую пяцігодку прамысловасць, будаўніцтва ці медыцына — хаця гэта таксама вельмі важна, а на тым, якім чынам кіраўніцтва краіны збіраецца захаваць суверэнітэт Беларусі. У гэтым плане наша невялікая краіна можа стаць прыкладам для іншых краін постсавецкай прасторы і не толькі. Сведчанне таму — барацьба з пандэміяй: насуперак асуджэнням мы выбралі свой накірунак, які дазволіў не загубіць эканоміку.
Усебеларускі народны сход — гэта сапаўдны дыялог паміж уладай і грамадствам.

Алена Іванаўна Крупчук, пенсіянерка:


— З вялікім інтарэсам сачыла за работай гэтага маштабнага форуму ад пачатку да канца яго работы. Усебеларускі сход атрымаўся сапраўды ўсенародным: ён сабраў разумных, працавітых, кемлівых людзей з розных слаёў грамадства з вельмі правільнымі думкамі і ідэямі. А якімі эмацыянальнымі атрымаліся выступленні як у дэлегатаў, якія бралі слова, так і ў Прэзідэнта!
З вышыні пражытых гадоў маю права сцвярджаць, што Беларусь ідзе правільным шляхам. Сёння беларусам даступна ўсё: і медыцына, і адукацыя… Неабыякавасць да лёсу ўнукаў падштурхоўвае мой інтарэс і да дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. Вельмі правільна была звернута ўвага і на праблему прыватнага бізнесу, звязаную з выплатай зарплаты «ў канверце».
Вядома, час не стаіць на месцы, і трэба ўвасабляць у жыццё і нейкія новыя падыходы ў дзяржаўнай палітыцы. Але, перш за ўсё, кожны павінен зразумець: каб жыць у дастатку, трэба, перш за ўсё, працаваць.