Четверг, 19 июня 2025

Пяцікласніца СШ № 5 Марыя Сачэўка стала трэцяй у суперфінале рэспубліканскага тэлепраекта «Я ведаю!»

586

Трапіць на тэлебачанне… Думаецца, амаль кожны наш чытач хаця б раз у жыцці марыў пра гэта. Хтосьці ўяўляў сябе ў ролі вядучага навін ці іншых праграм, камусьці хацелася б, каб яго запрасілі на прамы эфір у якасці цікавага суразмоўцы. Гераіня, пра якую хочацца расказаць сёння, у свае 11 гадоў ужо двойчы прымала ўдзел у здымках тэлепраграмы. І ўсё дзякуючы ўласным ведам!

У пружанскай СШ № 5 пяцікласніцу Машу Сачэўка цяпер ведаюць літаральна ўсе. Яно і не дзіўна: дзяўчынка прымусіла многіх прымкнуць да тэлеэкранаў і ўключыць першую кнопку — тэлеканал «Беларусь 1» — не толькі аднакласнікаў, сяброў, настаўнікаў, але нават і тэхнічны персанал установы адукацыі. І не проста ўключыць, а яшчэ і шчыра перажываць за вучаніцу падчас тэлепраекта «Я ведаю!», удзельніцай якога і стала Марыя.

Маша Сачэўка падчас здымак «Я ведаю!».

А пачыналася ўсё… Не, не з заяўкі, а яшчэ з пачатковай школы. Як успамінае настаўнік нямецкай мовы, а цяпер яшчэ і класны кіраўнік Таццяна Пустазвонава, якая знаёма з дзяўчынкай з трэцяга класа, Маша заўсёды вылучалася сваёй актыўнасцю, дапытлівасцю і прагай да ведаў.

— Маша вельмі светлы чалавечак, гэтая дзяўчынка нібыта прыцягвае да сябе. Здаецца, ёй цікавыя абсалютна ўсе прадметы. Больш за тое, пакуль іншыя дзеці выконваюць адзін варыянт самастойнай работы, Маша на «выдатна» спраўляецца з двума! Таму калі прапаноўвала дзецям паспрабаваць свае сілы ў тэлевіктарыне, не было сумненняў, што паедзе туды менавіта Маша, — кажа Таццяна Аляксееўна.

Падача заяўкі, чаканне, збор узнагарод, зноў чаканне і нарэшце — запрашэнне на ўдзел у здымках адборачнай гульні праекта «Я ведаю!» сярод пяцікласнікаў. Маша прызнаецца: калі заяўку прынялі, стала чытаць падручнікі, што называецца, наперад і, канечне, глядзець выпускі гульні мінулых сезонаў. Усё для таго, каб быць поўнасцю падрыхтаванай да віктарыны. Асобныя тэмы, што сустракаліся ў праграмах, самастойна знаходзіла і вывучала з дапамогай інтэрнэту.

— Здымкі праходзілі на «Беларусьфільме». Было і крыху страшна, і ў той жа час вельмі цікава, але была ўпэўнена, што дайду да чацвёртага тура і прайду далей. Сапернікамі ў адборачнай гульні, як і ў фінале, сталі яшчэ 11 дзяцей. І вось чацвёрты тур, нас застаецца толькі двое — я і яшчэ адзін хлопчык, — дзеліцца эмоцыямі Маша.

Марыя Сачэўка з вядучай праекта Юліяй Пярцовай і класным кіраўніком Таццянай Пустазвонавай.

У выніку ў адборачнай гульні яна набрала 53 балы, гэта пры тым, што самы высокі вынік, які паказвалі пяцікласнікі, — 64. Аднак пружанка крыху саступіла саперніку і стала другой. Словы падтрымкі ад Таццяны Аляксееўны і вядучай праекта Юліі Пярцовай пачула ў так званай «настаўніцкай»: менавіта адсюль педагогі назіраюць за здымкамі, сюды ж пасля прыходзяць дзеці, каб падзяліцца ўражаннямі ад гульні.

Дарэчы, пра тэлебачанне. Ужо за кадрам вядучая праекта сказала Машы і настаўніцы, што дзяўчынка вельмі добра глядзіцца на экране, быццам адчуваючы, што сустрэнецца са школьніцай яшчэ.

Так і атрымалася! У сярэдзіне красавіка гледачы ўбачылі суперфінальную гульню сярод вучняў 5-х класаў Беларусі і Марыю Сачэўка ў ёй. Дзяўчынка паказала цудоўную гульню і такія ж веды. Адказы на большасць пытанняў трэцяга тура ведала, але тут усё вырашае хуткасць: хто першым націсне на кнопку і дасць правільны адказ. Нягледзячы на гэта, наша Маша — трэцяя сярод пяцікласнікаў Беларусі ў суперфінале тэлепраекта. Пагадзіцеся, вельмі годны вынік!

У школе Машу віншавалі аднакласнікі і настаўнікі, сярод якіх — першая, Святлана Пятроўна Пракаповіч. Менавіта яна разгледзела ў дзяўчынцы вялікі патэнцыял і самааддана займалася з ёю дадаткова. Дома за дачушку хваляваліся бацькі. Дарэчы, сям’я Марыі — шматдзетная, і дзяўчынка ў ёй — старэйшая сястра. Малодшая Аня вучыцца ў чацвёртым класе (пра яе поспехі і дасягненні мы таксама раней пісалі ў «раёнцы»). А брацік Косця мае толькі годзік. Сумавалі без гаспадыні кошка і хамячок. Дарэчы, з апошнім адбылася цікавая гісторыя.

— Хамяка на дзень нараджэння мне падарылі мама і тата. Па словах работніка зоамагазіна, гэта быў хлопчык. Але хутка наш хатні гадаванец схаваўся ў клетцы. Спачатку гэта напалохала, але якое ж было здзіўленне, калі мы ўбачылі… дзвюх маленькіх хамячкоў побач з вялікім! Цяпер яны жывуць у жывым кутку ЦТДМ. Там жа наведваю гурток па бісерапляценні, майструю вырабы з паперы, раней хадзіла на квілінг і батык, — дзеліцца дзяўчынка і шчыра прызнаецца, што паміж вучобай, мастацтвам і спортам аддае перавагу першым двум варыянтам.

І яшчэ крыху пра вучобу і перамогі. У трэцім класе Маша стала пераможцай раённага міжпрадметнага конкурсу «Пазнайка». А з чацвёртага класа пачала ўдзельнічаць у прадметных алімпіядах, і гэта не кажучы пра шматлікія конкурсы накшталт «Кенгуру» ці «Бусліка». У гэтым жа годзе ў складзе каманды пятай школы «Рысяняты», капітанам якой была, адстойвала гонар раёна на абласным піянерскім квізе. Там каманда заняла другое месца.

Сёлета ж пяцікласніца — першая ў раёне ў алімпіядзе па рускай мове і літаратуры! Разам з педагогам рыхтаваліся і да інтэлектуальных выпрабаванняў па нямецкай, аднак алімпіяды праводзіліся ў адзін і той жа час — давялося выбіраць. Сама ж Таццяна Пустазвонава кажа: Машу можна адпраўляць літаральна на любую алімпіяду. Усё таму, што дзяўчынка ставіць сабе мэту і ўпэўнена рухаецца да яе.

А яшчэ, мабыць, як і ўсе дзеці, любіць марыць. Напрыканцы мінулага года Марыя пабывала на губернатарскай навагодняй ёлцы ў Брэсце. Цяпер, кажа, будзе старацца рабіць усё, каб аказацца ў ліку ўдзельнікаў Прэзідэнцкай. І шансы для гэтага, безумоўна, ёсць.

Пра выбар прафесіі, упэўнена Марыя, казаць пакуль рана. А вось сярод бліжэйшых планаў — на «выдатна» закрыць чацвёртую чвэрць, а разам з ёй — і навучальны год. У пятым класе новым прадметам стала гісторыя, і, хоць пакуль разбірацца ў некаторых падзеях і датах бывае складана, цікавасць да яе не знікае. З нецярпеннем чакае Марыя і новыя школьныя дысцыпліны, напрыклад, хімію.

А настаўнікі, у сваю чаргу, прызнаюцца: бачачы поспехі такіх вучняў, як Маша, хочацца працаваць яшчэ больш і лепш. Можна сказаць, што наша гераіня ўжо ў пятым класе матывуе нават дарослых. Няхай жа сіл, энергіі і запалу ў цябе, Маша, хапае і на многія іншыя вучэбныя і творчыя конкурсы! І няхай наперадзе будзе многа новых дасягненняў і перамог!

Уладзіслаў Шпарла.

Фота з асабістага архіва Марыі Сачэўка