Шэраг пытанняў, якія тычацца электраацяплення, атрымаў наш карэспандэнт падчас дзяжурства. Просьбы растлумачыць парадак пераходу на ацяпленне жылых дамоў з дапамогай электракрыніц паступаюць і адказным асобам падчас «прамых ліній». Мы паспрабавалі пры садзейнічанні спецыялістаў філіяла РУП «Брэстэнерга» «Пружанскія электрасеткі» адказаць на самыя распаўсюджаныя з іх.

У чым прыцягальнасць электраацяплення?
—У сродках масавай інфармацыі шмат увагі зараз надаецца электраацяпленню жылых дамоў. Гэта звязана з запускам Беларускай АЭС або сапраўды такі спосаб абагрэву жылля ўсё-такі мае перавагі?
—Яшчэ за тры гады да запуску айчыннай атамнай электрастанцыі пачаўся «бум» на ўстаноўку ў дамах і кватэрах электракатлоў ці іншых цеплакрыніц, якія сілкуюцца электрычнасцю. Гэта азначае, што падставы для такой папулярнасці ёсць, але…
Першая прычына — даступнасць энергарэсурсу. Справа ў тым, што працэс газіфікацыі населеных пунктаў істотна адстае ад электрыфікацыі. Увогуле, на Пружаншчыне можна пералічыць дзясяткі вёсак, дзе няма доступу да прыроднага паліва. А вось назваць хаця б хутар, уладальнікі якога незнаёмы з «лямпачкай Ільіча», немагчыма.
Другая прычына — эканамічная выгада. Калі электраацяпленне манціруецца праз асобны прыбор
уліку энергіі (электралічыльнік), то прымяняецца тарыф «Тры капейкі». Пры агульным лічыльніку камунальныя плацяжы ўзрастаюць да 8 капеек за кілават. У першым выпадку ўжо падлічана, што за месяц абагрэву дома плошчай каля 100 квадратаў давядзецца плаціць 25-30 рублёў.
Трэцяя прычына — бяспека. Для ўладкавання газавага ацяплення неабходна выканаць велізарны пералік патрабаванняў, пачынаючы ад плошчы дапаможнага памяшкання і заканчваючы рэгулярным кантролем за працай абсталявання. Варта ведаць, што ў нашай краіне газавы кацёл дазваляецца эксплуатаваць не больш за 12 гадоў. З электрапрыборамі значна прасцей: абмежаванні па плошчы і часе карыстання адсутнічаюць, патрэбна толькі бесперапыннае энергазабеспячэнне. Калі ж электрычнасць адключаецца, то прыборы проста не функцыянуюць без усялякай рызыкі для бяспекі.
Аднак, захапляючыся такімі перавагамі, варта памятаць, што ўладкаванне электраацяплення патрабуе сур’ёзных капіталаўкладанняў — мінімум 3 тысячы рублёў. І хутка акупяцца яны толькі ў тым выпадку, калі падобны абагрэў ладзіцца ў толькі што пабудаваным доме або там, дзе раней выкарыстоў-валася пячное ацяпленне. І яшчэ варта ведаць, што электраацяпленне можна наладзіць у любым будынку — ад гаража да майстэрні, але льготныя тарыфы прадугледжаны толькі для жылых дамоў (кватэр), не абсталяваных сістэмамі цэнтралізаванага цепла- і гарачага водазабеспячэння, а таксама газавага забеспячэння.
З чаго пачынаць уладкаванне электраацяплення?
—У спадчыну нам дастаўся дом з пячным ацяпленнем, і сёлетняя зіма паказала, што трэба тэрмінова прымаць меры па павышэнні ступені абагрэву. Вырашылі заняцца электраацяпленнем, але з чаго трэба пачынаць?
—У першую чаргу, неабходна звярнуцца ў дзяржаўны орган улады па месцы жыхарства. Для гара-джан — у службу «Адно акно» райвыканкама, для жыхароў сельскай мясцовасці — у сельвыканкам. Перад зваротам раім дакладна прадумаць, якімі электранагравальнымі прыборамі будзеце карыстацца — катлом, «цёплай падлогай» або канвектарамі, ці будуць устанаўлівацца бойлеры, электрапліта і гэтак далей. Адтуль заяўка будзе накіравана ў спецыялізаваную арганізацыю — Пружанскія электрасеткі — для правядзення тэхнічных вымярэнняў адносна запытанай магутнасці.
Наступны крок — распрацоўка праектнай дакументацыі, на падставе якой набываецца неабходнае абсталяванне і праводзяцца адпаведныя работы. Па заканчэнні апошніх інспектары энергагазінспекцыі правядуць абследаванне і дадуць дазвол на ўвод у эксплуатацыю.
Калі заяўка можа быць адхілена?
—Некалькі маіх суседзяў у в.Плябанцы ўладкавалі электраацяпленне, а вось мне было адмоўлена. З чым гэта звязана?
—Справа ў тым, што дзеючыя зараз электрычныя сеткі і спадарожнае абсталяванне разлічаны на спажыванне адным абанентам да 4 кілават. Для электраацяплення патрэбна мінімум утрая больш. І калі на гэта не звяртаць увагі, то магчыма аварыйная сітуацыя, якую энергетыкі не маюць права дапускаць. Таму па кожнай заяўцы праводзяцца вымярэнні, і некаторым сапраўды адмаўляюць. За ўвесь перыяд дзеяння спецыяльных тарыфаў для насельніцтва пры выкарыстанні электраэнергіі для патрэб ацяплення, гарачага водазабеспячэння ў жылых дамах (кватэрах) было выдадзена 207 тэхнічных умоў для гэтых мэт з заяўленай магутнасцю 2307 кВт. Далучана да электрасетак 139 электраўстановак. У стадыі рэалізацыі на пачатак лютага знаходзіцца яшчэ 65 заявак. А вось адмову атрымала 136 чалавек.
Як патлумачылі ў Пружанскіх электрасетках, работа па мадэрнізацыі сетак вядзецца штогод і выдаткоўваюцца на гэтыя мэты сур’ёзныя сумы грошай. Пры гэтым фінансаванне толькі павялічваецца: калі ў 2020 годзе было выдзелена 2 мільёны рублёў і рэканструявана 13 кіламетраў ліній, то сёлета неабходна будзе асвоіць больш за чатыры мільёны рублёў, якія пойдуць у тым ліку і на рэканструкцыю амаль 28 кіламетраў сетак у раёне населеных пунктаў Хвалава, Навасёлкі, Арабнікі, Юндзілы, Варанілавічы, Палонна-Забалацце, Бакуны (Ткачоўскія) і іншых.
Таму, калі атрымалі адмову, не варта адчайвацца. Проста пачакайце, калі мадэрнізацыя дойдзе і да вашага населенага пункта.
Як выбіраць абсталяванне для электраацяплення?
—Я жыву адна і баюся займацца вырашэннем гэтага пытання. І ўсё ж, на што трэба звярнуць увагу найперш?
—Электрычныя крыніцы цяпла выбіраюцца па магутнасці гэтых прыбораў. Напрыклад, для абагрэву 10 квадратных метраў жылля спатрэбіцца прыкладна 1 кілават электраэнергіі. Электраабагравальныя агрэгаты сярэдняга класа не вельмі дарагія — ад 350 рублёў, але не варта адразу выбіраць самыя танныя. Спачатку дакладна азнаёмцеся з іх характарыстыкамі, бо больш дарагі прыбор можа даць і больш пераваг: гнуткія настройкі бяспекі, розныя рэжымы работы — ад прагравання да камфортнага цяпла, адкладзены старт і нават дыстанцыйнае кіраванне.
У дадатак спатрэбяцца расходныя матэрыялы, вызначыцца з якімі прасцей, для чаго і складаецца праект будучых работ: па такім дакуменце можна хутка падлічыць, колькі неабходна набыць правадоў, рэгулятараў, размеркавальных каробак і нават кранштэйнаў.
Колькі часу спатрэбіцца?
— Збіраюся прыехаць да бацькоў у адпачынак, каб заняцца ўладкаваннем у іх доме электраацяплення. Ці хопіць мне на вырашэнне гэтага пытання месяца?
—Калі жадаеце затрымацца менавіта да моманту запуску абсталявання ў эксплуатацыю, то хутчэй за ўсё месяца не хопіць. Як паказваюць прыклады тых, хто прайшоў усе працэдуры, спатрэбіцца 1,5-2 месяцы. Але самае складанае для людзей пажылога ўзросту — гэта дакументальнае афармленне, а яно вырашаецца за пару тыдняў. Потым ідуць толькі практычныя работы, назіраць за якімі можна, наведваючы бацькоў па выхадных. Апошнія працэдуры па абследаванні, атрыманні дазволу на эксплуатацыю бацькі могуць «перажыць» самастойна.
Як можна зэканоміць?
—Летась Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь быў прыняты Указ аб кампенсацыі выдаткаў тым грамадзянам, якія вырашылі ўладкаваць электраацяпленне. Якая дапамога прадугледжана?
—Сапраўды, падпісаны ў ліпені 2020 года Кіраўніком дзяржавы Указ №127, а потым і Пастанова Саўміна №403 заканадаўча прадугледжваюць пакрыццё часткі выдаткаў на выкананне работ па электразабеспячэнні эксплуатуемага жыллёвага фонду грамадзян.
Устаноўлена, што на частковую кампенсацыю могуць разлічваць грамадзяне, якім на праве ўласнасці належыць эксплуатуемы жыллёвы фонд і якія ўключаны райвыканкамам у адпаведныя спісы. Для ўключэння ў іх заяўнікі могуць звярнуцца ў службу «Адно акно» па месцы жыхарства з заявай, пашпартам або іншым дакументам, які засведчвае асобу, і дакументам, што пацвярджае права на вызначаную нерухомасць.
Пасля завяршэння работ па электразабеспячэнні грамадзяне таксама могуць звярнуцца ў названую службу з заявай для прыняцця рашэння аб пакрыцці часткі выдаткаў, да якой трэба прыкласці акт выкананых работ па дагаворы са спецыялізаванай арга-нізацыяй, дакументы, якія пацвярджаюць набыццё электраэнергетычнага абсталявання і матэрыялаў, звесткі аб рэквізітах бягучага (разліковага) банкаўскага рахунка, адкрытага на імя грамадзяніна ў беларускім банку.
Сумы кампенсацыі ўстаноўлены ў памерах 20% ад кошту выдаткаў, але не больш за 40 базавых велічынь. Таксама з 1 студзеня 2021 года для грама-дзян, якія адносяцца да малазабяспечаных і іншых сацыяльна неабароненых катэгорый, — 40% ад агульнага кошту, але не больш за 80 БВ.
Кампенсацыя пералічваецца райвыканкамам на бягучы (банкаўскі) рахунак грамадзяніна на працягу 5 банкаўскіх дзён з дня прыняцця станоўчага рашэння.
Пакрыццё часткі выдаткаў робіцца аднаразова. У тых выпадках, калі ва ўласнасці грамадзяніна некалькі жылых дамоў, то на кампенсацыю можна разлічваць толькі па адным аб’екце нерухомасці.
Падрыхтаваў Алег Сідарэнка.