Понедельник, 23 сентября 2019

Два туристических объекта района поддержали проект «Карта Гостя. Города и регионы Беларуси»

497

Гэтым летам нечакана давялося выступіць у якасці экскурсавода: прыехаў сябар з Польшчы. Вольнага часу было няшмат, таму вызначаць складаны маршрут падарожжа па раёне не сталі. Проста паехалі ў Лыскава. Балазе, новая цудоўная дарога – абход Белавежскай пушчы, вядзе якраз праз аграгарадок. Муры старажытнага Троіцкага касцёла ўразілі госця. А калі аказалася, што побач з яго сценамі пахаваны паэт-рамантык польскага паходжання Францішак Карпінскі, пытанням не было канца. І асноўнае: “Чаму я гэтага не ведаў?”.

“Усяму свой час”, — жартам адказвалі мы…
Але сапраўды, варта самім задацца пытаннем, чаму турысты з далёкага і нават блізкага замежжа (а польскія памежныя тэрыторыі, значная частка якіх некалі ўваходзіла ў Пружанскі павет, “далёкім замежжам” назваць язык не паварочваецца) так мала ведаюць пра Пружаншчыну, Берасцей-шчыну, Беларусь?
Адказ на яго ляжыць на паверхні: патрэбна больш глыбокае знаёмства іншаземцаў з беларускай культурай і гісторыяй, так званы “культурны абмен”, у рамках якога ладзяцца фестывалі і святы. Работа па гэтых накірунках вядзецца ў нашай краіне не першы год, паступова і мэтанакіравана. Але гэтага недастаткова. Цяпер больш гучна загаварылі пра прасоўванне турыстычных паслуг на замежныя рынкі, павышэнне іміджавай прывабнасці рэгіёнаў краіны. У якасці апошніх інавацыйных напрацовак можна назваць турыстычны праект “Карта Госця. Гарады і рэгіёны Беларусі” (MinskCard/Cities&Regions of Belarus), які нядаўна быў уключаны ў Рэспубліканскую праграму мерапрыемстваў па правядзенні 2018-2020 гадоў пад знакам Года малой радзімы. Гэты праект быў створаны УП “Мінгардаведка” пры падтрымцы Міністэрства спорту і турызму, Міністэрства культуры, інфармацыйна-турыстычнага цэнтра “Мінск”, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама ў рамках Дзяржаўнай праграмы “Беларусь гасцінная”. Удзельнічаюць у ім музеі, галерэі, заапаркі, зоны адпачынку, гатэлі, кафэ і рэстараны, аграсядзібы, гандлёвыя аб’екты, пункты пракату аўтамабіляў і веласіпедаў і г.д., якія даюць трымальнікам адпаведнай карткі разнастайныя бонусы і скідкі.

Сэнс праекта – даць магчымасць усім аматарам падарожжаў максімальна дакладна спланаваць маршрут для азнаямлення з выбітнымі мясцінамі Беларусі і пры гэтым мець магчымасць разлічыць свой бюджэт. “Карта Госця” – гэта пластыкавая смарт-картка, якую турыст можа набыць як на адны суткі, так і на цэлы год – у залежнасці ад сваіх патрэб. Да яе прыкладаецца турыстычны даведнік.
Што тычыцца нашага раёна, то пакуль у партнёры праекта трапілі толькі музей-сядзіба “Пружанскі палацык” і Ружанскі палацавы комплекс.

Зразумела, турыстычны патэнцыял Пружаншчыны намнога большы. У нас ёсць, што паказаць, чым здзівіць цікаўнага турыста. Распрацаваны турыстычныя маршруты на любы запыт, ад знаёмства з архітэктурнымі жамчужынамі Пружаншчыны да падарожжа па экалагічных сцежках “Гута” і “Дзікое”. Помнікі старажытнасці ў Шарашэве, Лыскаве, Ружанах, Пружанах, запаведныя мясціны Белавежскай пушчы, паляванне, рыбалка, веласіпедныя экскурсіі… Ёсць магчымасць зручна размясціць гасцей з рознымі запытамі і патрэбамі (адных толькі аграсядзіб рознай накіраванасці і ступені камфортнасці ў раёне больш за дзясятак).
Не варта абмінаць увагай і тое, што, згодна з Указамі Кіраўніка дзяржавы, у замежных грамадзян існуюць магчымасці наведаць нашу краіну ў спрошчаным парадку, без візы. Вызначаны і дзве турысцка-рэкрэацыйныя зоны, наведаць якія можна тэрмінам на 10 сутак.
Вельмі цешыць, што Пружаншчына ўключана ў адну з такіх бязвізавых зон — “Брэст”. У нашым раёне знаходзіцца таксама і адзін з некалькіх пунктаў пропуску — пешаходны пераход «Перароў». Нагадаем, што ў рамках бязвізавага рэжыму турысты з 77 краін могуць наведаць у экскурсійных мэтах г. Брэст, Брэсцкі, Жабінкаўскі, Камянецкі і Пружанскі раёны Брэстчыны, а таксама Свіслацкі раён Гродзенскай вобласці.

Музей-сядзіба «Пружанскі палацык» — адзіная ў Беларусі адноўленая сядзіба XIX стагоддзя ў стылі мадэрн.


Сядзібу ў сярэдзіне XIX стагоддзя пабудаваў па праекце архітэктара Ф.Ланчы мясцовы шляхціц Валенцы Швыкоўскі. Яна адразу стала ўпрыгожаннем горада.
У 1998 годзе сюды пераехаў краязнаўчы музей. Гэта дало магчымасць змяніць яго канцэпцыю. Сёння «Пружанскі палацык» — гэта вядомы грамадска-культурны цэнтр, дзе наладжваюцца музычна-літаратурныя вечарыны, шматлікія выставы, праводзяцца навуковыя канферэнцыі.

Палацавы комплекс у Ружанах — цудоўны архітэктурны ансамбль,
які называюць беларускім Версалем.


Шмат гадоў ён быў рэзідэнцыяй дынастыі Сапегаў. Менавіта па загадзе канцлера Вялікага Княства Літоўскага Льва Сапегі — аўтара знакамітага зводу законаў, Статута Вялікага Княства Літоўскага, — напачатку XVII стагоддзя тут пачалося будаўніцтва магутнага абарончага замка. У XVIII стагоддзі на яго месцы з‘явіўся палац, пабудаваны ў стылі позняга класіцызму. На сённяшні дзень адрэстаўраваны два флігелі і ўязныя вароты. Рэстаўрацыя працягваецца, але значная частка палаца застаецца ў велічных руінах. У 2011 годзе адкрыўся музей «Ружанскі палацавы комплекс Сапегаў». Тут размясціліся экспазіцыі, а таксама наладжваюцца тэатралізаваныя гістарычныя рэканструкцыі.
Ірына Сядова.