Суббота, 20 января 2018

Горожанин в третьем поколении рассказал, как ему живется в деревне

754

Жыхар вёскі Лінова Віталь Парэмскі — гараджанін у трэцім пакаленні, які нарадзіўся і вырас у Брагіне. Жыццёвы шлях свой выбіраў, не думаючы, што яго прафесія будзе запатрабаванай у сельскай мясцовасці. Хто ж яшчэ дзесяць гадоў назад думаў, што ў калгасах спатрэбяцца… праграмісты. Але імклівыя змены ў аграпрамысловым комплексе краіны, нібы ў вір, зацягнулі і Віталя, які неўзабаве стаў вяскоўцам. Ці цяжка гараджаніну прывыкнуць жыць на зямлі? Менавіта з гэтага пытання і пачалася наша гутарка.IMG_9703

— Прызнацца, я не планаваў жыць у вёсцы, не збіраўся атрымліваць прафесію, якая звязана з сельскай гаспадаркай,— расказвае Віталь Генадзьевіч.— Скончыў каледж у Гомелі па спецыяльнасці «Аўтаматызацыя бухгалтарскага ўліку» і па накіраванні трапіў працаваць на Ліноўскі крухмальны завод. Але прадпрыемства тады перажывала не лепшыя часы, так што я быў перанакіраваны ў ААТ «Ліноўскае».

— Не трывожна было адпраўляцца ў невядомае?

— Я прыехаў не адзін, а разам з маладой жонкай, таму сумесна пераадольвалі першыя складанасці. Нельга сказаць, што мы прыехалі, нібыта ў рай: гэта зараз маладыя спецыялісты выбіраюць, дзе заробак больш ды і жыллём забяспечваюць. Мы спачатку і наймалі жыллё, і жылі ў службовай кватэры. Але, лічу, гэта было неабходна, бо не толькі прыезджы праходзіць адаптацыю, арганізацыі таксама трэба прыгледзецца да новага работніка. Пасля некалькіх гадоў работы нам далі ўласны дом.

— Вы «дом» маеце на ўвазе з малой літары?

— Не, з вялікай. Я праз пяць гадоў упэўнена лічыў Лінова сваім Домам.

— І што Вас так прывязала да вёскі?

— Па-першае, сям’я, якая, можна сказаць, стварылася менавіта тут, дзе нарадзіліся двое дзяцей. Па-другое, адчуванне сябе гаспадаром: свой участак — ёсць дзе прыкласці рукі, а не сядзець вечарамі перад тэлевізарам. А па-трэцяе, месца работы. Хацелася б, канешне, каб заробкі былі большымі, але на першым месцы ўсё ж для мяне стабільнасць. Прызнаюся, што за дзесяць гадоў работы тут былі дзве прапановы перабрацца ў Пружаны. Аднак там давялося б пачынаць усё «з нуля». Словам, пагнацца за жураўлём у небе.

— Ёсць такое меркаванне, што ў вёсцы працаваць трэба «ад цямна да цямна». Сёння гэта адпавядае рэчаіснасці?

— Удакладніце, калі ласка: каб пражыць ці проста абраць такі стыль жыцця? Першае — абсалютная няпраўда, бо, напрыклад, жыццё ў Лінове мала адрозніваецца ад гарадскога: ёсць магазіны, дзе можна набыць усё неабходнае, ёсць культурныя ўстановы, выдатны дзіцячы садок. Хаця жыве тут нямала лю-дзей, якія менавіта так і працуюць, але гэта проста іх выбар.

— Значыць, у Вас ёсць вольны час? А як яго ба-віце?

— Вольнага часу, які можна патраціць на сямейныя вечарыны, хапае. Можам разам выехаць на пікнік на прыроду, з’ездзіць у райцэнтр на святы або проста пагуляць у парку.

— А калі Вашы дзеці не пагодзяцца з бацькоўскім выбарам і вырашаць жыць у горадзе?

— Галоўнае, каб гэта быў свядомы, а не вымушаны выбар. Каб ім падабалася там, дзе яны вырашылі жыць.

Гутарыў Алег Сідарэнка.

Фота Сяргея Талашкевіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *