Пружаншчыну нельга ўявіць без квітнеючага льнянога палетка. На працягу многіх гадоў вырошчваннем гэтай тэхнічнай культуры для загрузкі ўласных магутнасцей займаецца льнозавод.
Сёлетняй вясной сіламі механізаванага атрада прадпрыемства даўгунец плануецца пасеяць на плошчы 2,6 тысячы гектараў. Улічваючы ўрокі мінулага года, калі засушлівае лета не дало магчымасці атрымаць неабходныя аб’ёмы трасты, пасевы пашыраюцца на тры сотні гектараў. Прычым каля 400 гектараў ільну будзе пасеяна на тэрыторыі Бярозаўскага, Кобрынскага і Драгічынскага раёнаў.
Ураджай даўгунцу ў многім залежыць ад глебаў, на якіх пасеяна гэта культура. На жаль, ідэальных лёнапрыгодных палеткаў не так і многа ў нашай мясцовасці. Дарэчы, гэта пытанне больш за ўсё турбуе і дырэктара льнозавода М.С.Жогала.
— Найлепш вырошчваць лён на дзярнова-падзолістых, лёгка- і сярэднесугліністых глебах, — гаворыць Мікалай Сцяпанавіч. — Але яны наогул найбольш урадлівыя, таму кіраўнікі гаспадарак з цяжкасцю аддаюць іх пад вырошчванне даўгунцу. А на пясчаных глебах годны ўраджай культуры не атрымаеш.
Работа на льняных палетках пачынаецца яшчэ з восені: уносяцца фосфарныя і калійныя ўгнаенні, праводзіцца зяблевае ворыва. Такая апрацоўка глебы з’яўляецца эфектыўнай супраць пустазелля і лічыцца найбольш таннай.
ААТ «Пружанскі льнозавод» імкнецца крочыць у нагу з часам. Многія навінкі, якія з’яўляюцца ў ільнаводчай галіне, знаходзяць сваё прымяненне. Сёлета, напрыклад, насенне даўгунцу перад сяўбой апрацавалі прэпаратам «круйзер рапс». Гэта комплексны пратручвальнік сістэмнага дзеяння, які дазваляе поруч з барацьбой супраць шкоднікаў надзейна абараніць насенне і парасткі лёну ад шэрагу захворванняў. Да таго ж прэпарат з’яўляецца магутным стымулятарам росту і садзейнічае паскоранаму развіццю ўсходаў і каранёвай сістэмы.
Заслугоўвае ўвагі і падрыхтоўка тэхнікі мехатрада да правядзення веснавых палявых работ.
Так, мадэрнізаваны трактар «К-700», які цяпер задзейнічаны на падрыхтоўцы глебы. На магутнай машыне ўстаноўлены шырокія арачныя колы, кандыцыянер, новы гідраруль і выхлапная труба, выканана шумаізаляцыя кабіны. Значна палепшыліся ўмовы працы для механізатара.
У гэтыя дні механізатары мехатрада працуюць у напружаным рытме. За светлавы дзень даўгунцом засяваецца каля 300 гектараў плошчаў. Высяваюцца ўжо добра правераныя сарты лёну французскай селекцыі «дракар» і «алізэ», а таксама айчыннай — «грант».
Практычна ўсе пасевы прыкачваюцца. Гэта дае магчымасць дабіцца раўнамернасці ўсходаў, а таксама заганяюцца ў глебу камяні, якія перашкаджаюць пры церабленні.
Пасяўная кампанія на льнозаводзе хуткацечная. Як паведаміў М.С.Жогал, з сяўбой даўгунцу павінны справіцца на працягу дзесяці дзён.
На здымку: на падрыхтоўцы глебы на мадэрнізаваным трактары «К-700» працуе механізатар С.А.Шыленка; механізатары У.М. Бармута, В.М.Серы і П.У.Насытка задзейнічаны на сяўбе даўгунцу ў наваколлі вёскі Мокрае.