Воскресенье, 26 октября 2025

24 абласны конкурс майстэрства сярод работнікаў па штучным асемяненні сельскагаспадарчых жывёл, узнаўленні статка і племянной рабоце.

409

На мінулым тыдні, у пятніцу, на базе ДУК «Іванаўскі раённы цэнтр культуры і народных традыцый» праводзіўся 24 абласны конкурс майстэрства сярод работнікаў па штучным асемяненні сельскагаспадарчых жывёл, узнаўленні статка і племянной рабоце. І ў чарговы раз Пружаншчына праславілася працавітымі, сумленнымі і адказнымі людзьмі.

Лепшая ў раёне і першая ў вобласці. Так можна сказаць пра Святлану Шмыгоўскую з ААТ «Шані-аграпрадукт». У намінацыі «Лепшы аператар па штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы» ёй не было роўных, за што і атрымала Ганаровую грамату і грашовую прэмію ў памеры 50 базавых велічынь. А лепшае звяно на Брэстчыне па штучным асемяненні сельскагаспадарчых жывёл у складзе заатэхніка-селекцыянера Святланы Прахарэнка, тэхніка-асемянатара Андрэя Петруковіча і ветурача-гінеколага Алены Святошчык (на здымку) шчыруе на МТФ «Казлы» ААТ «Жураўлінае». Прымайце, калі ласка, Ганаровыя граматы і па 25 БВ кожнаму.

І гэта яшчэ не ўсё. Знайшлі сваіх герояў і абласныя дыпломы І ступені разам з 20 базавымі велічынямі. Разам з землякамі ганарымся лепшым заатэхнікам-селекцыянерам па БРЖ, які працуе на малочна-таварнай ферме (комплексе), абсталяванай даільнай залай, Наталляй Кулік (ААТ «Велікасельскае Агра») і Дзмітрыем Басарабам з ААТ «Жураўлінае» — лепшым маладым спецыялістам па штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы, які адпрацаваў на пасадзе не больш за тры гады.

Прыходзім да высновы: і ў сельскай гаспадарцы можна працаваць, паказваць годныя рэзультаты. Як і ўсюды трэба пры любых абставінах заставацца чалавекам справы і слова.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік