Четверг, 16 мая 2024

11 верасня — свята Усекнавення галавы Іаана Хрысціцеля. Што ў ім з’яўляецца традыцыяй, а што забабонам? Адказвае святар

406

“11 верасня ў Праваслаўнай Царкве адзначаецца свята Усекнавення галавы Іаана Хрысціцеля. Чула, што ў гэты дзень непажадана есці з акруглага посуду, а таксама нельга рэзаць і ўжываць у ежу прадукты круглай формы — бульбу, памідоры, яблыкі, гарбузы і г.д. Лічыцца, што ты “ясі галаву святога”. Гэты звычай, на мой погляд, нейкі дзікаваты і вельмі падобны на забабоны. Ці я памыляюся? Таксама цікава, дзе захоўваецца галава святога прарока: чула, што на гэты конт вельмі шмат версій”.

Таццяна, г.п.Шарашэва

Адказвае клірык Свята-Аляксандра-Неўскага сабора іерэй Дыянісій ПАПОЎ:

— Што тычыцца першай часткі пытання, то Вы цалкам маеце рацыю, з царкоўнай традыцыяй гэты дурны забабон не мае нічога агульнага. Не існуе ніякіх забаронаў ні на ежу круглай формы, ні на выкарыстанне рэжучых сродкаў. Падобнымі глупствамі людзі толькі абражаюць памяць вялікага святога.

Калі хочаце годна ўшанаваць прарока і прадцечу Іаана, лепш знайдзіце час, каб наведаць царкву (набажэнствы ідуць паўсюдна). Пастаўце свечку і папрасіце прабачэння за свае грахі — да пакаяння ўсё сваё кароткае жыццё заклікаў людзей Хрысціцель.

Заўважу таксама, што 11 верасня — строгі пост (пад забаронай не толькі яйкі, мясныя і малочныя прадукты, але і рыба), таму пажадана пасціцца, каб такім чынам выразіць смутак пра трагічную смерць прарока. Па гэтай жа прычыне ў гэты дзень не варта танцаваць, весяліцца.

Што тычыцца месцазнаходжання галавы прарока, то версій сапраўды шмат. У розныя часы ў многіх краінах, у прыватнасці, Грэцыі, Італіі, Турцыі, Сірыі, Арменіі і Францыі сцвярджалі, што галава Іаана Прадцечы захоўваецца менавіта на іх тэрыторыі. Большасць багасловаў і гісторыкаў лічыць, што асноўная частка галавы Іаана Прадцечы (галава была падзелена на некалькі частак) сапраўды захоўваецца ў французскім горадзе Амьене, у сборы Божай Маці. Сюды рэліквія была вывезена з Візантыі крыжакамі падчас IV крыжовага паходу. Ва ўсякім разе, патолага-анатамічнае даследаванне, праведзенае ў 1958 годзе, устанавіла, што галава належыць чалавеку еўрапеоіднай расы, які жыў прыкладна ў першым стагоддзі нашай эры ў адной з краін міжземнаморскага басейна. Кампетэнтная камісія экспертаў-медыкаў ускосна пацвердзіла сапраўднасць рэліквіі. У апошнія гады Амьен усё часцей наведваюць праваслаўныя паломнікі.

Падрыхтавала Алена Зялевіч