На працягу двух выхадных дзён у Лядовым палацы ў Пружанах працягваліся абласныя фінальныя спаборніцтвы сярод дзяцей і падлеткаў па хакеі «Залатая шайба».
Арганізатарамі турніру выступілі ўпраўленне фізічнай культуры, спорту і турызму аблвыканкама, прадстаўніцтва Нацыянальнага Алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь у Брэсцкай вобласці, аддзел па справах моладзі аблвыканкама, абласны камітэт БРСМ, Пружанскі райвыканкам.
Падчас адкрыцця спаборніцтваў да яго ўдзельнікаў са словамі прывітання звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама М.П.Кудравец. Дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах паднеслі капітанам каманд хлебныя караваі. Прагучаў гімн Рэспублікі Беларусь.
Сёлета некалькі змянілася геаграфія ўдзельнікаў турніру. У адрозненне ад мінулых гадоў не былі прадстаўлены Баранавічы і Бяроза. Але ўпершыню ўдзел бралі каманды з Лунінца і Івацэвічаў.
Такім чынам, у малодшай узроставай групе за перамогу змагаліся: «Алімпіец» (Брэст), «Вымпел» (Івацэвічы), «Мухавец» (Пружаны). У старэйшай групе выступалі: «Алімпіец» (Брэст), ХК «Лунінец», «Мухавец» (Пружаны).
У стартавай гульні сярод каманд старэйшай групы «Мухавец» разграміў «Алімпіец» з лікам 5:0. У сваім другім матчы нашы хакеісты без праблем разабраліся з ХК «Лунінец» — 6:2.
Малодшая каманда «Мухавец» спачатку саступіла «Алімпійцу» з лікам 2:3, а потым разграміла «Вымпел» — 9:4. У двух застаўшыхся гульнях у малодшай групе «Алімпіец» вырваў перамогу ў «Вымпела» — 4:3, а ў старэйшай групе ХК «Лунінец» нанёс паражэнне «Алімпійцу» — 3:2.
Паколькі некаторыя каманды парушылі рэгламент турніру, то выніковыя месцы ў малодшай групе размеркаваліся наступным чынам: пераможцам прызнаны «Мухавец», другім стаў «Алімпіец», трэцім — «Вымпел». У старэйшай групе галоўны прыз атрымалі хакеісты «Алімпійца», другое месца дасталося «Мухаўцу», а трэцяе — «ХК» Лунінец».
Неабходна адзначыць, што ўсе каманды падчас урачыстага закрыцця спаборніцтваў атрымалі ўзнагароды. Спецыяльнымі прызамі былі адзначаны лепшыя хакеісты. У малодшай групе гэта Улад Зайноўскі («Вымпел»), а ў старэйшай — Ягор Вараб’ёў («Мухавец»).
На здымках: хакеісты «Мухаўца» з галоўным прызам спаборніцтваў.
Мікола АРХУЦІК, Аляксандр Мелеш (фота).