Падзея мінулай суботы, здаецца, прыцягнула ўвагу многіх жыхароў райцэнтра і ваколіц: адбылося ўрачыстае адкрыццё супермаркета «Белмаркет».
Як паведаміла генеральны дырэктар гэтай кампаніі Таццяна Мядзведзева, такія буйныя гандлёвыя кропкі ёсць у шасці гарадах Беларусі, так што Пружаны ў гэтым спісе занялі сёмую пазіцыю. Але для нашага горада супермаркет — незвычайная адметнасць: такіх магазінаў тут яшчэ не было.
— Мы вітаем адкрыццё такога супермаркета, які створыць здаровую канкурэнцыю ў сістэме раённага гандлю,— падкрэсліў старшыня райвыканкама М.М.Серкоў.— Спадзяемся, што новыя цэны будуць больш прывабнымі для радавых пакупнікоў.
Як пацвярджэнне таго, што новы суб‘ект гандлю абавязкова паўплывае на цэнаўтварэнне, можна адзначыць факт, што ў першыя дні працы супермаркет прапанаваў скідкі па 60 пазіцыях тавараў: па зніжаных цэнах пружанцы набывалі крупы, сокі і напоі, мясныя і хлебабулачныя вырабы, прадметы быту. Як абяцае кіраўніцтва кампаніі, такі падыход будзе тут заўсёды.
Асабліва прыцягвае ў магазін асартымент, бо многія з тавараў раней былі для пружанцаў у навінку. Гэта пацвердзіў і першы гандлёвы дзень: супермаркет наведалі некалькі тысяч пакупнікоў.
Адкрыццё новага магазіна — гэта таксама пашырэнне магчымасці набываць тавары розных груп менавіта ў мікрараёне «Паўночны», дзе раней прамысловая група была ў дэфіцыце: мясцовым жыхарам раней за любой дробяззю даводзілася ехаць у цэнтр. Побач з супермаркетам размясціўся і магазін бытавой хіміі і касметыкі «Акцэнт», які, мяркуючы па колькасці наведвальнікаў, таксама будзе запатрабаваны.
Між тым, гэты працэс адметны стварэннем новых працоўных месцаў. Як зазначыла загадчыца «Белмаркета» А.М.Старко, адкрыццё магазіна дазволіла працаўладкавацца больш 100 жыхарам горада.
Алег Сідарэнка, Аляксандр Мелеш (фота).
