Воскресенье, 19 апреля 2026

Знаёмства з Любоўю Якімаўнай Андрусевіч з аг. Лінова

393

З ліста ў рэдакцыю:
«На маім жыццёвым шляху сустракаліся ўсё больш прыстойныя, самаахвярныя, добразычлівыя людзі. Па стане здароўя не раз давялося звяртацца да медыкаў. Хачу выказаць падзяку ўрачам і медперсаналу Ліноўскай і Пружанскай паліклінік за сардэчны прыём і чалавечыя адносіны. Маладыя людзі і дзверы адчыняць, і падтрымаюць, прапусцяць у чарзе, саступяць месца і нават спытаюць, чым дапамагчы? Я шчыра парадавалася за нашых людзей, бо не ачарсцвела душа ў нашага народа. Мала куды выходжу, але такога клопату і ўвагі ад чужых людзей ніяк не чакала. Асабліва гэта цэніш, калі маеш патрэбу ў дапамозе. Дзякуй усім, хто не прайшоў міма і не застаўся абыякавым. Жадаю ўсім моцнага здароўя, шчасця і дабра!».

Наша знаёмства з Любоўю Якімаўнай Андрусевіч з
аг. Лінова адбылося практычна адразу пасля яе ліста ў рэдакцыю. Мяне кранулі яе шчырыя радкі ў адрас моладзі, да якой яна звяртаецца з захапленнем і падзякай. Шмат чаго яна пабачыла ў гэтым жыцці, але вера ў лепшае і сапраўднае засталася непахіснай. Навучылася радавацца кожнаму мірнаму дню, успрымаючы яго, як вялікае шчасце, дадзенае звыш.

Дзеці вайны, безумоўна, іншыя. І колькі б часу ні прайшло пасля вогненных гадоў, памяць застаецца жывая. Яркія ўспышкі ўспамінаў раз-пораз вярэдзяць душу і хвалююць сэрца. Калі пачалася вайна, маленькай Любе было ўсяго тры з паловай гады. Брат і сястра былі старэйшыя, таму адразу зразумелі, што на іх зямлю прыйшоў вораг. Люба гэтага ведаць не магла, але першы дзень вайны памятае вельмі добра. Гэты жудасны эпізод адбіўся ў дзіцячых вачах на ўсё жыццё.

— Быў цёплы сонечны чэрвеньскі дзень. Мы ўсёй сям’ёй знаходзіліся на вуліцы, каля хлява. І з боку лугу, за адрынай, раздаўся жудасны крык. Бегла малая дзяўчынка, махала рукамі і нема галасіла: «Вайна, вайна!». Мама спыніла яе і спытала: «Адкуль ты ведаеш?». Захлынаючыся ад слёз, яна паказала рукою на захад. Велізарнае полымя ахапіла цыстэрны з палівам на аэрадроме ў в. Куплін. Гэта было ўсяго ў 3-х кіламетрах ад нашай в. Стасюкі. Стаялі такія слупы чорнага дыму, што, здавалася, рукой можна дастаць. І вось гэты жах у вачах родных, дзяўчынку я бачу як зараз, — дрыжачым голасам расказвае жанчына.


Падчас фашысцкай акупацыі пачаўся партызанскі рух. Усіх «здраднікаў» немцы забіралі ў турму і расстрэльвалі. У іх ліку апынуліся і родныя дзядзькі Любові — Іван і Аляксей, а бацька застаўся ў жывых толькі таму, што ў 1940 годзе з’ехаў на год працаваць у шахты Данбаса, дзе яго і застала вайна. Адразу вярнуцца дадому ён не змог і на перакладных дабраўся да Тамбоўскай вобласці, куды, будучы ў бежанцах, выйшла замуж яго старэйшая сястра. Ужо ў Расіі стаў на ўлік у ваенкамат, і яго адправілі ў глыбокі тыл, у Самару, на будаўніцтва ваеннага завода. Бацька сямейства, які пастарэў ад цяжкай працы і голаду, вярнуўся дадому толькі ў 1946 годзе. Прызнаць у ім свайго тату Люба доўга не магла, хаця яму было ўсяго 36 гадоў.


— Кожнаму пакаленню на зямлі выпадае сваё выпрабаванне. Мае бацькі перажылі пяць улад, бясконцыя войны і прыгнёт: Першую сусветную, калі жылі пры цары, у 1915 годзе іх вывезлі ў Расію, дзе праз два гады іх напаткала рэвалюцыя, затым Грамадзянская вайна. Па вяртанні на радзіму праз 5 гадоў яны заспелі Заходнюю Беларусь ужо пад палякамі, на якіх давялося батрачыць амаль 20 гадоў. У 1939 годзе зноў прыйшла савецкая ўлада, а праз некалькі год пачалася Вялікая Айчынная. Прасвету ў іх жыцці проста не было, і нас было трое. Бацька заўсёды казаў, што лепш за савецкую ўладу не было нічога, а ім сапраўды ёсць з чым параўнаць. Ён ніколі не наракаў на лёс і ўсе жыццёвыя выклікі прымаў з падзякай, нас гэтаму навучыў, а яшчэ прыгаворваў, што ў жыцці бывае ўсякае, часам трэба пацярпець. Хто нарадзіўся значна пазней, той не можа зразумець, што зараз мы жывём у самы лепшы час: у міры, спакоі і дастатку, — зазначыла Любоў Якімаўна.


Падчас нашай гутаркі жанчына часта паўтарала, што вайна — гэта горшае зло на зямлі, і ўвесь час успамінала, як яны радаваліся Перамозе. І не важна, што былі босыя, галодныя, змучаныя страхам і болем. Тады яны ведалі, што наперадзе чакае шчаслівая будучыня без бамбёжак, разрываў снарадаў. Якім Якімавіч пайшоў рана, яго не стала ў 60 год. Падарванае вайной здароўе з гадамі дало пра сябе знаць. Мама Надзея Лук’янаўна перажыла бацьку на 32 гады і для сваіх родных заўсёды заставалася прыкладам стойкасці, жаночай мудрасці і неверагоднага жыццялюбства. Вось і Любоў уся ў сваю маму. Аб людзях гаворыць заўсёды з дабрынёй, нейкім асаблівым цяплом і пяшчотай. Аб сынах, унуках і праўнуках — трапятліва і кранальна, як і належыць любячай маці і бабулі.


Вось такія яны — дзеці вайны: моцныя, загартаваныя, валявыя… Яны ведаюць цану цішыні, калі не бухаюць снарады, цану хлебу, які не даводзіцца хаваць ад чужых вачэй, і цану простаму слову — «жывы». Іх сэрцы, абпаленыя жахам, не сталі больш жорсткімі, а навучыліся любіць гэты свет яшчэ мацней — за сябе і за тых, хто так і не паспеў яго разгледзець.

Няхай такія гісторыі нагадваюць нам, што мір — гэта дар. І пакуль мы памятаем, шануем і беражом яго, пакуль працягваем руку адзін аднаму, вайна не паўторыцца, а значыць, жыццё працягнецца: светлае і такое бясцэннае…


Ірына Велясевіч

Фота Кацярыны Масік