Воскресенье, 19 апреля 2026

Калі б не было вайны…

395

Лёсы мільёнаў людзей карэнным чынам змяніліся 22 чэрвеня 1941 года. Парушаны планы, знішчаны надзеі, разбураны мары. З-за чаго мы і зараз задумваемся: а як жылі, калі б не было вайны…

Ніне Пятроўне Ільяшэвіч было ўсяго толькі тры гады, калі пачалася вайна. Бацьку, афіцэра, накіравалі на службу з роднай Пскоўскай вобласці ў Слабудку. Безумоўна, на новае месцажыхарства паехала з ім і сям’я — жонка Ганна і маленькая Ніна. Ці думала тады дзяўчынка, што далёкая беларуская Пружаншчына стане для яе, расіянкі, другой радзімай?!

Жылі на кватэры. Хутка нарадзілася сястрычка Люська. Калі грымнулі першыя выбухі вайны, бацькі побач не было. Напярэдадні яго якраз накіравалі ў камандзіроўку…

— Што я памятаю пра той час? —перапытвае Ніна Пятроўна. — Страляніны не помню. А толькі матацыклы, матацыклы і крыкі на незразумелай мове…

Неўзабаве дзяўчынка з мамай і сястрычкай апынуліся за калючым дротам. У вялізнае памяшканне, дзе раней, магчыма, былі ваенныя гаражы ці склады, сагналі сем’і ваенна-служачых. Моладзь хутка аддзялілі і, як потым усе даведаліся, адправілі ў Германію. А сямейныя мусілі чакаць сваёй долі.

Перыядычна аднаго-другога з вязняў гэтага лагера выклікалі на допыты, групамі грузілі на машыны і некуды адвозілі. Назад яны, як правіла, не вярталіся…

Кармілі бурдой з буракоў, ад такой ежы маленькая Люська памерла.
— Я б не выжыла таксама, — працягвае свой аповед Ніна Пятроўна, — але мяне выратавала гаспадыня дома, у якой мы да вайны жылі на кватэры, Ганна Пошва. Яна падкупіла вартаўніка мёдам і самагонкай, і мяне адпусцілі.

Дзяўчынка была такой слабой, што не магла сама ісці. Ганна Міхайлаўна ўсю дарогу несла яе на руках. А потым адпойвала варывам з нейкіх карэнняў, па якія хадзіла ажно да балота. І Ніначка стала папраўляцца. Маму, напэўна, з нагоды знікнення дачкі таксама выклікалі на допыт. Яна вярнулася са страшна пабітымі нагамі. Але потым і яе вызваліла тая ж Ганна Міхайлаўна. Аднак пражыла мама нядоўга.

— Калі яе хавалі, мне запомніліся цэлыя рады свежых надмагільных горачак, — расказвае Ніна Пятроўна. — Я запыталася ў цёткі Ганны: «Што гэта за градачкі?». А яна ў адказ: «Гэта магілкі, дзетачка. Хутка і ў тваёй мамы будзе такая ж градачка…».

Па сутнасці, зусім чужая жанчына не пакінула Ніначку. Даглядала, як родную дачку, хаця ў самой было двое малых дзяцей. Больш таго, пасля вайны ёй удалося адшукаць бацьку Ніны. Праўда, у яго ўжо была другая сям’я і жыў ён у Прыбалтыцы. Цётка ўгаварыла Ніну і адвезла да бацькі. Але прыжыцца там дзяўчынка не змагла, усе былі чужыя. Няўмелай дзіцячай рукой яна напісала Ганне Міхайлаўне: «Забяры мяне адсюль». Жанчына прыехала і забрала…


— З таго часу я пачала называць цётку Ганну мамай, — змахвае са шчакі няпрошаную слязінку Ніна Пятроўна.

Жылі яны дружна. Працавалі. Ніна скончыла сем класаў. Дапамагала сваёй названай маме па хатняй гаспадарцы. А яна была немалая: трымалі жывёлу, былі вуллі і свой вялікі сад. Да таго, прысылаў грошы дачцэ і бацька з Прыбалтыкі.

У 19 гадоў Ніна Гусева выйшла замуж за Сашу Ільяшэвіча ў вёску Сярэдняе. Муж быў добры, паважлівы, працавіты. Ніна Пятроўна паказвала нам шмат грамат і адзнак, якімі ён быў узнагароджаны за сваю працу ў жывёлагадоўлі.

Маладым выдзелілі дом, у якім некалі была сыраварня і палову якога займаў вясковы клуб. Ільяшэвічы ўвесь гэты дом выкупілі і адрамантавалі. Атрымалася цэлая сядзіба — прыгожая і ўтульная, з гарадскімі зручнасцямі, нават з гарачай вадой. Тут у Ніны Пятроўны і Аляксандра Андрэевіча нарадзілася трое дзяцей: двое сыноў і дачка. Калі яны крыху падраслі, пайшла на ферму, больш чым 20 гадоў працавала даяркай. Маленькіх цялятак, здаралася, выходжвала тым жа зеллем, якое давала ёй калісьці, у час вайны, мама Ганна Міхайлаўна.

З гонарам расказвала Ніна Пятроўна пра сваіх дзяцей, унукаў і праўнукаў, якія не пакідаюць бабулю без увагі (муж яе ўжо некалькі гадоў як памёр). Унучка Волька і праўнучка Ксення разам з намі ўважліва слухалі гэты аповед.

— Калі ў сям’і лад, калі праца ў радасць гэта, безумоўна, добра. Але самае галоўнае шчасце, якое можа быць у чалавека, — гэта мір на зямлі, — зазначыла Ніна Пятроўна. І як можна з гэтым не згадзіцца?!

Ганна Хадаровіч