Суббота, 18 апреля 2026

Зімовыя клопаты для будучага ўраджаю

514

Міхаіл Шымчык — і чалавек душэўны, і працаўнік выдатны.

Зімовы перыяд у сельгаставарыствах раёна — гэта не прычына, каб залегчы ў спячку. На дадзены момант увага акцэнтуецца на нарыхтоўцы і вывазцы арганічных угнаенняў на палеткі з іх наступным унясеннем па вясне.

Патрэбна дбаць аб усім загадзя і ўжо цяпер прагназаваць будучую пасяўную кампанію, з улікам тыпу глебы, характэрнага для канкрэтнай гаспадаркі, распланоўваць нормы расходавання ўгнаення. Бо многа не заўсёды значыць толькі на карысць. Як бачна, не так усё проста і ў сельскай гаспадарцы. Многае патрэбна аграрыям улічыць, каб ураджай годны атрымаць, каб было з чаго хлеб духмяны пячы, каб у дастатку жыў кожны беларус.

Вадзіцель Юрый Папко бачыць карысць ад працы ў кожным дні.

Арганічнае ўгнаенне — гэта аснова ўрадлівасці, якая паляпшае структуру і біялагічную актыўнасць глебы. Яно забяспечвае збалансаванае сілкаванне раслін. Натуральныя падкормкі актывізуюць карысныя глебавыя мікраарганізмы, не вымываюцца з зямлі і не ўтвараюць таксічных злучэнняў. Такім чынам, прыходзім да высновы: хоць і выкарыстоўваюцца шырока на дадзены момант мінеральныя ўгнаенні, але прымяненне арганікі ўсё роўна актуальнае, праверанае часам.

Яшчэ трэба зыходзіць з таго, што кожная гаспадарка мае свае малочнатаварныя фермы і комплексы, якія ў любым выпадку назапашваюць гной. І грошы расходаваць не даводзіцца, толькі на запраўку тэхнікі.

У 2026 годзе план для раёна па нарыхтоўцы арганікі — 926 тыс. тон. На пятніцу бягучага тыдня выйшлі на 83,1%. Ужо маюцца на 30 студзеня сельгаставарыствы, якія выйшлі на 100% — ААТ «Радзіма» і «Ружаны-Агра». Пры плане ў 23,0 тыс. тон ААТ «Роўбіцкае» выйшла на лічбу 23,6 (102,6 %).

У апошняй гаспадарцы аператыўна і вывозяць арганічныя ўгнаенні — 94,1% да нарыхтаванага. Асноўнае месца іх назапашвання — МТК «Роўбіцк». На гэтым тыдні тут кіпела работа па вывазцы арганікі. На пагрузцы быў задзейнічаны вопытны і ўжо вядомы нам з мінулага рэпартажу механізатар Міхаіл Шымчык. Па словах трактарыста-машыніста, за дзень адгружаецца да 1000 тон арганікі. Канечне, улічваюцца пагодныя ўмовы, бо пры вялікім мінусе займацца гэтай работай вельмі складана.

У прыватнасці, вадзіцель Юрый Папко разам з двума калегамі адвозяць арганічныя ўгнаенні на палетак каля Чадзеля. За дзень атрымліваецца па 9-10 рэйсаў, улічваючы адлегласць дастаўкі. Але калі чалавек на сваім месцы і тэхніка ў спраўным стане, то любая задача па плячы.

Вось і простая арыфметыка: калі хочаш здзяйснення запланаванага, то паклапаціся аб гэтым загадзя, як робяць сельскія працаўнікі.


Вадзім Раўнейка
Фота Кацярыны Масік