
Вядома, што ў Пружанскім гета нямецкія акупанты ў гады Вялікай Айчыннай вайны ўтрымлівалі звыш 10 тысяч прадстаўнікоў яўрэйскай нацыянальнасці. Большасць з іх загінула. Але некаторым пашчасціла выжыць, літаральна, дзякуючы цуду. Адзін з такіх людзей — Дэвід Уолдшэн. Ён перажыў Пружанскае гета і пяць (!) канцэнтрацыйных лагераў, уключаючы Аўшвіц-Біркенау (Асвенцім).
Дэвід нарадзіўся 28 лютага 1928 года ў Белавежы (былы Пружанскі павет) у яўрэйскай сям’і. Бацька Дэвіда, Беньямін, паходзіў з Шарашова, з сям’і рабінаў і настаўнікаў. Ён працаваў выкладчыкам у некалькіх школах у навакольных мястэчках, куды яму даводзілася ездзіць на працу, з-за чаго вельмі рэдка бываў дома. Дзед Дэвіда — Абрахам Арон Уолдшэн — быў рабінам у Шарашове, пазней у Валькінінкае (Літва). Таня Юдэвіч (маці Дэвіда) паходзіла з Пружан, а яе бацька, Гершэль Юдэвіч, валодаў невялікім заводам па вытворчасці шкіпінару (скипидар) у Пружанах і меў дзелавыя кантакты з жыхарамі Белавежы, дзе здабываў смалу дрэў. У Дэвіда было 2 сястры — Хінда і Міндэль (1924 і 1926 гадоў нараджэння адпаведна).
Гершэль дапамог маладой сям’і Беньяміна і Таццяны ўладкавацца ў Белавежы, куды яны пераехалі ў 1924 годзе з Пружан, і адкрыць краму па продажу прысмакаў і садавіны. На працягу двух гадоў Беньямін таксама кіраваў аўтазаправачнай станцыяй, размешчанай побач з яго домам, раздаючы бензін некалькім легкавым і грузавым аўтамабілям, якія ў той час знаходзіліся ў Белавежы. У Тані Юдэвіч быў брат Саламон, жонка якога — Лена Найдус — была вядомая дантыстка ў Пружанах. Трэба адзначыць, што Саламон займаўся дабрачыннасцю: стварыў месца прыходу для бедных дзяцей пад Пружанамі.
У Белавежы Дэвід пайшоў у школу, дзе выкладалі на рускай мове. Ён успамінаў, што ў яго не было часу на гульні, таму што ён заўсёды вучыўся: раніцай у пачатковай школе, затым дома рабіў хатнія заданні, а днём і па суботах у сінагозе вывучаў іўрыт і Тору. Дэвід казаў, што адносіны паміж яўрэямі, беларусамі і палякамі ў Белавежы былі вельмі добрымі.
Уолдшэн узгадвае, што павінен быў пераехаць у Пружаны да свайго дзядзькі Саламона для паступлення ў яўрэйскую гімназію «Яўнэ». Але пачалася Другая сусветная вайна. У верасні 1939 года польскае войска праходзіла міма Белавежы, ратуючыся ад нямецкіх акупантаў. Праз 10 дзён прыйшла Чырвоная Армія, што вельмі ўзрадавала мясцовых жыхароў. Бацькоўская крама працавала яшчэ на працягу некаторага часу, але ў 1940 годзе Беньяміна выклікалі ў суд і ён быў вымушаны зачыніцца.
Падчас нямецкай акупацыі (чэрвень 1941 г.) бацька Дэвіда быў вымушаны працаваць на немцаў. Ён нарыхтоўваў дровы на чыгуначнай станцыі каля царскага дварца, а Дэвід дапамагаў яму. Усе яўрэі абавязаны былі насіць жоўтыя плямы на перадплеччы. Дэвід успамінаў, што было вельмі цяжка жыць, але ратавала тое, што бацькі мелі карову, якая была набыта раней.
10 жніўня 1941 года пачалася дэпартацыя яўрэяў з Белавежы. Сям’я Дэвіда ў грузавіку з групай іншых яўрэяў былі перавезены ў Кобрын, дзе правялі каля 6 тыдняў.
Затым сям’я разам з іншымі была дастаўлена ў Пружанскае гета, дзе ўжо знаходзіліся два браты маці Дэвіда — Саламон і Арон Юдэвічы.
У Пружанскім гета, дзе ўсе павінны былі мець работу, Дэвід, якому на той момант было ўсяго 13 гадоў, працаваў памочнікам цесляра ў краме, якая была размешчана ў былым будынку яўрэйскай школы «Яўнэ».
У студзені 1943 года пачалася ліквідацыя нямецкімі карнікамі гета ў Пружанах. Дэвід з бацькам, маці і двума сёстрамі былі першымі з чатырох груп, якіх дэпартавалі ў Асвенцім. 28 студзеня 1943 года сям’я Уолдшэн і 2500 чалавек былі пасаджаны ў сані і перавезены ў
в. Лінова, на чыгуначную станцыю. Ім было дазволена ўзяць з сабой толькі тое, што яны здольныя несці. Пры пасадцы ў цягнікі Дэвід разам з бацькам былі аддзелены ад маці і сясцёр. Суткі правялі ў вагонах для жывёлы па 100-150 чалавек у кожным. 30 студзеня 1943 года цягнік з вязнямі прыбыў у Аўшвіц-Біркенау. Людзі ва ўзросце 18-45 гадоў, якія выглядалі карыснымі для немцаў, былі накіраваныя ў адзін бок, а непадыходзячыя — у іншы (у той жа вечар загінулі ў газавых камерах). Так памёр бацька Дэвіда, Беньямін Уолдшэн. Невядома, што сталася з сёстрамі і маці, але хутчэй за ўсё загінулі.
Дэвід быў далучаны да групы маладых людзей. У дадзеным канцлагеры ён атрымаў лагерны нумар 98135. Дэвід і яго дзядзька Саламон, які таксама прайшоў адбор, прабылі ў Біркенау 5-6 тыдняў. Хлопчык працаваў у сталярнай майстэрні ў якасці памочніка ў вырабе рам для дзвярэй і вокнаў. Неўзабаве адбыўся чарговы адбор. Фашысты загадалі выйсці ўсім, хто быў маладзей 16-ці гадоў, але Саламон загадаў Дэвіду не рухацца з месца, што выратавала яго ад смерці.
У Асвенціме ён заставаўся да канца студзеня 1945 года. У гэты час немцы эвакуіравалі зняволеных у іншыя лагеры ў сувязі з набліжэннем Чырвонай Арміі. Таму Дэвід быў дастаўлены ў канцлагер Маўтхаўзен у Аўстрыі, які, паводле яго слоў, быў яшчэ горшым за Біркенау. Ён правёў некалькі тыдняў у каранціне, а затым быў адпраўлены ў працоўны лагер у Гузэне II, дзе ў жудасных умовах капаў падземныя тунэлі і вывозіў гліну. Праз некалькі месяцаў з Гузэна II немцы перамясцілі зняволеных у лагер Гунскірхен. Там Дэвід галадаў на працягу 7-8 дзён. 15 мая 1945 года быў вызвалены. Ён памятае, што многія людзі памерлі з-за раптоўнага пераядання.
Некалькі месяцаў разам з іншымі вызваленымі правёў у шпіталі і рэабілітацыйным цэнтры. Затым жыў і вучыўся ў прыватнай школе ў аўстрыйскім Гойзэрне, дзе і скончыў сярэднюю школу ў маі 1949 года.
Пазней ён знайшоў сваю цётку Алёну Юдэвіч, якая пражывала ў Злучаных Штатах. Дэвід пераехаў у ЗША ў студзені 1950 года. Пасяліўся ў мястэчку Вустэр недалёка ад Бостана. Першапачаткова працаваў на заводзе, а потым перайшоў на вытворчасць таблетак у фармацэўтычную кампанію. Скончыў там сярэднюю школу і атрымаў амерыканскі дыплом. Пазней пераехаў у Дэтройт, дзе працаваў на General Motors як канструктар у аддзеле тэхналогіі вытворчасці да выхаду на пенсію.
У 1966 годзе ён ажаніўся з Сараю Берман, якая нарадзілася ў Польшчы ў яўрэйскай сям’і. Выхавалі трох дзяцей: Тэмі, Бенджамін і Ален. Апошнім часам Дэвід Уолдшэн разам з сям’ёй пражываў у Фармінгтон-Хіллз (штат Мічыган), меў шэсць унукаў. Памёр 25 сакавіка 2023 года ва ўзросце 95 гадоў і пахаваны на яўрэйскіх могілках у г. Клінтан.
У 2016 годзе быў зняты фільм «Выживший в Беловеже», у якім Дэвід Уолдшэн падрабязна расказаў сваю біяграфію. Ён распавядаў пра сваё цяжкае жыццё такімі словамі: «Я быў цудоўным чынам наканаваны Усявышнім, які меў мэту ў сваёй задуме выратаваць мяне ад пекла. Гэтая мэта для мяне вялікая загадка. Можа быць, мне належыць аддаць даніну павагі маім родным гарадам Белавежы і Пружаны, дзе 9200 яўрэяў, а гэта 84 працэнты насельніцтва Пружан, загінулі на працягу 4 дзён ліквідацыі Пружанскага гета».
Дзмітрый Шульга,
навуковы супрацоўнік ГУК «Музей-сядзіба
Пружанскі палацык»
