Творчы калектыў работнікаў культуры з аг. Роўбіцк не перастае здзіўляць сваёй крэатыўнасцю і здаровым пачуццём гумару. З задавальненнем узгадваю колішнія восеньскія кірмашы ў нашым райцэнтры, калі ўздоўж вуліцы Савецкай устанаўліваліся падворкі ўсіх сельсаветаў, кожны са сваім каларытам, сваімі пачастункамі і творчымі нумарамі. Нават у тым мностве таленавітых асоб і цікавых знаходак жартоўныя прадстаўленні «роўбікаў» запаміналіся надоўга.

Адметнасцю сёлетняга свята аграгарадка Роўбіцк, што правялі ў суботу 1 ліпеня, таксама стала вясёлая пастаноўка. Дарэчы, у чэрвені роўбіцкія культработнікі разам з калегамі з Муравы і Вялікага Сяла прымалі ўдзел у абласным фестывалі «Спораўскія жарты» і разам перамаглі ў адной з намінацый. Тут жа — усё самі, усё самі…

І вось ужо ад душы смяюцца вяскоўцы над прыгодамі вядучых, нехта з якіх нават на папутным самалёце спяшаўся на свята (дарэчы, усе жарты на мясцовым дыялекце).
А калі весела, але ўсур‘ёз, то Роўбіцку споўнілася 464 гады. Прыгожая і круглая — у які бок ні круці, усё 464 — дата была адлюстравана нават на кубках побач з прызнаннем у любові да малой радзімы. Забягаючы наперад, скажу, што памятныя кубачкі, зробленыя пры спонсарскай дапамозе Сухопальскага сельвыканкама, атрымалі ў падарунак жыхары, якіх адзначалі падчас свята пад жартоўныя сцэнкі і цудоўныя песні ў выкананні юных Соф‘і Юхневіч і Паліны Дацкевіч і сталых Юрыя Гуца, Ірыны Параняк, Таццяны Папко, Зоі Самусь, Людмілы Параняк, Таццяны Грэчышка, Святланы Бушка.

З прывітальнымі словамі да прысутных звярнуўся старшыня сельвыканкама Міхаіл Мартынаў.
— Ад усёй душы віншую ўсіх тых, хто тут нарадзіўся і вырас, хто прыехаў пазней і сваёй працай зрабіў унёсак у развіццё аграгарадка. Нехта выбраў Роўбіцк месцам, дзе можна сустрэць старасць, бавіць час з унукамі, а некаму яшчэ толькі давядзецца пераняць у старэйшых пакаленняў эстафету адказнасці за лёс сваёй малой радзімы. Гэты дзень — наша агульнае свята, — падкрэсліў Міхаіл Яўгенавіч. — Якімі б рознымі мы ні былі, усіх нас аб‘ядноўвае любоў да радзімы. І менавіта наша любоў, наша працавітасць, агульная гісторыя і агульныя традыцыі кладуцца ў аснову іншага вялікага свята — Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Адразу з двума важнымі святамі — мясцовага значэння і агульнабеларускім — віншаваў жыхароў аграгарадка і старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец.
— Парадак, гасціннасць, адказнасць і працавітасць вылучаюць беларусаў. І ваш родны аграгарадок на краі Белавежскай пушчы — не выключэнне, — адзначыў Мікалай Пятровіч. Ён пажадаў прысутным мірнага неба і спакойнага жыцця на сваёй зямлі: яшчэ памятаюць мясцовыя бабулі і дзядулі ваеннае ліхалецце, якое не павінна паўтарыцца.
Мікалай Кудравец уручыў Падзячнае пісьмо Пружанскага раённага Савета дэпутатаў старасце аграгарадка Сяргею Шчэрбе і падзякаваў яму за дапамогу ў рабоце з насельніцтвам. Міхаіл Мартынаў падмацаваў падзяку памятным падарункам.
Віншаванні працягваліся. Традыцыйна адзначылі старажылаў Роўбіцка — 96-гадовую Надзею Несцераўну Ластавецкую, 94-гадовага Мікалая Васільевіча Рубеля, 93-гадовага Леаніда Карпавіча Бушка. Самай юнай жыхаркай аграгарадка аказалася трохмесячная Дарына, якая нарадзілася ў Алёны і Алі Мамедавых. У першы клас сёлета пойдуць Софія Хоміч і Юрый Бушка, і іх таксама шчыра віталі аднавяскоўцы. Будучае аграгарадка — і маладыя сем‘і. Сёлета роўбіцкая зямля стала багацейшай на дзве наваствораныя ячэйкі грамадства: пабраліся шлюбам Аляксандр і Кацярына Купрашы, Ілья і Вераніка Рубелі.

Не забыліся і пра людзей, якія працуюць на мясцовым сельскагаспадарчым прадпрыемстве — ААТ «Роўбіцкае». І не проста ўшанавалі лепшых, як, напрыклад, Сняжану Сіліцкую, якая нядаўна, як стала вядома, заняла трэцяе месца ў раённым спаборніцтве жывёлаводаў у сваёй намінацыі, але і памераліся працоўным стажам. Раскрыем сакрэт: самы вялікі стаж (без трох тыдняў 44 гады!) аказаўся ў Валянціны Уладзіміраўны Тарасевіч, самы маленькі, 25 дзён — у Сяргея Сцяпанава, які прыйшоў сюды нядаўна намеснікам дырэктара па вытворчасці. Павіншавалі тых, хто сёлета ўпершыню атрымаў або рыхтуецца атрымаць працоўную пенсію.
У кулінарным конкурсе прынялі ўдзел Марына Пракопчык і Ганна Зарэмская, якія прыгатавалі цудоўныя торты.

А свята, аказваецца, толькі набірала абароты. Пажарныя-выратавальнікі дэманстравалі амуніцыю і сродкі тушэння пажару. Дзятва фатаграфавалася разам з Ратуйкам і слухала парады Вольгі Ліпко. Працавалі атракцыёны, паветра вакол іх прапахла папкорнам, якім так любяць ласавацца малыя. Дарослыя падцягваліся бліжэй да ёмістасці з юшкай, якой частавалі культработнікі (пра сакрэты яе прыгатавання мы абавязкова раскажам у адным з наступных нумароў).

Сонейка ўжо схілялася да гарызонту, калі на ўзмацненне мясцовых спевакоў прыехалі з выдатнай канцэртнай праграмай калегі з Кляпацкага СДК на чале з Рытай Святленка. Здаецца, гэты выезд быў генеральнай рэпетыцыяй перад чакаемым на наступны дзень грандыёзным святам у саміх Клепачах.
І ў завяршэнне святочнага вечара ў небе над Роўбіцкам на радасць усім, а асабліва дзецям, заззялі агні святочнага феерверка.
— Вялікі дзякуй нашым вяскоўцам, якія пажадалі зрабіць свята ярчэйшым і самі сабралі грошы на феерверк, — кажа загадчык СКБ Таццяна Папко. — І наогул жыхары і гледачы ў нас цудоўныя, мы вельмі іх любім.

Пакуль на пляцоўцы перад клубам-бібліятэкай спявалі-танцавалі, а звонкія дзіцячыя галасы «перапявалі» музыку з узмацняльнікаў, стараста Сяргей Шчэрба паказаў нам мясцовую крынічку, якую роўбіцкія жыхары самі добраўпарадкавалі.
— Мы ў Роўбіцку ўсё робім сваімі сіламі, і косім, і добраўпарадкоўваем, камунальшчыкі толькі смецце вывозяць, — кажа Сяргей Іванавіч. — Бачыце крыж? Гэта Васілій Бушка і іншыя старажылы ў свой час каля крыніцы паставілі, асвяцілі. Мы захацелі працягнуць работы і звярнуліся да старшыні райвыканкама Міхаіла Міхайлавіча Грышкевіча. Ён дапамог: далі экскаватар, каб выкапаць басейн побач. Пакрыху добраўпарадкавалі саму крынічку, цяпер людзі могуць зручна набраць вады.
Мужчына працуе інжынерам-будаўніком у мясцовым сельгаставарыстве, на пасаду старасты яго выбралі тры гады таму.
— Я нарадзіўся ў гэтай вёсцы, люблю яе. А яшчэ люблю, каб ва ўсім быў парадак. Клопату, зразумела, шмат, але, так разумею, у таго клопатаў няма, хто нічога не робіць.
Сяргей Шчэрба прызнаецца, што пэўныя абставіны ў жыцці прымусілі яго аднойчы задумацца над сваім прадвызначэннем, многае пераасэнсаваць, пайсці ў храм.
— Сям‘я ў нас шматдзетная, трое дзяцей, так што і ім накірунак трэба правільны даць. Але многае паказваецца ўласным прыкладам. Я і людзей, калі трэба што зрабіць, не прымушаю, а пачынаю сам рабіць. Тады падыходзяць, пытаюцца, чым дапамагчы. Вось вяскоўцы скінуліся грашыма, і мы разам з Мікалаем Гаўрам зрабілі на ўездзе парк з дзіцячай пляцоўкай. Там раней бур‘ян рос. Лавачкі паставілі, арэлі для дзяцей зрабілі. Няшмат, канечне, але ж чыста стала, прыгожа. Больш, зразумела, дапамагаюць людзі сярэдніх гадоў: старым не па сілах, мы ў іх, як казаў Міхаіл Яўгенавіч Мартынаў, ужо эстафету адказнасці перанялі. А за намі, глядзіш, і моладзь падцягнецца. Каб жыла наша малая радзіма і квітнела.
Ірына Сядова. Фота аўтара
Фотаальбом са свята: https://ok.ru/budni/album/964103736200
