
Праводзілася мерапрыемства ў рамках рэспубліканскага экскурсійнага марафону «Дзіцячы аўтапоезд».
Экскурсія пачалася каля драўлянай выявы Мікалая Васільевіча, дзе нас чакала яго дачка Лідзія Мікалаеўна Шчука. Яна паведаміла пра жыццё і творчасць бацькі, гісторыю стварэння музея.
Ціхае, утульнае мястэчка на хутары Стойлы прываблівае не толькі сваёй прыродай, але і тым, што захоўвае ў сабе жамчужыну самабытнага мастацтва. Каштоўнасць такога тыпу творчасці была пацверджана на выставе мастака ў 1994 годзе ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь (г. Мінск).
Выхаванцы лагера наведалі невялікі блакітны домік, упрыгожаны рознымі фігурамі жывёл. У ім «жыве» драўляны люд Мікалая Тарасюка. Кожная кампазіцыя перадае свой час, абрады і традыцыі беларускага народа, характар герояў, іх радасць і боль. За сваё жыццё майстар выразаў больш за 33 тысячы фігур. І гэта толькі з дапамогай сякеры і нажа. Мы даведаліся, што яго творчасць была ўключана ў Дзяржаўны спіс элементаў нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці.
У 2002 годзе Мікалай Тарасюк стаў лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне», атрымаў узнагароду з рук Аляксандра Лукашэнкі. Аб драўляным народзе Мікалая Тарасюка ў 2008 годзе быў выдадзены ілюстраваны зборнік «Сялянская энцыклапедыя».
Пасля экскурсіі па музеі дзяцей чакаў квэст «У пошуках скарбу». Лідзія Мікалаеўна прапанавала па спецыяльнай карце знайсці сакрэтнае месца, дзе іх чакаў салодкі пачастунак.
Выхаванцы лагера «Зорка» вярнуліся дадому ўражаныя незвычайным мастацтвам, з новымі ведамі і інтарэсам вывучаць народную творчасць і традыцыі Беларусі. Бо менавіта такія экскурсіі дапамагаюць развіваць у дзяцей патрыятычныя пачуцці, усвядоміць важнасць захавання культурнай спадчыны і павагі да вытокаў сваёй краіны.
Ганна Грыцэвіч, старшая выхавальніца
