Суббота, 18 апреля 2026

Гандлёвы хаос: ці зрушыцца праблема з мёртвай кропкі?

815

Нядзельная раніца. Пружанскі рынак толькі адкрываецца, але ля варот ужо кіпіць жыццё: бабулі з кошыкамі, фермеры са скрынямі свежай агародніны, пакупнікі, якія ледзь паспяваюць разысціся, каб не заштурхаць адзін аднаго. А вось пад добраўпарадкаванымі навесамі ўнутры рынку — цішыня і пустата. Здавалася б, парадокс: зручныя месцы прастойваюць, а гандаль ідзе ў самых нечаканых кропках: у платоў, уздоўж дарожак, адразу ля ўваходу. Чаму так адбываецца? Давайце разбірацца.

У прадаўцоў, вядома, свая праўда, маўляў, тут праходнасць вышэйшая, а значыць, і тавар купяць хутчэй. Кантралёр рынку Ірына Саўко толькі ўздыхае: — Угаворы не дапамагаюць, людзі цвёрда стаяць на сваім — месца аплачана, значыць, маем права гандляваць дзе заўгодна. На просьбу заняць добраўпарадкаваныя месцы і не тоўпіцца ля самага ўваходу часта адказваюць рэзка і дастаткова груба. Я для іх проста работнік, які здымае плату, не больш за тое. Ні культуры зносін, ні павагі тут не ўбачыш.

Фармальна яны маюць рацыю: калі арэнда па-за навесам не забаронена, то і парушэнняў няма, бо арандатары аплацілі месцы і могуць размяшчаць тавар у межах адведзенай тэрыторыі. Але пакупнікі абураюцца — навошта тады абсталяваныя месцы, калі даводзіцца прабірацца праз натоўп у варот, спатыкацца аб скрынкі і кошыкі?

Санстанцыя толькі па-ціскае плячыма: іх зона адказнасці пачынаецца за варотамі рынку, дзе незаконных гандляроў проста штрафуюць. А ўнутры — галаўны боль адміністрацыі і райспажыўтаварыства. На самой тэрыторыі яны павінны забяспечваць парадак і размяшчэнне прадаўцоў. Але як прымусіць людзей перамясціцца пад навесы калі іх задавальняе бягучае становішча? Штрафы тут не спрацуюць — гандлююць жа легальна. Угаворы таксама. Можа, прапанаваць зрабіць рэйд з міліцыяй, каб хоць неяк іх прыструніць? Хаця гэта таксама ненадоўга, бо занадта жвавы нораў у нашых грамадзян — сёння яны прымуць да ведама заўвагі, а на заўтра ўсё па новай.

Атрымліваецца замкнёнае кола: прадаўцы жадаюць хутчэй збыць тавар, пакупнікі — камфортна яго купіць, а рынак як сістэма не можа іх прымірыць. Магчыма, выйсце з сітуацыі ў гнуткім рэгуляванні. Напрыклад, зрабіць месцы ля ўваходу даражэй або, наадварот, знізіць кошт арэнды пад навесамі. А можа, варта вылучыць «гарачыя» кропкі для сезоннага гандлю, але з дакладнымі правіламі?

Пакуль жа сітуацыя гадамі застаецца нязменнай: адны не жадаюць, іншыя не могуць, трэція не чуюць. А пакупнікі скептычна чакаюць перамен і па-ранейшаму вымушаны лавіраваць паміж каробкамі ў вузкіх праходах. Усе мараць аб тым, каб рынак стаў не толькі месцам выгаднага гандлю, але і прасторай зручнасці.

Здавалася б, сітуацыя бязвыхадная. Аднак кіраўніцтва рынку заявіла, што прымае да ўвагі скаргі пакупнікоў. Праўда, гучыць гэта з налётам
стомленасці — падобныя абурэнні чуюць не першы год. Тым не менш, паводле слоў прадстаўнікоў адміністрацыі, у бліжэйшы час будзе падрыхтавана прапанова на разгляд у райвыканкам аб магчымым пераглядзе схемы размяшчэння гандлёвых кропак унутры рынку. Што менавіта зменяць, пакуль невядома, застаецца толькі чакаць.
Вопыт падказвае, што адных абяцанняў недастаткова, патрэбны дакладныя правілы і рэальныя механізмы іх выканання. Інакш рынак так і застанецца месцам, дзе зручнасць саступае стыхійнай выгадзе, а добраўпарадкаваныя навесы — толькі дэкарацыя для звыклага хаосу.

Ад рэдакцыі:
Калі рыхтаваўся нумар, у рэдакцыю патэлефанавала жыхарка Брэста, якая прыязджала на рок-фестываль «Сонцастаянне». Жанчына з абурэннем спытала: «Чаму на рынку агародніна, садавіна, а тым больш ягады, прадаюцца з зямлі, а не з прылаўкаў, якія стаяць пустыя?». А сапраўды, чаму?
Дарэчы, гэта тычыцца і міні-рынку, што па вул. Тармасава.


Фота Кацярыны Масік

Ульяна Рысь