Суббота, 18 апреля 2026

Хлеб ужо ў засеках!

544

Жніво — слова, якое ўвасабляе ў сабе самае галоўнае для кожнага з нас. Размова, канечне, пра дабрабыт. Каб жылося добра і сытна, на дадзены момант нават з уключанымі фарамі гудуць на палетках камбайны, снуюць туды-сюды аўтамабілі, ні на мінуту не спыняецца работа зернесушыльных комплексаў. Стараюцца хлебаробы, каб не пакінуць на зямлі ніводнага залацістага зярнятка. А некаторыя сельгаставарыствы нашага раёна ўжо паставілі кропку на жніве 2025 года. І не проста далі спакой на некаторы час натруджаным рукам, а сталі першымі ў вобласці!

Хвала хлебаробам з ААТ «Радзіма»! Праявілі ўпартасць у рабоце і тэмп не збаўлялі, нягледзячы на пагодныя ўмовы і рознага роду непрадбачаныя сітуацыі, без якіх ніяк не абысціся. Гэта ж сельская гаспадарка, дзе кожны дзень можа табе падкінуць задачу. І галоўнае — яе аператыўна вырашыць, без лішняй мітусні і з веданнем справы.

На сёлетнім жніве ў гаспадарцы было задзейнічана 6 камбайнаў ААТ «Гомсельмаш», якія ў чарговы раз паказалі высокую якасць уборкі і канкурэнтаздольнасць з замежнымі аналагамі. Старшы камбайнер Яўген Жылінскі і камбайнер Аляксандр Канюк пераадолелі тысячны рубеж. Сямейны экіпаж Васіля Аляксандравіча і Аляксандра Васільевіча Гавейнаў намалаціў 960 тон зерня. Будзем вельмі спадзявацца, што наступным разам бацьку з сынам удасца дасягнуць тысячы, а то і далей пайсці. Чатыры аўтамабілі своечасова адвозілі новы ўраджай на дапрацоўку. Вадзіцель «МАЗа 650108» Анатоль Міхайлоўскі перавёз 1328 тон.

У гэтым годзе плошчы пад збожжавыя і зернебабовыя культуры (без кукурузы, грэчкі і проса) у гаспадарцы склалі 1270 га. Хлебаробы намалацілі 4781 тону зерня, дадзены паказчык з’яўляецца, можна сказаць, рэкордным за апошнія адзінаццаць гадоў. І гэта пры не вельмі спрыяльных пагодных умовах, значыць, аграрыі сельгаставарыства пастараліся ўлічыць усе нюансы, унеслі патрэбную колькасць угнаенняў і з уборкай не зацягнулі. Ураджайнасць таксама парадавала: 37,6 ц/га супраць мінулагодніх 26,6 ц/га. Застаецца цяпер па-гаспадарску распарадзіцца ўраджаем, у тым ліку і здаць дзяржзаказ.

А наша задача быць не толькі староннімі гледачамі таго, чым жыве цяпер наша краіна, але і, выкарыстоўваючы любыя магчымасці, падтрымліваць хлебаробаў, ушаноўваць іх такую нялёгкую працу.
Вадзім Раўнейка

На здымку: зерне новага ўраджаю дэманструюць вядучы аграном Ганна Шылава і загадчык склада Вячаслаў Лічык.

Фота Алега Сідарэнкі