
Паляванне — гэта не проста захапленне. Гэта старажытны інстынкт, кліч продкаў, імкненне да яднання з прыродай. У нашым раёне нямала людзей, для якіх лес не проста пейзаж, а прастора выпрабаванняў, назіранняў і дастойных трафеяў. Пра тое, як стаць паляўнічым, чаму ў Беларусі зноў дазволілі здабываць мядзведзя і хто першым здолеў гэта зрабіць, мы даведаліся ў вядучага інжынера па паляўнічай гаспадарцы Пружанскага лясгаса Сяргея Літвіновіча.
— Як любому жадаючаму стаць паляўнічым і што для гэтага трэба?
— Каб атрымаць дзяржаўнае пасведчанне на права палявання, грамадзяніну неабходна прайсці навучанне ў «Белдзярж-паляванні» (можна дыстанцыйна), здаць усе залікі і экзамен. Для ружэйнага палявання, акрамя пасведчання, патрабуецца дазвол на захоўванне і нашэнне зброі, а таксама выплата дзяржаўнай пошліны. Далей, калі ўсе дакументы ў парадку, грамадзяніну неабходна набыць пуцёўку, якая дасць права самастойна здабываць ненарміруемыя віды (заяц, лісіца, воўк, вавёрка і інш.). А вось на нарміруемыя (лось, алень, казуля і інш.) — паляванне дазволена толькі пад кіраўніцтвам спецыяліста.
— Чаму ў Беларусі адкрылі сезон палявання на мядзведзя?
— Асноўныя прычыны — рост папуляцыі і павелічэнне выпадкаў выхаду касалапага звера да людзей. Мядзведзі сталі наносіць шкоду пчальнікам, усё часцей з’яўляюцца ў вёсках, палохаючы мясцовых жыхароў. Сезон палявання на гэты від адкрыты з 1 ліпеня па 31 снежня. Зараз здабыча мядзведзя дазволена толькі ў некаторых раёнах Віцебскай і Мінскай вобласці. На Пружаншчыне бурых мядзведзяў, якія б тут пастаянна жылі, не зафіксавана.
— Ці зарэгістраваны ўжо выпадкі здабычы асобін мядзведзя ў нашай краіне?
— Так. Першым паляўнічым у гісторыі незалежнай Беларусі, які здабыў бурага мядзведзя, стаў Дзяніс Клімец з Пружанскага раёна (на здымку). Яго трафей — дарослая самка вагой 150 кг, быў здабыты ў ліпені гэтага года ў Віцебскай вобласці. Варта адзначыць, што гэта ўжо не адзіны выпадак здабычы асобін мядзведзя ў бягучым годзе.
Гутарыў Руслан Басак
Фота прадастаўлена Сяргеем Літвіновічам і з інтэрнет-рэсурсаў.
З 9 жніўня 2025 года адкрываецца летне-асенні сезон палявання на вадаплаўную і балотную дзічыну (акрамя гусей).
