
Кастрычніцкія дні ў Пружанах, як і па ўсёй рэспубліцы, прайшлі пад знакам сямейных каштоўнасцей і чысціні слова. Гэта стала не проста серыяй мерапрыемстваў, а глыбокім і шчырым дыялогам пра фундамент грамадства — сям’ю, і моц кожнага вымаўленага слова.
Падчас Тыдня бацькоўскай любові наш раён стаў актыўнай пляцоўкай для рэспубліканскай акцыі «Я і мая сям’я — без брыдкаслоўя». Ініцыятыва грамадскага савета па маральнасці, падтрыманая Беларускай Праваслаўнай Царквой, знайшла жывы водгук у сэрцах пружанцаў, заахвочваючы задумацца пра тое, як мы размаўляем і як гэта фарміруе нашу будучыню.

Асаблівая ўвага надавалася рабоце з маладым пакаленнем. Мерапрыемствы па фарміраванні культуры паважлівых зносін прайшлі ва ўсіх школах Пружанскага раёна. Адным з прыкладаў такой работы стала сустрэча навучэнцаў сярэдняй школы № 5 г. Пружаны з праваслаўным светаром Дыянісіем Паповым. Ён пагутарыў з дзецьмі пра моц слова і ўплыў добрых і дрэнных слоў на наша жыццё, падкрэсліўшы, як важна сачыць за сваёй мовай. Пасля прагляду дакументальнага фільма «Брудныя словы» школьнікі актыўна абмеркавалі ўбачанае, падзяліўшыся сваімі думкамі і ўражаннямі.

Важныя сустрэчы, падчас якіх прайшлі абмеркаванні з удзелам працоўных калектываў, адбыліся таксама ў Пружанскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, на малочным камбінаце і ў Пружанскім раёне газазабеспячэння. Тут гутаркі правялі настаяцель прыхода храма Праабражэння Гасподняга ў г. Пружаны протаіерэй Ігар Мрыхін і старшыня РГА «Беларускі саюз жанчын» Наталля Чарэшка.
У сваіх выступленнях госці чарговы раз зрабілі акцэнт на захаванні традыцыйных сямейных каштоўнасцей, асаблівасцях выхавання дзяцей у сучасных рэаліях, а таксама асновах апекі над старэйшым пакаленнем.
Наталля Чарэшка падкрэсліла ролю бацькоў у фарміраванні мовы дзяцей:
— Моцная сям’я — аснова паспяховага развіцця краіны. Дзяржаўная палітыка Беларусі накіравана на захаванне сям’і, дзе бацька — галава і апора, а маці — захавальніца хатняга ачага. Менавіта тут дзеці атрымліваюць бясцэнны вопыт і асновы маралі, пераймаюць манеру размаўляць. Чуючы нецэнзурную лексіку ад бацькоў, дзеці ўспрымаюць яе як звычайную, нават не задумваючыся пра значэнне слоў.
Протаіерэй Ігар Мрыхін акцэнтаваў увагу на духоўным аспекце праблемы, падкрэсліўшы моц добрых слоў і культуру паважлівых зносін. Ён нагадаў, што мова — магутны інструмент, здольны ствараць і аб’ядноўваць. Гэта не проста сродак зносін, а аснова нашай культуры і светаўспрымання. Чысціня мовы, якая пачынаецца ў сям’і, мае стваральную сілу і з’яўляецца залогам здаровай атмасферы, правільнага выхавання дзяцей.
Няхай добрыя і цёплыя словы, якія гучалі на гэтым тыдні, стануць прыкладам сапраўдных чалавечых зносін і натхняць кожнага на захаванне неацэннай духоўнай спадчыны.
Крысціна Асіпчук
Фота Кацярыны Масік
