Среда, 15 января 2025

Ці захавае «раёнка» прыцягальнасць? Разважаем разам з вамі — чытачамі

353

На пачатку мінулага стагоддзя з вынаходніцтвам кіно, або сінемы, узнікла ўстойлівае меркаванне, што ў хуткім часе тэатр не толькі страціць сваю папулярнасць, а ўвогуле стане анахранізмам. Мінула больш за 100 гадоў, а тэатр і зараз прыцягвае гледачоў, білеты на жывыя пастаноўкі разыходзяцца як гарачыя піражкі.

Так жа адбывалася і з кіно, якому прадракалі знікненне пасля таго, як у кожным доме з’явіўся свой тэлевізар. Мінула зноў жа нямала часу, а ці зможа хто-небудзь назваць не тое што абласны, а раённы цэнтр, дзе няма свайго кінатэатра?

Прагнозы і прадказанні такога ж кшталту тычыліся кнігі, радыё, а зараз яшчэ і друкаванай версіі газет. Маўляў, з развіццём электронных СМІ і доступу да віртуальных бібліятэк усё вышэйпералічанае стане сівой гісторыяй. Прызнаюся, што і ў мяне было такое ж устойлівае меркаванне, пакуль не стаў сведкам спрэчкі двух знаёмых. Яна і прымусіла мяне замест эмацыянальных высноў дакладна прааналізаваць, ці ёсць патэнцыял у газеты, на прыкладзе прадмета спрэчкі — «Раённых будняў». Давайце ўважліва разгледзім довады кожнага з бакоў.

Чаму я не выпісваю «раёнку»?


Асноўны аргумент «непадпісчыка» тычыцца таго, што ўсе навіны зараз можна даведацца з электронных СМІ. Па-першае, аператыўнасць, бо ў інтэрнэце інфармацыя з’яўляецца значна хутчэй, з чым друкаваная газета не зможа канкурыраваць апрыёры (бясспрэчна). Па-другое, доступ да навін даецца практычна ў любым месцы, а газету трэба выпісаць на хатні адрас і знаходзіцца паблізу ад паштовай скрыні, каб атрымаць новы нумар. Або купіць, што прымушае наведваць газетны кіёск. Больш за тое, прывязка ідзе і геаграфічная: напрыклад, у Мінску знайсці свежы папяровы выпуск пружанскай «раёнкі» амаль што немагчыма. А вось навіны з Пружаншчыны можна чытаць у электронных гаджэтах нават у Кітаі.

— І па-трэцяе, сам працэс падпіскі прымушае траціць асабісты час. Ісці на пошту, шукаць паштальёна. А яшчэ плаціць грошы, хаця ў інтэрнэце я маю магчымасць усё гэта атрымаць без лішніх «целарухаў» і абсалютна бясплатна, — запэўнівае адзін са спрачальнікаў.

Здаецца, ён мае безумоўную рацыю, усе яго довады абгрунтаваныя і няма чым контраргументаваць. Аднак толькі ў тых сітуацыях, калі прытрымліваешся менавіта той жа пазіцыі. Хаця яна, пра што чытайце далей, усё-такі не з’яўляецца адзінай.

Чаму я выпісваю «раёнку»?


— Ці чытаю я электронныя навіны? Так, — запэўнівае другі знаёмы. — Вось толькі не лічу гэты спосаб зручным для сябе, таму такі падыход адношу да дадатковай магчымасці атрымліваць інфармацыю. І далёка не першароднай.

І ў якасці аргументаў сваёй пазіцыі ён прывёў наступныя пункты гледжання.

Па-першае, падача вэб-СМІ зусім іншая, чым у друкаваным аналагу. Назіраецца непарушная лінейнасць, калі кожная наступная навіна перасоўвае папярэднія ніжэй па навіннай стужцы, а то і ўвогуле «адштурхоўвае» ў архіў. У выніку, каб падзяліцца з кімсьці цікавай падзеяй праз кароткі час, давядзецца «гартаць» не адну старонку ў інтэрнэце. І не факт, што знойдзеш. Пошукавікі? На сённяшнім этапе развіцця віртуальных тэхналогій гэта працуе праз пень-калоду: трэба дакладна ведаць назву навіны, вытрымкі з тэксту і нават выкарыстоўваць папулярныя для сеткі мовы. Па-беларуску пошукавік «разумее» слаба.

Трымаючы ў руках свежую газету, можна самастойна выбіраць тэмы «на пачытаць», а не гартаць бясконца інтэрнэт-старонкі. І дзяліцца цікавай інфармацыяй значна прасцей, таму што яна ніколі не знікне з таго месца, якое было адве-дзена пад яе адзін раз і назаўжды. Адкладзі нумар на шафу, каб праз месяц паказаць цікавае гасцям. Ці бацькам, якія прыехалі праведаць дзяцей з іншага горада.

Па-другое, вельмі скептычна ўспрымаецца «інтэрнэт-аператыўнасць». У пагоні за «свежасцю» даволі часта ў вэб-СМІ з’яўляецца неправераная інфармацыя. Выкладзеныя звесткі праз некаторы час удакладняюцца або ўвогуле аправяргаюцца. Друкаваная газета мае пэўны час на тое, каб дакладна разабрацца ў сітуацыі, выслухаць усе бакі, нават атрымаць папярэднія высновы, з якімі і падзеліцца потым з чытачамі. Доказаў гэтаму можна прывесці нямала, на месяц не адзін дзясятак прыкладаў. А што казаць пра розныя фэйкі, з якімі ў газеце сутыкнуцца немагчыма? Ды і ўвогуле, трымаючы ў руках папяровы зборнік навін, можна і не задумвацца пра віртуальных махляроў, вірусы. Якія, калі і з’яўляюцца, то першыя — у наручніках, а другія — з парадамі ўрачоў, як з імі змагацца. Смешна нават і тое, што ні адзін чытач газеты не глядзіць на ўзровень зарадкі «папяровага гаджэту». Як паказвае гісторыя, яна бясконцая і на працягу 85 гадоў не страціла ні адной «рысачкі».

— А па-трэцяе, не пагаджуся з карысцю ад «бясплатнасці», — зазначае прыхільнік «Раённых будняў». — Ты без грошай атрымліваеш толькі «спробнік» навін. Кароткую вытрымку з пералічэннем асноўных падзей, без меркаванняў адказных асоб і дакладнага рэпартажу з месца здарэння. Чытаў пра адкрыццё ў нашай бальніцы кабінета камп’ютарнай тамаграфіі? Дык вось, раскажы, хто яго будаваў, якія грошы і адкуль знайшліся на гэты вельмі неабходны для Пружан аб’ект? А яшчэ што будзе ў бліжэйшым будучым? Нездарма ж у электронных СМІ пад навінамі ідзе подпіс «Чытайце падрабязнасці ў бліжэйшым выпуску газеты». Вось я іх і атрымліваю. Не «спробнік» бясплатны, а «комплексны абед з трох страў». Дык чаму ж мне шкадаваць на сябе любімага крыху больш за 1 рубель за свежы і, галоўнае, паўнавартасны зборнік навін? А выпісаць… я магу і праз інтэрнэт, затраціўшы на гэта не больш за 5 мінут.


Нас чытаюць? Нас чытаюць!


Што пацвярджаецца як жыццёвымі прыкладамі, так і абсалютнымі лічбамі. Па першым накірунку аргументую тым, што кожны, хто добра або дрэнна адгукаецца пра «раёнку», бясспрэчна яе чытае. Проста прыхільнікі робяць гэта «з пачуццём, сэнсам і расстаноўкай», а праціўнікі — павярхоўна праглядаюць чарговую навінную падборку. Аднойчы знаёмая выказала мне свой негатыў: маўляў, газета стала пісаць няпраўду. А на маю просьбу канкрэтызаваць «што іменна?» адказала: «Я ўвогуле не чытаю «Раённыя будні». Ага, кшталту, «я не люблю джэкфрут (плод хлебнага дрэва), таму што ніколі яго не ела». Выказваць негатыў у дачыненні да чаго-небудзь можна толькі ў тым выпадку, калі з гэтым пастаянна сутыкаешся. Значыць, чытаеце? Тыя, каму не падабаецца «раёнка», нецікавая яна або састарэлая, — усе чытаюць. Або чулі пра газету ад тых, хто з ёю сябруе. Што таксама можна прыраўноўваць да праяўлення інтарэсу. Газета не можа ўсіх задаволіць, у якасці прыкладу адзначу зводкі аграпрамысловага комплексу. Нам рэгулярна тэлефануюць чытачы з прапановай адмовіцца ад друкавання такой «нецікавай» інфармацыі. А іншыя выказваюць нецярпенне ў іх чаканні, таму што ім патрэбны чарговыя статыстычныя выкладкі, каб зрабіць для сябе прафесійныя высновы. Здараецца, што звяртаюцца па кансультацыю адносна набліжэння неспрыяльных дзён, фаз Месяца для расады…

Цяпер пра лічбы. Пагаджуся з тымі, хто ў якасці прыкладу зніжэння папулярнасці «Раённых будняў» зазначае, што некалі газетны тыраж складаў 10 тысяч экземпляраў. А сёння — удвая менш, значыць, пройдзе нямнога часу і «раёнка» сканае. Не стану «вангаваць» на будучыню, а дакладней «скалькурырую» сітуацыю. Той рэкордны тыраж распаўсюджваўся на ўсё насельніцтва Пружанскага раёна ў 64 тысячы чалавек. Прыкладна кожны 7-ы выпісваў «Раённыя будні». Падзелім цяперашні тыраж на сучасную дэмаграфічную сітуацыю і… атрымаем прыкладна такую ж прапорцыю. Так, у акружэнні дадатковых крыніц атрымання інфармацыі папяровы варыянт крыху саступае. Вось толькі крыху, без катастрафічнай страты прыцягальнасці. Як з тым жа тэатрам, кіно, кнігамі — частка былой аўдыторыі выбірае іншыя прыхільнасці. А вось сапраўдныя знаўцы каштоўнасцей застаюцца.

Алег Сідарэнка