
Па службовых абавязках зараз рэгулярна даводзіцца разбіраць уваходную пошту, аналізуючы тэксты, якія дасылаюць у газету для публікацыі. Пераважная частка інфармацыі прыходзіцца на розныя інструкцыі, папярэджанні, тлумачэнні заканадаўства і гэтак далей. З аднаго боку «Раённыя будні» з’яўляюцца грамадска-палітычным выданнем, а значыць, пэўная частка газетнай плошчы павінна адводзіцца пад афіцыйныя паведамленні. Але ў гэтага «медаля» ёсць і адваротны бок. Падазраваю, што, карыстаючыся такой магчымасцю, у многіх службах і ведамствах быў складзены пэўны план выступленняў. І больш таго, ён даведзены да работнікаў структурных падраздзяленняў з адпаведнымі патрабаваннямі. У прыватнасці, адныя павінны штомесяц патрапіць у газету, іншыя — кожны тыдзень, а некаторыя ўвогуле прымушаны пісаць артыкулы ў кожны нумар. Вось тут і атрымліваецца «незадача», таму што адбываецца ўсё па нашым звычайным прынцыпе: які загад, такое і выкананне.
У выніку кожны тыдзень нам прыходзяць аднолькавыя тэксты з інструкцыямі, здараецца, што з некалькіх службаў дасылаюцца «слова ў слова», толькі з рознымі «аўтарскімі» подпісамі. І ўсе патрабуюць іх апублікаваць, інакш іх пакараюць. Даводзіцца тлумачыць, што «раёнка» — гэта не зборнік інструкцый, бюлетэнь заканадаўчых актаў, а ў першую чаргу газета, якую выпісваюць з-за свежых навін. Падчас падобных перамоў увогуле здараюцца казусы, калі самі «аўтары» не чытаюць «Раённыя будні» і не выпісваюць, таму што «яны не цікавыя».
Варта патлумачыць, што «раёнка» выдаецца за кошт падпісных збораў, словам, за грошы чытачоў журналісты рыхтуюць матэрыялы, друкарня набывае паперу і друкуе газету, а пошта дастаўляе нумары падпісчыкам. І выходзіць, што літаральна з кішэні грамадзян павінна аплачвацца яшчэ і публікацыя «напісаных пад капірку» інструкцый? Заканамерна, што просты чытач у выніку адмовіцца плаціць за «афіцыяльшчыну», якая проста захопіць газетныя старонкі. З іншага боку ўзнікае справядлівае пытанне: чаму вы самі не чытаеце тое, што патрабуеце апублікаваць? Па тых жа дасланнях зразумела, што пераважная большасць службаў і ведамстваў менавіта так і ставіцца да газеты. Таму што дасылаюцца аднатыповыя артыкулы. А яшчэ надоечы атрымаў чарговае пісьмо, у якім утрымлівалася інфармацыя… аб правілах перавозкі грузаў з радыеактыўнымі адходамі. Аўтар патрабаваў не толькі апублікаваць цэлую газетную паласу інструкцыі, але і паведаміць, у якім нумары будзе яго артыкул. Таму што яму трэба даць справаздачу наконт свайго выступлення, а за газетай ён сачыць не будзе. А хто будзе? Лідзія Пятроўна з в. Галасяціна ці Віталій Іванавіч з Клепачоў? У выніку і яны не будуць.
На гэтым фоне імпануе падыход малочнага камбіната. Як расказвае намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Дзмітрый Сачэўка, працяглы час прадпрыемства падпісвае сваіх ветэранаў на «раёнку». Па дамоўленасці з мясцовым саветам ветэранаў складалася адпаведная чарга, але з цягам часу выявілася, што яна не ахоплівае ўсіх жадаючых чытаць пружанскую газету. Таму ўведзены «заяўніцкі прынцып»:
Прадугледжаная калектыўным дагаворам падпіска на газету «Раённыя будні» для пенсіянераў прадпрыемства будзе ажыццяўляцца паквартальна па іх пісьмовай заяве на імя кіраўніка. Тэрмін падачы заяўкі — не пазней 20 чысла месяца папярэдняга квартала.
У выніку ў бягучым сакавіку высветлілася, што 37 пенсіянераў жадаюць атрымаць такую падтрымку ад роднага камбіната. Якая і будзе аказана. Пры гэтым на такі крок кіраўніцтва арганізацыі ідзе па дзвюх прычынах. Па-першае, усё-такі важкая падтрымка і словам, і справай. А па-другое, камбінат рэгулярна праз газету расказвае пра навіны сваёй дзейнасці, і былыя ветэраны чытаюць не толькі пра падзеі ў краіне, вобласці і раёне, але і пра сваё прадпрыемства. У іншых жа не тое, што ветэраны, нават работнікі не ведаюць, чым жыве іх арганізацыя. А калі так, то і навошта публікаваць пра… перавозку радыеактыўных адходаў.
Алег Сідарэнка