
Праходзіла пасяджэнне на базе ААТ «Санаторый «Ружанскі». І гэты аб’ект быў абраны не проста так. Справа ў тым, што арганізацыя работы ў гэтым акцыянерным таварыстве па процідзеянні карупцыі можа служыць прыкладам для іншых. Гэта пацвердзіў і даклад намесніка дырэктара па фінансава-гаспадарчай дзейнасці ААТ «Санаторый «Ружанскі» Андрэя Каралёва. Але гэта было крыху пазней. Перш чым прыступіць да сур’ёзных пытанняў пасяджэння, яго ўдзельнікам была прапанавана невялікая экскурсія па тэрыторыі санаторыя. Праводзіў яе дырэктар установы Уладзімір Карпечкін. Расказаць аб тым, як тут добра з гаючым паветрам, прыгажосцю, нейкай унутранай раўнавагай, якая адразу настае, калі сюды прыходзіш, на словах немагчыма. Трэба там быць і ўбачыць усё вачыма, адчуць скурай і душой.

Акрамя агляднай экскурсіі па тэрыторыі, мы пабывалі ў рэзідэнцыі беларускай Снягуркі, паслухалі яе невялічкі аповед аб жыцці.
Затым у канцэртнай зале адбылося непасрэдна пасяджэнне камісіі па процідзеянні карупцыі.
Аб арганізацыі такой работы ў ААТ «Санаторый «Ружанскі», «Ружаны-Агра», Ружанскім сельвыканкаме заслухалі даклады Андрэя Каралёва, Андрэя Босака і Аксаны Юркоўскай адпаведна. Старшынствуючы на пасяджэнні першы намеснік старшыні райвыканкама — начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Сяргей Глушко задаваў выступоўцам пытанні.
Па першым пытанні членамі камісіі было прынята адпаведнае рашэнне. Работа па процідзеянні карупцыі ў вышэйназваных арганізацыях прызнана здавальняючай.
Аб выніках аналізу абставін і ўмоў, якія садзейнічалі здзяйсненню карупцыйных злачынстваў, і мерах па іх выдаленні і недапушчэнні парушэнняў заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй ва ўпраўленні капітальнага будаўніцтва (УКБ) Пружанскага раёна дакладваў яго дырэктар Віталій Шыпуль. Па гэтым пытанні таксама было прынята адпаведнае рашэнне. У адным з яго пунктаў рэкамендавана КУП «БрэстАблУКБ» арганізаваць ведамасны кантроль за захаваннем працоўнай і выканаўчай дысцыпліны, забеспячэнні захаванасці і эфектыўнага выкарыстання матэрыяльных рэсурсаў, а таксама захаваннем абмежаванняў, якія ўстаноўлены Законам Рэспублікі Беларусь «Аб барацьбе з карупцыяй» у падначаленых прадпрыемствах. Даведзены шэраг даручэнняў кіраўніцтву Пружанскага УКБ.
Віктар Ільюшчанка
Фота Кацярыны Масік
