Суббота, 18 апреля 2026

В филиале «Отечество» ОАО «Беловежский» началась уборка урожая на силос и зеленый корм

492

Здаецца, не так даўно сустракалі вясну, чакалі прылёту птушак, назіралі за з’яўленнем першых лісточкаў на дрэвах. У сельгаставарыствах аграрыі ва ўсю рыхтаваліся да закладкі зерня яравых культур, той жа кукурузы ў глебу. Усё гэта было, на свае вочы карэспандэнты «раёнкі» на палетку недалёка ад Пружан назіралі за сяўбой «царыцы палёў», якую адным з першых у раёне праводзіў філіял «Айчына» ААТ «Белавежскі». І вось табе маеш, гэтая гаспадарка ўжо дала старт уборцы сельгаскультуры на сілас і зялёны корм! Час праляцеў імгненна, таму спяшаемся зноў наведаць філіял, каб пабачыцца з сельскімі працаўнікамі, падтрымаць іх добрым словам.

Цяпер напрамак памяняўся. Дарога ў чацвер бягучага тыдня пралягла за вёску Смаляніца, дзе поўным ходам пад ужо жаданым цёплым сонейкам убіралі ў гаспадарцы кукурузу. Шпарка па палетку снавалі два корма-ўборачныя камбайны «Ягуар», нават аленя спужнулі, які зайшоў паласавацца спелымі пачаткамі. За дзень Андрэй Несцярук і вопытны механізатар з 33-гадовым стажам Анатоль Чыбук убіраюць да 60 га (план для філіяла — 3633 га). Акуратнасць ва ўсім, уборка без страт. Толькі так будзеш спакойны за кармавую базу буйной рагатай жывёлы на асенне-зімовы перыяд. Восем адзінак тэхнікі дастаткова, каб аператыўна дастаўляць зялёную масу ў траншэі. Пры гэтым няма прастояў, усе заняты справай, толькі падлічвай рэйсы і потым кладзі ў кішэню годную заработную плату. А калі яшчэ смачна пакормяць, то і сіл удвая прыбаўляецца, весялей працуецца!


Канечне, не маглі прамінуць і сам працэс закладкі сіласу на комплексе «Асятніца», тым больш што ён знаходзіўся ў крокавай даступнасці. Абавязковая ўмова перад закладкай корму — унясенне біякансерванта «Энзасіл Фортэ» з разліку 1,5 г сухога рэчыва на тону зялёнай масы непасрэдна падчас уборкі праз дазатар на камбайне. Гэта павышае якасць сіласу, зніжае рызыку яго псавання і паляпшае пажыўныя якасці і пераварванне жывёлай. Трамбоўка — неад’емная частка закладкі корму ў траншэі, якія загадзя ў сельгаставарыстве былі прадэзынфіцыраваны. А яшчэ кожныя дзве гадзіны вымярэнне вільготнасці і тэмпературы ўтрамбаванай масы з занясеннем паказчыкаў у спецыяльны сшытак. Да ўкрывання сіласу плёнкай першая павінна быць на ўзроўні 60-70 %, а другая паказваць 36 градусаў. Калі адзін з гэтых паказчыкаў перавышае норму, работы спыняюцца або даводзіцца пераязджаць на іншы палетак з кукурузай. Вось так, здаецца, што можа быць прасцей — прывёз і ўтаптаў, але на вока тут нічога не зробіш, бо потым давядзецца выкідваць сапсаваны корм, значыць, несці грашовыя страты. Звяртаецца пільная ўвага і на тое, як здробнены пачаткі кукурузы, бо цэлае зерне не пераварваецца ў жывёлы. А пры правільным падыходзе паляпшаецца працэс расчаплення арганічных рэчываў пад уздзеяннем мікраарганізмаў, аблягчаецца трамбоўка сіласу. Так што зусім няправільна сцвярджаць, што ў сельскай гаспадарцы галоўнае — сіла фізічная, бяры лапату і кідае чым далей. Светлая галава, разважлівасць і прытрымліванне вызначаных нормаў — заклад поспеху ў любой галіне эканомікі.

Пабывалі на свежым паветры, пагутарылі з простымі і шчырымі людзьмі. І ўпэўніліся ў чарговы раз: без працавітага вясковага чалавека нам будзе ой як нялёгка пражыць!


Вадзім Раўнейка

Фота Кацярыны Масік