
Напярэдадні Дня ведаў мы звыкла ўшаноўваем настаўнікаў, якія вядуць нашых дзяцей па шляху адкрыццяў да новых ведаў. Але ёсць сярод педагогаў тыя, чыя ціхая, карпатлівая, жыццёва важная праца спачатку застаецца за кадрам. Яны не заўсёды вядуць да школьнай дошкі, напісання кантрольных і здачы экзаменаў, але менавіта гэтыя настаўнікі даюць дзецям самы трывалы падмурак — ключ да зносін і паспяховай будучыні. Гэта — настаўнікі-дэфектолагі.
У дзіцячым садку № 5 ужо 24 гады гэты ціхі «подзвіг» здзяйсняе дзіўны чалавек — Людміла Літвіновіч. Яе працоўнае месца — не зусім звыклы кабінет з люстэркам і дыдактычнымі матэрыяламі. Гэта сапраўдная майстэрня, дзе «рамантуюць» гаворку, «будуюць» гукі і «запальваюць» іскрынкі ўпэўненасці ў вачах асаблівых дзяцей. І ўсё гэта адбываецца з дапамогай гульняў і спецыяльных прыстасаванняў. Сучасная дэфекталогія істотна адрозніваецца ад той, якая была 20-30 гадоў таму. Новыя методыкі пастаноўкі гукаў, засваення пісьмовай мовы дапамагаюць значна хутчэй дасягнуць патрэбных вынікаў.
Свой прафесійны шлях Людміла Васільеўна выбрала невыпадкова. У яе памяці назаўжды застаўся вобраз першай настаўніцы — мудрай, цярплівай, добрай жанчыны. Той, якая не проста вучыла чытаць і пісаць, а бачыла ў кожным асобу, з нейкім асаблівым захапленнем вучыла новаму. Менавіта гэты прыклад запаліў у юнай дзяўчыне жаданне пайсці па шляху сваёй любімай настаўніцы. Але Людміла пайшла яшчэ далей, каб дапамагаць асаблівым дзецям лягчэй спазнаваць навакольны свет.
І вось ужо амаль чвэрць стагоддзя кожны новы дзень настаўніка-дэфектолага пачынаецца з мяккай усмешкі і свайго роду «творчай лабараторыі». Да кожнага дзіцяці ў яе свой ключык, свая методыка і свой індывідуальны падыход. Кагосьці трэба захапіць гульнёй, з кімсьці праявіць цярпенне, калі доўга не ўсё атрымліваецца, а некага абняць і падтрымаць. Людміла Васільеўна не проста спецыяліст — яна дзіцячы псіхолаг, настаўнік, актрыса і праваднік у новы, напоўнены чыстымі гукамі, свет.
— Праца дэфектолага вельмі цікавая. Я зразумела гэта яшчэ на 2 курсе Пінскага педвучылішча, калі праходзілі практыку ў дзіцячым садку. Усе дзеці розныя, але, калі яны бачаць у табе блізкага сябра, самі цягнуцца да ведаў і вельмі імкнуцца, каб усё атрымалася. Яны напаўняюць душу нейкай неверагоднай энергіяй і дзіцячай непасрэднасцю. Ты зараджаешся гэтым і адчуваеш велізарны прыліў сіл — гэта проста неверагоднае адчуванне. Хочацца працаваць яшчэ больш і яшчэ лепш.
Зразумела, што прафесія дэфектолага — не проста выпраўленне гукаў. Гэта складаная, комплексная работа, накіраваная на карэкцыю ўсяго псіхічнага развіцця дзіцяці. Людміла Васільеўна падкрэслівае, калі ў малых ёсць парушэнні, яны замыкаюцца, адстаюць ад аднагодкаў, а ў будучыні не змогуць у поўным аб’ёме асвоіць школьную праграму. Нормай лічыцца, калі правільная мова сфарміравана да 7 гадоў. У асабліва складаных выпадках можа быць і больш. Але чым раней яны навучацца «чыста» гаварыць, тым прасцей ім будзе вучыцца і хутчэй пазбавіцца ад комплексу «я не такі».
Людміла Васільеўна — менавіта той спецыяліст, які дапамагае прадухіліць гэтыя праблемы. У яе групе 12-ць асаблівых дзяцей, і з многімі яна займаецца па індывідуальнай праграме. На падгрупавых занятках ідзе планамерная работа над развіццём маўлення, падрыхтоўкай да навучання грамаце, над элементарнымі матэматычнымі ўяўленнямі. А самае галоўнае — настаўнік-дэфектолаг усяляе ў дзяцей упэўненасць. Малыя, якія раней баяліся адкрыць рот з-за насмешак, пачынаюць гаварыць чыста і прыгожа. Перастаюць саромецца, актыўна ўдзельнічаюць у гульнях, ранішніках, а потым упэўнена сядаюць за парту ў звычайнай школе.
Важным этапам у навучанні з’яўляецца ўзаемадзеянне з бацькамі, якія на этапе развіцця мовы свайго дзіцяці павінны актыўна ўключацца ў адукацыйны працэс. І дзеці, бачачы старанні настаўніка і бацькоў, пачынаюць іх ва ўсім пераймаць, разам паўтараць пройдзены матэрыял, распрацоўваць артыкуляцыю і разам радавацца маленькім поспехам, голасна выкрыкваючы — у мяне ўсё атрымалася!
— Я вельмі добра памятаю аднаго хлопчыка, выпускніка нашага сада Арцёма Мацеюка. У гэтым годзе ён скончыў Брэсцкую гімназію з залатым медалём, нягледзячы на тое, што ў раннім дзяцінстве ў яго былі сур’ёзныя праблемы з мовай. Ён прыйшоў да нас, практычна не размаўляючы, але, дзякуючы нашым агульным намаганням, зараз маем вось такі цудоўны вынік. І такіх дзяцей шмат. Сёння ён студэнт Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта. І гэта добры прыклад для бацькоў, што праблемы з мовай — не прыгавор, а толькі часовыя цяжкасці, якія мы разам у сілах пераадолець.
Шматгадовы вопыт Людмілы Васільеўны — дзясяткі гісторый поспеху. Гэта дзеці, якія, дзякуючы яе рабоце, цярпенню і любові да прафесіі, не проста «дагналі» аднагодкаў, а дамагліся значных поспехаў у вучобе, спорце, творчасці і проста сталі добрымі людзьмі. Для многіх выпускнікоў яе падтрымка стала тым трамплінам, які дазволіў паверыць у сябе, знайсці сваё месца ў жыцці.
Ірына Велясевіч
Фота Кацярыны Масік
