Среда, 15 января 2025

Ужо добрая традыцыя! У 12-ы раз у Пружанах правялі інклюзіўны фестываль «#Отличное детство» (+многа фота)

266

У календары дзяржаўных і прафесійных свят ёсць адна асаблівая дата. Яна прысвечана людзям, чые фізічныя магчымасці абмежаваны. Размова ідзе пра Дзень інвалідаў Рэспублікі Беларусь, які ў нашай краіне штогод адзначаюць 3 снежня.

У Беларусі пражывае паўмільёна людзей з інваліднасцю, з іх прыкладна 40 тысяч — гэта дзеці, якім патрэбны дадатковая павышаная ўвага, пяшчота і клопат.

Інклюзіўны фестываль «#Отличное детство» праводзіцца ў нашым горадзе ўжо 12-ы раз у Міжнародны дзень інвалідаў. Арганізатар фестывалю — Пружанскі раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. У 2013 годзе ў гарадскім Палацы культуры адбыўся першы фестываль пад назвай «Дзяцінства без межаў», праз 10 гадоў ён змяніў сваю назву на «#Отличное детство». Сёлета больш за 100 дзяцей-артыстаў з 12 устаноў адукацыі падарылі радасць гледачам і гасцям свята сваімі інклюзіўнымі нумарамі.

Геаграфія фестывалю значна пашырылася, і на гэты раз у ім прынялі ўдзел таленавітыя дзеці з Бярозы, Камянца і Антопаля. Асаблівасцю фестывалю стаў відэанумар маленькіх артыстаў, які быў дасланы з Расійскай Федэрацыі. Гэта яшчэ раз падкрэслівае, што свет «#Отличного детства» не мае межаў і ўпершыню ўдзельнікамі фестывалю сталі хлопчыкі і дзяўчынкі з далёкага паўночнага горада Магадана, хоць і завочна.

— Назва фестывалю — гэта не проста словы. У іх закладзены глыбокі сэнс, праява шчодрасці, міласэрнасці, спагады да асаблівых дзяцей. Яны таксама хочуць радавацца, атрымліваць падарункі, усміхацца новаму дню і адчуваць сябе нароўні з усімі. А наша задача — дапамагаць ім не толькі адаптавацца ў грамадстве, але і звярнуць увагу навакольных, што яны такія ж, як і мы, умеюць гэтаксама плакаць і шчыра смяяцца. Выхаванне гуманнага, паважлівага стаўлення да такіх дзяцей, іх прыняцця і прызнання як паўнацэнных членаў грамадства сёння ў прыярытэце, — падкрэсліла дырэктар раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Наталля Красевіч.

У холе Палаца культуры спецыялісты аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі падрыхтавалі для выхаванцаў карэкцыйных цэнтраў забаўляльна-гульнявую праграму «Пакажы мне свой свет». Радасны настрой падарылі дзецям не толькі вясёлыя конкурсы і заданні, але і прыемныя сюрпрызы. Салодкія падарункі атрымалі ўсе ўдзельнікі фестывалю.

З прывітальным словам да яго ўдзельнікаў звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч, які адзначыў важнасць і значнасць правядзення такіх мерапрыемстваў, а таксама падкрэсліў, што дзяцінства ва ўсіх адно і для ўсіх без выключэння павінна быць шчаслівым.

Трэба сказаць, што дзеці з абмежаванымі магчымасцямі вельмі таленавітыя, і ў гэтым мы самі пераканаліся. Для ўсіх прысутных педагогі разам са сваімі выхаванцамі падрыхтавалі цудоўны святочны канцэрт, падарыўшы яшчэ больш цяпла і душэўнасці ў гэты зімовы дзень. Гледачы не хавалі сваіх эмоцый і дружна падтрымлівалі выканаўцаў музычных і творчых нумароў бурнымі апладысментамі. Мерапрыемства атрымалася яркім і насычаным, удзельнікі раскрылі свой вялікі ўнутраны свет, для якога няма межаў.

У фінале святочнай праграмы начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Аляксандр Момлік сардэчна падзякаваў усім, хто робіць вялікую справу — дапамагае тым, хто мае ў гэтым патрэбу. А таксама выказаў цёплыя словы падтрымкі і ўдзячнасці ў адрас усіх педагогаў і выхавальнікаў за іх цярпенне і працу, за бязмежную любоў да сваёй справы, вялізны талент, уменне дарыць радасць і любоў «асаблівым» дзецям.

Пружанскі раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі выказвае вялікую падзяку спонсарам, якія дапамагаюць ажыццявіць іх задумкі і пачынанні, падарыць кожнаму дзіцяці часцінку шчасця і цяпла: ААТ «Пружанскі малочны камбінат», ААТ «Жураўлінае», фермерскай гаспадарцы ў асобе Васіля Васільевіча Пянко, Брэсцкаму гарадскому аддзяленню ГА «Беларускі фонд міру».

Сацыяльная падтрымка інвалідаў у нашай краіне вядзецца на дзяржаўным узроўні. Гэта яшчэ адно сведчанне ўважлівага стаўлення да людзей, чыё жыццё склалася крыху інакш. Аднак добрых спраў шмат не бывае. Галоўнымі для дзетак застаюцца ўвага і клопат, шчырыя размовы і душэўная цеплыня, якімі кожны з нас можа падзяліцца. Вельмі хочацца, каб дзеці з абмежаванымі магчымасцямі кожны дзень станавіліся больш шчаслівымі.

Ірына Велясевіч

Фота аўтара

Больш фота ў альбомах: https://vk.com/album-23306785_305196094 і https://ok.ru/budni/album/985785555080