Суббота, 18 апреля 2026

Стралой – па жыцці. А па сумленні?

604

Жорсткімі людзі не нараджаюцца, іх такімі робіць выхаванне, жыццё, нейкія абставіны.
Нехта са мной можа паспрачацца, маўляў, гены пальцам не сатрэш. Былі бацькі недарэчнымі, такія і нашчадкі атрымаліся. Доля праўды ў гэтым ёсць. Аднак толькі ў тым выпадку, калі дзеці жылі з гэтымі недарэкамі разам. Калі ж сапраўдным выхаваннем займаліся добрыя людзі, то і адсотак пашкоджанага коду будзе невялікі.
Не ведаю, дзе выхоўваўся той нелюдзь, з наступствамі дзеяння якога нядаўна сутыкнуліся неабыякавыя людзі.

Бяздушнасць, ці першабытныя інстынкты
У рэдакцыю звярнулася наша пастаянная падпісчыца і чытачка Марыя, якая расказала пра абуральны выпадак людской жорсткасці. У адзін са жнівеньскіх дзён каля ветстанцыі бегаў кот, цела якога было прабіта стралой ад арбалета. Жывёла енчыла ад болю, намагалася знайсці нейкі паратунак. Па словах Марыі, хутчэй за ўсё, кот у такім стане правёў больш за суткі. Хто так паздзекваўся з жывой істоты, вызначыць следства. Спадзяёмся, што злачынца панясе адпаведнае пакаранне. Я ж, у сваю чаргу, да чорнага боку адношу не толькі гэтага «паляўнічага», але і тых, хто бярэ, як цацку, кацяня альбо шчаня, цешыцца з ім, пакуль малое, а пасля, як надакучыць, выкідвае на вольныя хлябы, маўляў, не прападзе, як-небудзь пракорміцца. І павялічваецца колькасць бяздомных жывёл, якія засяляюць вуліцы, двары, могуць рабіць напад на прахожых, бо ўзлаваныя на людзей, іх бяздушнасць.

Пашанцавала хвастатаму
Нашаму кацейку, які пакутаваў ад чэрствасці людской, пашанцавала, ён прыйшоў не абы- куды, а да ветэрынарнай станцыі. Быццам бы жывёліна ведала, што тут акажуць дапамогу. Кот быў так напужаны і цярпеў такі боль, што не адразу даўся ў рукі сваім дабрадзеям. Пружанскія ветэрынары змаглі выняць стралу з цела пакутніка і перадаць яе супрацоўніку Пружанскага аддзела ўнутраных спраў для магчымага выяўлення адбіткаў пальцаў. Марыя даставіла жывёліну ў Брэст на рэнтген і далейшае прызначэнне лячэння. Кот, як кажуць, нарадзіўся ў сарочцы, яму пашанцавала. Па выніках праведзенага рэнтгену было выяўлена, што жыццёва важныя органы не пашкоджаны, косткі цэлыя. Трэба аддаць даніну павагі ўрачу Пружанскай ветстанцыі, якая не толькі аказала першую дапамогу, але і аплаціла ўсе маніпуляцыі, якія пасля праводзіліся ў Брэсцкай ветклініцы. Зараз кот праходзіць працяглае лячэнне ў нашай ветстанцыі.


Як бачыце, свет складаецца ў большасці сваёй з добрых людзей, якія не пройдуць міма не толькі людской бяды, але —любой жывой істоце. Гэтаму ж трэба вучыць і нашых дзяцей, каб яны пасля не пераўтвараліся ў пачвар, якім нічога не перашкодзіць стварыць злачынства.


Паважаныя, заставайцеся людзьмі пры любых жыццёвых абставінах!

Аўтарская рубрыка
Віктара Ільюшчанкі